29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як маглі б выглядаць айцы-заснавальнікі БНР

5
Як маглі б выглядаць айцы-заснавальнікі БНР
НАРОДНЫ САКРАТАРЫЯТ БНР (НЯПОЎНЫ СКЛАД). ЗЛЕВА НАПРАВА: СЯДЗЯЦЬ - А. БУРБІС, Я. СЕРАДА, Я. ВАРОНКА, В. ЗАХАРКА. СТАЯЦЬ - А.СМОЛІЧ, П. КРЫЧЭЎСКІ, К. ЕЗАВІТАЎ, А. АЎСЯНІК, Л. ЗАЯЦ. МЕНСК
ФОТА: BELSAT.EU

Сучасныя тэхналогіі ажывілі фотаздымкі

Дзякуй сучасным тэхналогіям! Яны дазваляюць пабачыць, як усміхаліся, міргалі і нават размаўлялі тыя асобы, якіх мы раней маглі бачыць выключна на здымках у падручніках. Belsat.eu скарыстаўся сэрвісам «Deep Nostalgia», які ажыўляе здымкі. І цяпер вы можаце паглядзець на некаторых айцоў – заснавальнікаў БНР. Атрымаліся як жывыя!

Браніслаў Тарашкевіч

Гэты інтэлігентны мужчына ў акулярах і з сумным позіркам – Браніслаў Тарашкевіч. Найбольш вядомае ягонае дасягненне – «тарашкевіца», адзін з правапісаў беларускай мовы. Таксама ён перакладаў на беларускую мову Гамэра і Міцкевіча. Спрычыніўся да падпісання Трэцяй Устаўной граматы, якая абвяшчала незалежнасць БНР. Стаяў на пазіцыях поўнай незалежнасці Беларусі.

Жыццё гэтага выбітнага дзеяча скончылася даволі трагічна. Праз сваю камуністычную дзейнасць быў асуджаны ў Польшчы, але ў 1933 годзе быў выменяны на Францішка Аляхновіча ў СССР. Афіцыйная версія сцвярджае, што Тарашкевіча расстралялі 29 кастрычніка 1938 года, аднак некаторыя даследчыкі мяркуюць, што ён загінуў ад доўгіх катаванняў.

Антон Луцкевіч

А гэтага сур’ёзнага мужчыну можна справядліва назваць айцом сучаснай беларускай журналістыкі. Антон Луцкевіч стаяў на чале беларускамоўнай газеты «Гоман». Найбольш часта ягонае імя звязваюць з газетаю «Наша Ніва». Менавіта Луцкевіч аднавіў яе выхад і быў сябрам рэдакцыі найстарэйшай беларускай газеты.

Антон Луцкевіч стаў аўтарам і ініцыятарам абвяшчэння Трэцяй Устаўной граматы. Таксама быў міністрам замежных справаў БНР і старшынём Рады Міністраў БНР. Да пачатку II сусветнай вайны жыў у Вільні (тады – Польшча), а ў 1939 годзе быў арыштаваны савецкімі ўладамі. Загінуў ва ўральскім горадзе Аткарску.

Станіслаў Булак-Балаховіч

Суворы і адважны позірк, высокі рост, грудзі ў ардэнах – так і мусіць выглядаць сапраўдны вайсковец. Станіслаў Булак-Балаховіч прайшоў шмат войнаў. Змагаўся ў I сусветнай вайне ў войску Расейскай імперыі, потым – у грамадзянскай вайне на баку чырвоных, а затым белых. Нават адзначыўся ў змаганні за незалежнасць Гішпаніі.

Менавіта ён кіраваў беларускім войскам, праўда, на тэрыторыі Эстоніі і Латвіі.

Кіпрыян Кандратовіч

Яшчэ адзін слынны вайсковец беларускага нацыянальнага руху – Кіпрыян Кандратовіч. Сваю карʼеру ён пачынаў яшчэ падчас расейска-турэцкай вайны. Вялікі прарыў зрабіў падчас расейска-японскай. У 1910 годзе атрымаў званне генерала – на той момант найвышэйшае ў расейскай арміі.

У 1917 годзе ўключыўся ў працэс стварэння БНР, а з 25 красавіка 1918 быў міністрам абароны першай беларускай нацыянальнай дзяржавы. Але, на жаль, са стварэннем беларускага прафесійнага войска былі праблемы – перадусім не ставала грошай. Аднак Кандратовіч не пакідаў мараў пра незалежную беларускую дзяржаву.

Клаўдзій Дуж-Душэўскі

Дзякуючы гэтаму маладому мужчыну з лёгкаю ўсмешкаю на твары беларусы маюць свой уласны нацыянальны сцяг. Хоць напачатку жыцця Клаўдзія цяжка было б прадказаць, з чым ён увойдзе ў беларускую гісторыю. Разам з бацькам ён займаўся будаўніцтвам, а потым і інжынерыяй. Але падчас навучання ва ўніверсітэце далучыўся да беларускага нацыянальнага руху. Рэпрэзентоўваў урад БНР у краінах Балтыі.

А бел-чырвона-белы сцяг ён стварыў на падставе гістарычных сведчанняў і колераў народных строяў ды арнаментаў.

Раман Скірмунт

Сапраўдны шляхціц Раман Скірмунт ужо ў 15 гадоў мусіў утрымліваць усю сямʼю, а таксама панскі маёнтак. Неблагі досвед у менеджменце! З пачатку XX стагоддзя спадар Скірмунт актыўна ўдзельнічаў у беларускім народным руху на розных яго ўзроўнях. Але пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года Раман Скірмунт быў сярод ініцыятараў рэзалюцыі Вялікай беларускай рады ў справе падпісання міру паміж Расеяй ды Нямеччынай і злучэння разам усіх беларускіх зямель пад уладай Расеі.

Праўда, потым ён увайшоў у раду БНР і нават стаў прэмʼерам ураду Беларускай Народнай Рэспублікі. А пазней у сваёй дыпламатычнай дзейнасці дамагаўся незалежнасці Беларусі.

Янка Серада

Сурʼёзны мужчына на відэа – Янка Серада, першы кіраўнік ураду БНР. Пачынаючы карʼеру як ветэрынар, у 1917 годзе Серада далучыўся да беларускага руху. І атрымлівалася ў яго гэта вельмі паспяхова. Ён быў абраны першым сакратаром рады БНР. Менавіта пад ягоным кіраўніцтвам была абвешчаная Трэцяя Устаўнага грамата, але ў 1918 годзе нешта пайшло не так, і яго знялі з пасады народнага сакратара замежных справаў, абвінаваціўшы ў супольных з Менскім губернскім земствам дзеяннях, не карысных для Рады Рэспублікі.

Язэп Лёсік

Мужчына, якога можна ўбачыць на гэтым здымку, – не толькі кіраўнік 2-й Рады БНР, але і дзядзька Якуба Коласа. Першы пераслед за сваю грамадскую пазіцыю спазнаў яшчэ напачатку XX стагоддзя. Ён быў арыштаваны ў 1905 годзе і сасланы ў ноўгарад-северскую турму. У 1911 годзе Язэпа Лёсіка ізноў арыштавалі, гэтым разам саслаўшы ў турму ў Іркуцк.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі вярнуўся ў Беларусь. Адзін з ініцыятараў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года. У 1918 годзе, у часе функцыянавання структураў БНР пад нямецкай акупацыяй, ён падтрымаў развіццё беларускай асветы. А 14 траўня 1918 года быў абраны кіраўніком БНР. Праўда, пасля акупацыі часткі Беларусі савецкімі войскамі прызнаў савецкую ўладу. У 1930 годзе быў арыштаваны, памёр у няволі пры невядомых акалічнасцях.

Вацлаў Ластоўскі

Дзякуючы Вацлаву Ластоўскаму ўжо не адно пакаленне беларусаў вывучыла гісторыю роднага краю. Ягоная праца «Кароткая гісторыя Беларусі» – гэта першая спроба паказаць гісторыю Вялікага Княства Літоўскага з беларускай перспектывы. Апроч гістарычнай працы Ластоўскі займаўся журналістыкай – быў шчыльна звязаны з рэдакцыямі «Нашай Нівы», «Сахі», «Гоману».

Вацлаў Ластоўскі – аўтар мемарандуму, які адстойваў права беларусаў на самавызначэнне. Таксама прысутнічаў пры абвяшчэнні незалежнасці БНР. Жыццё гэтага выбітнага чалавека скончылася трагічна – быў арыштаваны ў жніўні 1937 года, а ў 1938 годзе рассталяны.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках