25 красавiка 2024, Чацвер, 19:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Данія пабудуе выспу ў Паўночным моры, каб перастаць выкарыстоўваць нафту і газ

4
Данія пабудуе выспу ў Паўночным моры, каб перастаць выкарыстоўваць нафту і газ

Ідэю падтрымалі дацкія палітыкі ўсіх кірункаў.

Дацкі ўрад даў зялёнае святло будаўніцтву ў Паўночным моры вялізнай штучнай выспы. На плошчы, роўнай 18 футбольным палям (120 тысяч квадратных метраў), размесцяцца 200 ветравых генератараў, здольных забяспечыць электраэнэргіяй тры мільёны хатніх гаспадарак, паведамляе BBC.

Гэта найбуйнейшы будаўнічы праект у гісторыі Даніі, ацэнены на 34 млрд даляраў.

Востраў будзе належаць напалову дзяржаве, напалову прыватнаму сектару.

У будучыні яго памер можа павялічыцца ўтрая.

Мяркуецца, што востраў будзе забяспечваць электрычнасцю і суседнія краіны.

Іх спіс пакуль не абвяшчаецца, але прафесар Якаб Остэргард з Тэхнічнага ўніверсітэта Даніі ў інтэрв'ю назваў магчымымі партнёрамі Вялікую Брытанію, Нямеччыну і Нідэрланды.

Велізарная ветравая электрастанцыя будзе таксама выпрацоўваць вадарод для выкарыстання ў прамысловасці і на транспарце.

Паводле прынятага ў Даніі Акту аб клімаце, краіна збіраецца ў найбліжэйшыя 10 гадоў скараціць выкіды парніковых газаў на 70% у параўнанні з 1990 годам, а да 2050 года поўнасцю выйсці на нулявы ўзровень выкідаў парніковых газаў.

У снежні мінулага года Капенгаген абвясціў аб спыненні выведкі нафты і газу ў частцы дна Паўночнага мора, якая належыць яму.

Са слоў міністра энэргетыкі Дана Ёргенса, краіна мяняе прыярытэты.

«Гэта гіганцкі праект, - заявіў прафесар Остэргард. - Гэта новы крок у развіцці дацкай ветраэнэргетыкі. Мы пачалі з ўсталявання ветракоў на сушы, потым на прыбярэжным плыткаводдзе, цяпер на штучных выспах. Данія будзе сусветным лідарам у гэтай галіне».

Ідэю падтрымалі дацкія палітыкі ўсіх кірункаў.

Тое, што пачыналася як фантазія, цяпер увасабляецца ў жыццё, сказаў былы міністр энэргетыкі Даніі Расмус Хельвег Пэтэрсан з Сацыяльна-ліберальнай партыі.

Экалагічная група Dansk Energi вітала «пачатак увасаблення мары», але выказала сумнеў у тым, што востраў будзе гатовы да 2033 года, як запланавана.

Ля берагоў выспы Борнхольм на Балтыцы, на ўсход ад мацерыковай Даніі, намечана пабудаваць яшчэ адзін падобны востраў, але меншага памеру. Ужо падпісаныя пагадненні, згодна з якімі энэргія з яго пойдзе ў Нямеччыну, Бельгію і Нідэрланды.

У мінулым лістападзе Еўразвяз абвясціў план нарасціць вытворчасць электраэнэргіі на ўсталяваных ля мора ветраках у пяць разоў да 2030 года і ў 25 разоў да 2050.

Трэцяя частка энэргетычных патрэбаў ЕЗ ужо кампенсуецца за кошт аднаўляльных крыніц.

Сумарная магутнасць ветраных генератараў марскога базавання ў краінах Еўразвязу складае 12 гігаваты, з іх на Данію прыпадае 1,7 гігавата. Востраў у Паўночным моры разлічаны на тры гігаваты, востраў ля Борнхольма - на два гігаваты.

Дакладнае месца, дзе размесціцца вялікі востраў, пакуль не названае. Вядомая толькі прыкладныя адлегласць ад берага - 80 км.

Дацкая тэлевізія паведаміла, што дзяржаўнае агенцтва энэргетыкі папярэдне выбрала два пункты на захад ад паўвострава Ютландыя і што ў абодвух месцах глыбіня мора складае 26-27 метраў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках