19 красавiка 2024, Пятніца, 0:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Велізарны ціск на ўлады захаваецца, яго адчуваюць і чыноўнікі, і праваахоўнікі»

5
«Велізарны ціск на ўлады захаваецца, яго адчуваюць і чыноўнікі, і праваахоўнікі»
ФОТА: «НАША НІВА»

Беларускі народ не дапусціць ператварэнне краіны ў failedstate.

Дзе Беларусь будзе браць грошы ў 2021 годзе, а галоўнае, хто іх будзе даваць? Бо, як паказвае досвед апошніх дзесяцігоддзяў, галоўнае вынаходства беларускай эканамічнай мадэлі - атрыманне крэдытаў. Сваім меркаваннем на гэты конт з газетай «Беларусы і рынак» падзяліўся старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафзвязаў Аляксандр Ярашук.

- У мінулым годзе адбыўся спад беларускай эканомікі, разагналася інфляцыя, павялічылася колькасць стратных прадпрыемстваў. Але калапсу эканомікі найбліжэйшым часам баяцца не варта, яна яшчэ мае рэсурсы для функцыянавання. Аднак можна казаць пра тэндэнцыі, якая відавочная ўжо цэлы дзесятак гадоў: няўхільнае пагаршэнне вынікаў дзейнасці эканомікі, адсутнасць здаровага росту, дастатковага аб'ёму інвестыцый, канкурэнтнага асяроддзя. Мы не бачым аніякіх перспектыў, бо ніякіх захадаў, якія маглі б выправіць гэтую сітуацыю, дзяржава не рабіла і, мяркуючы з выступу Аляксандра Лукашэнкі на УНС, рабіць не мерыцца. Трэба прыняць цэлы шэраг пастаноў для паляпшэння сітуацыі, але яны не прымаюцца, усё ідзе інэрцыйна, паводле прынцыпу «дзень прастаяць і ноч пратрымацца».

Чарговы раз беларускія ўлады звяртаюцца па дапамогу да Расеі. У верасні было абвешчана, што Беларусь атрымае 1,5 млрд даляраў крэдыту, але назіральнікі сышліся ў меркаванні, што гэта толькі на некалькі месяцаў адцягвае неўнікнёны дэфолт. Цяпер ідзе гаворка пра тое, каб прасець у Расеі 3-3,5 млрд даляраў. Цяжка прагназаваць, чым скончыцца наступная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. На маю думку, Расея не адмовіць Аляксандру Лукашэнку ў дапамозе і падтрымцы, гэта цяпер не ў інтарэсах Расеі. Цяпер яна зацікаўленая падтрымаць Лукашэнку, што і паказала ў верасні мінулага года.

Але, з іншага боку, тры мільярды Лукашэнку ніхто не дасць. Першая прычына: у Расеі цяпер у самой не бліскучае эканамічнае становішча. Надоечы Уладзімір Пуцін паведаміў аб скарачэнні даходаў расейцаў і прызнаў, што гэта магло быць прычынай масавых пратэставых акцый, якія прайшлі па ўсёй Расеі: «Ва ўсіх краінах свету, у тым ліку ў нас, у людзей назапашваецца стомленасць, раздражненне, узнікае незадаволенасць у тым ліку ў дачыненні да варункаў, у якіх яны жывуць, узроўню даходаў». Цалкам відавочна: каб збіць хвалю пратэстаў, ён мае палепшыць матэрыяльнае становішча насамперш расейцаў, а не жыхароў Беларусі.

Акрамя таго, ёсць прычына, якую я ўважаю нават за важнейшую. Цяпер Расея не зацікаўленая браць на поўнае забеспячэнне беларускія ўлады, якія ўжо цалкам збанкрутавалі, у тым ліку са сваёй эканамічнай палітыкай. Але Расея зацікаўленая трымаць Беларусь на кароткім ланцужку, то бокі памерці не даць, і не дапусціць эканамічнага росту на падставе сваіх фінансавых уліванняў, але не таму, што гэты рост будзе нездаровым. Як кот з мышкай гуляе, не забіваючы яе, а трымаючы у прыдушаным стане, так і эканоміку Беларусі будуць трымаць у прыдушаным стане. У Расеі ўжо разумеюць: дай беларускай эканоміцы магчымасць узняць галаву, як тут жа пачнуцца гульні ў «шматвектарнасць», пойдуць звыклыя дзеянні – заляцанні да Захаду, торг і пагрозы «сысці ў Еўропу».

Расея зрабіла высновы і дасць невялікую і недастатковую дапамогу, магчыма, 1-1,5 млрд даляраў. Грошай дадуць, але ніяк не тры мільярды, і беларускую эканоміку і ўсю сістэму, пабудаваную за дзесяцігоддзі, гэта ніяк не ўратуе. Гэтая сума не задаволіць запыты беларускіх улад.

Залежнасць Беларусі ад Расеі значна ўзрасце. Хоць цяпер эканоміка Беларусі і самадастатковая, але тэндэнцыя такая, што чым далей, тым больш Беларусь будзе ператварацца ў failedstate. Мы гэта бачым і ў дачыненні да бізнэсу, і па тых пагроз, якія прагучалі на Усебеларускім народным сходзе. Калі нічога не зменіцца, Беларусь стане нейкім падабенствам ДНР і ЛНР, якія не маюць уласнай міжнароднай суб'ектнасці і цалкам залежаць ад расейскага фінансавання.

Але не варта забываць пра тое, што ў краіне ёсць яшчэ адзін суб'ект палітыкі - беларускі народ, які вельмі магутна заявіў пра сябе і свае прэтэнзіі да ўлады. Бо нават цяпер з боку беларускай грамадзянскай супольнасці ідзе ціск на ўладу, пераважная большасць насельніцтва не згодная з тым, што цяпер адбываецца ў краіне, і патрабуе змен. Ужо не так важна, ці працягнуцца ўвесну масавыя акцыі пратэсту. Велізарны ціск на ўлады захаваецца, яго адчуваюць і чыноўнікі, і праваахоўнікі, і не думаю, што беларускі народ дапусціць ператварэнне краіны ў failedstate.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках