24 красавiка 2024, Серада, 16:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Ажароўскі: Мінэнэрга ўтойвае ад беларусаў важную інфармацыю аб БелАЭС

23
Андрэй Ажароўскі: Мінэнэрга ўтойвае ад беларусаў важную інфармацыю аб БелАЭС
АНДРЭЙ АЖАРОЎСКІ
ФОТА: RFE/RL

Чаму так часта адключаецца першы энэргаблок?

На днях Міністэрства энэргетыкі Беларусі паведаміла ў сваім тэлеграм-канале аб чарговым планавым выключэнні першага блока Беларускай атамнай электрастанцыі. Сайт Chater97.org пагаварыў з вядомым расейскім фізікам-ядзершчыкам Андрэем Ажароўскім аб гэтай сітуацыі.

– БелАЭС ужо каторым разам адключаюць ад сеткі. Нядаўна адключылі першы энэргаблок, які толькі ўключылі 8 сакавіка. Улады тлумачаць гэта «планавым выкананнем рэгламентных работ». Ці з'яўляецца такая колькасць адключэнняў нармальнай і ці варта беларусам баяцца БелАЭС?

- Пачнём з таго, што ўсякую АЭС трэба баяцца, бо гэта ядзерны і радыяцыйна небяспечны аб'ект. Што б хто ні казаў, усякая электрастанцыя, усякі рэактар, нават даследчы - небяспечныя. Яны могуць прывесці як да выкіду радыенуклідаў, так і да выбуху, як мы бачылі падчас Чарнобыльскай аварыі, таму баяцца трэба.

Я бачыў выдатны допіс у тэлеграм-канале вашага Мінэнэрга, я б хацеў яго пракаментаваць. Беларускія атамшчыкі нечаму вучацца з пункту гледжання піяру. Калі раней яны нічога не пісалі пра адключэнне, то цяпер яны загадзя пра гэта сказалі, таму можна выказаць здагадку, што гэтым разам не зманілі і адключэнне было планавае.

Названая прычына, цытую: «Для правядзення даследаванняў ксенонавых пераходных працэсаў у рэактарнай устаноўцы са зніжэннем яе магутнасці да мінімальна кантраляванага ўзроўню». Гэта сапраўды тое, што трэба рабіць. Кожны, хто глядзеў серыял «Чарнобыль», разумее, што такое ёдавая яма, ксенонавае атручванне — гэта такі дамоклаў меч над кожным з энэргаблокаў. У прынцыпе, калі няправільна сябе паводзіць у сітуацыі, калі рэактар атручаны ксенонам, то можа атрымацца нешта падобнае на Чарнобыль. Не даслоўнае капіяванне, вядома, на БелАЭС рэактар іншага тыпу, але ядзерная рэакцыя тая ж самая: дзяленне ядраў урану з утварэннем ёду, які потым распадаецца, і мы атрымліваем усякія непрыемныя рэчы.

Гэтым разам я схільны думаць, што рэактар быў адключаны планава.

Але чагосьці тут не стае. Не стае паведамленняў, ці доўгім будзе прыпыненне, таму што, магчыма, што хоць яны спынілі рэактар для даследавання канцэнтрацыі ёду і ксенону, але не выключана, што будуць займацца і нейкімі іншымі выпраўленнямі.

Калі коратка падсумаваць адказ Мінэнэрга, то блок пакуль яшчэ не ўведзены ў прамысловую эксплуатацыю, ён знаходзіцца ў доследна-прамысловай эксплуатацыі, таму мы можам уключаць і выключаць, колькі захочам. Я гатовы прыняць гэта тлумачэнне. Пакуль, сапраўды, блок знаходзіцца ў такім дзіўным перыядзе, наогул не трэба думаць, што ён працуе.

Але тады ўзнікае пытанне, навошта Лукашэнка ладзіў гэты спектакль 7 лістапада, гэтую «цырымонію ўзняцця магутнасці». Варта было б дачакацца, пакуль блок стане цалкам працаздольным, пакуль ён будзе ўведзены ў эксплуатацыю, тады, можа быць, і можна праводзіць нейкія цырымоніі, хоць, на мой погляд, і гэта таксама лішняе.

Тут мае месца канфлікт паміж фізічнай рэальнасцю, паміж інжынернай практыкай і падставай для піяру. Чамусьці ваш дзядок хоча піярыцца на атамнай энэргетыцы, гэта зноў кажа пра ягоны інтэлектуальны ўзровень і больш ні пра што.

Другое, давайце разбірацца настолькі гэта дрэнна для самога блока. Гэта нармальна, ён павінен уключацца і выключацца ў розных рэжымах. Добра, што ён выключаецца без выбухаў або выкідаў радыяцыі, наколькі нам вядома. Але гэтыя «вкл-выкл» не праходзяць бясследна. Пры расхалоджванні ўзнікаюць нагрузкі на корпус і трубаправоды, ідзе знос абсталявання...

Ёсць і элементы беларускай эканомікі, для якіх частыя ўключэнні-выключэнні АЭС - гэта кепска. Гэта энэргасістэма краіны. Яе ліхаманіць пры кожным уключэнні і выключэнні, бо гэта занадта вялікая адзінкавая магутнасць для генератара. Нават калі з энэргасістэмы выпадае 1-2% - гэта дрэнна, але не катастрафічна. А калі гаворка ідзе пра дзясяткі адсоткаў ад усёй устаноўленай магутнасці ўсіх генератараў Беларусі, то энэргасістэму ліхаманіць, і там могуць быць нядобрыя рэчы. Але пры гэтым праблемы ўзнікаюць не на самой атамнай станцыі, пакутуюць іншыя вытворцы энэргіі, якія павінны аператыўна выключацца, калі атамшчыкі зробяць ласку ўключыць свой генератар, і нейкім чынам хутка ўключацца, калі атамшчыкі выключаюць свой энэргаблок. Зноў скажу, калі справа планавая, то дыспетчар павінен загадзя ведаць і даць загад падымаць катлы тым ці іншым газавым электрастанцыям, ці нейкім іншым спосабам купіраваць сталае ўключэнне і выключэнне.

Мінэнэрга кажа, што праводзіцца неабходныя выпрабаванні з выключэннем ад сеткі і планавым прыпыненнем, але мы дакладна ведаем, што раней ужо былі не планавыя прыпыненні, калі быў пажар вымяральных трансфарматараў, імпартнай вытворчасці. Яны згарэлі, было кароткае замыканне, хто гэта дапусціў і хто пакараны - незразумела. Гэта не штатная сітуацыя, калі кожная з прылад, не абавязкова сам рэактар, выходзіць з ладу. Галоўнае, што праз адмову гэтых прылад, гэтых трансфарматараў, сам энэргаблок быў непрацаздольны.

У Расеі адключэнне энэргаблокаў дзейных атамных станцый не спыняецца пасля таго, як чыста фармальна пастановай нейкай камісіі энэргаблок пераходзіць са стадыі доследна-прамысловай эксплуатацыі ў стадыю прамысловай эксплуатацыі. Энэргаблоку, уласна, усё адно. Адмовы будуць прадаўжацца, я ўпэўнены.

Амаль кожны энэргаблок на кожнай АЭС у свеце хоць бы адзін раз на год адключаецца на нейкія свае прычыны. Часам аператары паспяваюць заўважаць адхіленні параметраў і падаць заяўку ў энэргасетку, тады спрабуюць назваць планавым адключэннем, так звычайна бывае ў Расеі, а часам энэргаблок адключаецца дзеяннямі аўтаматычнай абароны. Гэта больш рэдкі выпадак. Прыкладна раз на два гады кожны рэактар у свеце менавіта так адключаецца. Гэта значыць, што наогул ніхто не паспявае зрэагаваць - ні аператар атамнай станцыі, ні аператар энэргасістэмы.

Гэта нядрэнна, бо часта дапамагае пазбягаць аварый. Мы толькі за, каб аўтаматычная сістэма была адчувальна настроеная. Рэактару лепш лішні раз адключыцца, чым лішні раз падарвацца. Гэта такая асаблівасць атамнай энэргетыкі. Атамшчыкі часта крытыкуюць аднаўляльную энэргетыку, справядліва заўважаючы, што вецер дзьме не заўсёды, сонца свеціць не заўсёды, але і рэактар працуе не заўсёды. З гэтым нічога нельга зрабіць, калі радзей будзе адключацца, то будзе горш для бяспекі, часцей будзе выбухаць. Таму паведамляю беларусам, што адключэнні будуць прадаўжацца, нават калі пройдзе чарговая цырымонія пераводу рэактара ў планавую эксплуатацыю. Ці будзе адключэнняў больш або менш – паглядзім.

Цытата з тэлеграм-канала Мінэнэрга: «Этап доследна-прамысловай эксплуатацыі займае ў адпаведнасці з рэгламентам пэўны перыяд». Што яны тут сказалі? Мінэнэрга варта было б паважаць чытачоў і паведаміць, што нам засталося яшчэ два месяцы, два тыдні, паўгода, я не ведаю колькі засталося вось гэтай доследна-прамысловай эксплуатацыі са сталымі адключэннямі і ўключэннямі. Чаму гэты «пэўны перыяд» роўны ў выпадку з БелАЭС? Проста растлумачце, аб якім перыядзе ідзе гаворка.

Мы бачым, што яны нешта ўтойваюць. У мяне ёсць версія, чаму яны не называюць перыяд, і наколькі я ведаю, не названы дзень урачыстага ўводу ў эксплуатацыі атамнай станцыі.

Я вельмі баюся, што Лукашэнка прызначыць гэта на нейкую з важных для яго дат, напрыклад, ён загадае да 9 траўня ўвесці АЭС у эксплуатацыю - і гэта будзе дрэнна, бо не ўсе патрэбныя выпрабаванні пройдзеныя, не ўсе карэкціроўкі ўнесеныя.

Раз 7 лістапада ён прыдумаў гэтую цырымонію ўзняцця магутнасці, якая нічога не значыць і пасля якой праз дзень рэактар сам упаў, то не выключана, што гэтая палітызацыя атамнай энэргіі будзе прадаўжацца.

Хачу задаць Мінэнэрга адкрытае пытанне: дзякуй за ваша тлумачэнне ў «тэлеграме», што «этап доследна-прамысловай эксплуатацыі займае ў

адпаведнасці з рэгламентам пэўны перыяд». І раз у вас ёсць рэгламент - абвясціце, якую частку гэтага перыяду мы ўжо прайшлі і якую яшчэ трэба будзе? Калі першы энэргаблок БелАЭС будзе ўведзены ў эксплуатацыю?

У канцы паведамлення Мінэнэрга ёсць такі выдатны абзац: «Колькасць планавых прыпыненняў блока прывязаная да рэалізацыі праграм выпрабаванняў». Адсюль яшчэ пытанне: калі ў вас ёсць праграма выпрабаванняў, то вам дакладна вядома, колькі планавых прыпыненняў павінна быць на этапе з 7 лістапада да 10 сакавіка, і колькі вось гэтых планавых прыпыненняў блока плануецца на пакінуты перыяд. Вельмі б хацелася даведацца пра колькасць. Скажыце: яшчэ засталося правесці 12 планавых прыпыненняў або 2, або 22. Мы не ведаем колькі, таму калі Мінэнэрга хоча гуляць сумленна, то яны павінны расказаць ад гэтым грамадскасці.

Я сумняваюся, што яны гэта зробяць. Шчыра скажу, з усяго досведу будаўніцтва БелАЭС я ведаю, што «Расатам» не ўсю інфармацыю дае беларускай краіне. Мінэнэрга проста часам капіююць нейкія звесткі з «расатамскіх» дакументаў, не разумеючы сутнасці. Я вельмі спадзяюся, што гэта не так, я спадзяюся, што Мінэнэрга - орган салідны, што ён валодае ўсёй інфармацыяй, таму мне трэба дзве лічбы – калі скончыцца перыяд доследна-прамысловай эксплуатацыі і колькі планавых прыпыненняў энэргаблока прадугледжанае праграмай выпрабаванняў на гэты перыяд.

А вось такая класічная спроба маніпулявання ў гэтым паведамленні Мінэнэрга таксама прысутнічае. Цытую: «Усё павінна працаваць дакладна і надзейна, забяспечваючы поўную бяспеку блока». Хачу расказаць, што тэрмін «бяспека» мае не толькі эмацыйны, але і канкрэтна юрыдычны і фізічны змест. Кожны энэргаблок належыць да катэгорыі ядзерна і радыяцыйна небяспечных аб'ектаў. Радыяцыйна-небяспечны - гэта значыць, што можа адбыцца выкід радыенуклідаў, а ядзерна-небяспечны, значыць, можа адбыцца некантраляваная ланцуговая ядзерная рэакцыя і можа адбыцца выбух, як у Чарнобылі.

Усе спробы назваць атамную электрастанцыю або энэргаблок «бяспечным аб'ектам», тым больш пісаць пра «поўную бяспеку блока», кажуць пра тое, што Мінэнэрга заклапочаны піярам і ўтойваннем рэальнай інфармацыі.

Я заклікаю Мінэнэрга перастаць дэзінфармаваць насельніцтва і пачаць казаць аб ядзернай электрастанцыі, як аб ядзерна і радыяцыйна небяспечным аб'екце. І ў кожным паведамленні пісаць, што мы сочым за тым, каб гэтая небяспека была ў якіх-небудзь прымальных рамках.

Энэргаблок быў бяспечным да таго, як пачалася ядзерная рэакцыя, гэта значыцца, год назад. Навешванне няправільных, дэзінфармацыйных цэтлікаў акурат прыводзіць да самазаспакоенасці і расслабленасці, якая 35 гадоў таму ўжо прывяла да чарнобыльскай аварыі, бо, сапраўды, савецкім інжынерам убівалі ў галаву, што савецкі рэактар - самы бяспечны.

Цяпер я бачу паўтор той сітуацыі. Публічнае называнне чыноўнікамі небяспечнай атамнай электрастанцыі «бяспечнай» павінна даваць грамадству сігнал - вас падманваюць, вамі маніпулююць. Ці чалавек ведае, што АЭС небяспечная і спрабуе маніпуляваць, тады ён падлюга. Ці чалавек не ведае, што ўсякі рэактар небяспечны, і кажа ўсім, што рэактар «бяспечны» - значыць, гэты чалавек дурань. Я вельмі спадзяюся, што ў Мінэнэрга знаходзяцца не падлы і не дурні, і яны выправяць гэтую рыторыку.

- У нядзелю, 7 сакавіка, у незалежных тэлеграм-каналах і СМІ з'явілася інфармацыя аб НЗ на АЭС, звязаным з паломкай сістэмы астуджвання рэактара. Наколькі магчымая такая паломка на БелАЭС? Што адбываецца, калі на такіх станцыях выходзіць з ладу сістэма астуджвання рэактара?

- Сістэма астуджэння - гэта ахілесава пята ўсякай атамнай станцыі, усякага рэактара, бо ў выпадку адсутнасці цеплаадводу і наяўнасці ядзерных рэакцый, якія выклікаюць рэшткавае цеплавыдзяленне, мы атрымліваем парушэнні цеплавога балансу, назапашванне цеплавой энэргіі, што называецца цеплавым выбухам, гэта значыць, катастрофа паводле чарнобыльскага сцэнару. Усё пераграваецца, вада выпараецца, разрываюцца трубаправоды, магчыма, нават корпус рэактара. Таму трэба да гэтага ставіцца сур'ёзна.

Давайце на крок назад адыдзем, вернемся да гэтага няшчаснага трансфарматара. Дагэтуль не названы тып, марка і пастаўшчык нібыта дэфектных трансфарматараў. Нам сказалі: блок аварыйны адключыўся, бо згарэў праз кароткае замыканне адзін з імпартных вымяральных трансфарматараў напружання. Яснасці няма. Так, гэты аб'ект не мае ніякага дачынення да ядзерна-радыяцыйнай бяспекі, але без яго не можа працаваць АЭС. Нам нічога не сказалі. Што вы ўтойваеце? Скажыце: вось такая фірма паставіла дэфектнае абсталяванне, мы выставілі прэтэнзіі, яна абяцала замяніць іх ці мы, напрыклад, мяняем італійскі трансфарматар на кітайскі.

Я не думаю, што на БелАЭС палічаць патрэбным інфармаваць грамадскасць, што ў іх там адбываецца, датуль, пакуль не адбудзецца нешта катастрафічнае, пакуль радыенукліды не трапяць у навакольнае асяроддзе і павышэнне гама-фону можна будзе вымераць усякім прыборам, гэтага нельга будзе ўтаіць. Тады яны будуць гаварыць пра гэта.

Гэта прыклад таго, што яны не збіраюцца нічога даваць грамадству. Нават, прадставім, што ў іх была праблема з астуджэннем. Яны б ні за што не далі пра гэта інфармацыі, бо гэтая сістэма наўпрост звязаная з бяспекай. Грамадскасць на падставе досведу стасункаў з беларускімі атамшчыкамі разумее, што гэтыя людзі будуць утойваць, а яшчэ часцей дэзінфармаваць. На жаль, недавер прысутнічае, і ён абгрунтаваны.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках