25 красавiка 2024, Чацвер, 20:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мы вінныя ім перамогу

13
Мы вінныя ім перамогу
ІРЫНА ХАЛІП

Самы час гэтую пазычку вярнуць

Учора Ігару Лосіку выставілі новае абвінавачванне. А напярэдадні ён даслаў з СІЗА дужа сумны ліст. Ігар піша, што стаміўся чакаць і спадзявацца на добрае, калі на працягу васьмі месяцаў кожны тыдзень становіцца ўсё горш. Ён піша, што няма сіл, што ўсе намаганні былі марныя і нічога не зменіцца.

Здзівіла рэакцыя на ліст у сацыяльных сетках. Адны меркавалі, што Ігара прымусілі напісаць такое пад руляй пісталета. Іншыя - што гэта наогул не Лосік напісаў. Трэція - што яго зламалі. Чацвёртыя раілі сваякам перадаць Ігару ў турму «Фенібут».

На шчасце, былі і пятыя - тыя, хто зразумеў, што Ігар Лосік, як кожны палітвязень, мае поўнае права на адчай, дэпрэсію, пачуццё адзіноты і безнадзейнасці. Ігар быў арыштаваны яшчэ ў чэрвені і не ўбачыў статысячных маршаў і бел-чырвона-белых сцягоў на шматпавярховіках, не адчуў чужы локаць у счэпцы, не пачуў «Перамен!» з кожнага акна. І людзей з яго партрэтамі ва ўсіх раёнах і дварах, якія падтрымлівалі яго падчас галадоўкі, таксама не ўбачыў. Галадоўку Ігар, дарэчы, трымаў 41 дзень, а выхад з яе заўсёды цяжкі і доўгі.

У лютым, калі Ігар Лосік спыніў галадоўку, ён пісаў жонцы, што цяпер упэўнены: усё атрымаецца. Зараз піша, што не атрымаецца нічога. І надзея, і апраметная безнадзейнасць у лістах палітвязняў - гэта цалкам нармальна. У турме эйфарыя і адчай змяняюць адзін аднаго вельмі хутка, гэта ведае кожны, хто сядзеў. Сёння табе прынеслі лісты ад родных і сяброў - і ты шчаслівы. Здаецца, што яшчэ дзень-два - і выйдзеш на волю. А потым некалькі тыдняў наогул не прыносяць лісты, не даюць кнігі, не пускаюць адваката - і пачынае здавацца, што ты адзін у халодным Сусвеце пачатку часу. Ці ўвогуле - што свет засяляюць толькі наглядчыкі. Акурат час кінуцца ў адчай і напісаць у лісце, што больш нічога добрага не чакаеш. А потым прыйшлі лісты, або сукамернік выйшаў на волю, або на шпацыры ў турэмным дворыку злавіў сонечны прамень праз краты - і зноў разумееш, што неўзабаве выйдзеш, што дабро перамагае зло і што зло мізарнее на вачах, выклікаючы смех, а не страх.

У кожным выпадку, ёсць адна важная рэч, якую мы ўсе павінны прыняць як аксіёму: палітвязні нам нічога не вінныя. Мы падсвядома чакаем ад іх бадзёрых, натхняльных лістоў і заяў, чакаем ухвалення нашых дзеянняў, чакаем ад іх псіхатэрапеўтычных сеансаў і пасланняў карынфянаў. Мы не разумеем, што тым самым пачынаем выстаўляць ім патрабаванні. А ў нас няма такога права. Як толькі за чалавекам зачыніліся дзверы турэмнай камеры - усё, больш ён нікому нічога не вінен. Затое мы з гэтага моманту – яму вінныя. І гэта мы абавязаны пісаць яму аптымістычныя лісты, а зусім не ён нам. Гэта наш клопат - дапамагаць ягонай сям'і, распаўсюджваць інфармацыю пра яго, выходзіць з яго партрэтам. Як мінімум - хоць бы запомніць яго прозвішча. Апошняе, дарэчы, абавязкова. Прынцып «сядзем - зраўняемся» - безумоўны. Мікалай Статкевіч, які аддаў супраціву чвэрць стагоддзя і адсядзеў агулам восем гадоў, і Віктар Бабарыка, які наогул ніколі ў пратэстах не ўдзельнічаў, зусім роўныя палітвязні. Сапраўды гэтак жа, як і тысячы іншых палітвязняў - ад ветэрана супраціву Паўла Севярынца да хлопчыка і дзяўчынкі, якія напісалі на асфальце «не забудзем». Мы - ім вінныя. Наш абавязак нематэрыяльны, але вялікі: мы вінныя ім перамогу. Толькі з ёй мы зможам вызваліць іх.

А ўсё астатняе - ужо на меркаванне кожнага. Мая сяброўка, да прыкладу, наогул не піша палітвязням патэтычных слоў падтрымкі. Яна кажа: «Ну навошта я буду пісаць чалавеку ў турме «дарагі сябар, ты герой, мы цябе ніколі не забудзем!»? Ужо лепш я паспрабую яго развесяліць». Яна знаходзіць смешныя і дасціпныя стэндап-маналогі, канспектуе іх і адпраўляе палітвязням, каб тыя маглі пасмяяцца. Прыяцель малюе смешныя малюнкі. Знаёмая адпраўляе грашовыя пералічэнні адразу дзесяці палітвязням - па рублю, затое кожны тыдзень, перадаючы такім чынам пастаянныя прывітанні і не баючыся турэмнай цэнзуры. Увогуле, магчымасцяў поўна - з нашай вынаходлівасцю, якой з мінулага лета захапляецца свет.

А Ігар Лосік учора абвясціў новую галадоўку на знак пратэсту. На гэты раз - сухую. Па-мойму, самы час вяртаць палітвязням тое, што мы ім вінныя. Перамогу.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках