25 красавiка 2024, Чацвер, 12:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сы-ходзь!»

18
«Сы-ходзь!»
Андрэй Саннікаў

Чаго баіцца Лукашэнка?

Пост у "Фэйсбуку" навёў на думку пачытаць рэжымную прэсу. Не, не для таго, каб лепш ведаць ворага, як прынята казаць, а для таго, каб зразумець рэальную расстаноўку сілаў.

Сапраўды, чытаеш некаторыя "незалежныя" медыя, а там ужо поўны гамон. І пратэсты садзьмуліся, і трызненне дыктатара няспынна рэтранслююць, і канстытуцыі плодзяцца, як грыбы. Нічога не зразумець.

Вось і пастанавіў я пачытаць першакрыніцы. Шчыра скажу, спачатку з гідлівасцю, а потым захапіўся, таму што там карціна больш зразумела апісваецца.

Пачытаў і спяшаюся вам дакласці.

Значыць так.

Па-першае, ліхаманкавыя перастаноўкі ў "сілавым" блоку, падобна, робяцца толькі пасля таго, як кандыдат на пасаду пакажа Лукашэнку даведку: "Тэст на айк’ю здаў, вынік адмоўны".

Кожны з наноў прызначаных на карныя пасады паспеў ужо адзначыцца такімі альтэрнатыўна глыбокімі думкамі, што стала зразумела: тое, што не дарабілі пратэсты, даробяць гэтыя даўбавікі.

Не, яны не падрыўныя элементы і апантана лаяльныя гаспадару, таму іх ніхто не зможа спыніць у знішчэнні гэтага рэжыму.

Сам трохпрацэнтны і ўсе ягоныя карнікі, і звольненыя, і прызначаныя, падобна, пакутуюць на прагрэсавальную страту памяці, я не памятаю, як гэта па-навуковаму называецца.

Мяркуйце самі, з 10 жніўня яны з зайздроснай няспыннасцю паўтараюць, што пратэсты задушаныя, усе змовы раскрытыя, усе падрыўныя элементы пасаджаныя, а літаральна на наступны дзень пасля такіх заяваў, круцячы вытарашчанымі вачыма крычаць пра новыя змовы, пачынаюць у паніцы ганяцца за пенсіянерамі і дзецьмі як за самымі небяспечнымі іхнімі ворагамі.

А змовы і экстрэмісты ўсё плодзяцца і множацца.

Галоўны міліцэйскі карнік Кубракоў паведамляе, што ўсё скончылася, у даручанай яму краіне мір і спакой і тут жа, расправіўшы плечы, рапартуе, што гатовы "да самага горшага".

Або гэбэшнік Церцель у лютым рапартуе, што ўсё стабілізавалася, а ўжо ў сакавіку апавядае пра страшныя сцэнары дзеянняў "апазіцыі", пра схованкі з вялікай колькасцю выбухоўкі, зброі і дыстанцыйных сродкаў падрыву розных аб'ектаў. З чэкісцкай слязой у вачах паведамляе, што "велізарныя партыі зброі" хацелі выкарыстаць для дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі і тэрактаў у дачыненні да "аб'ектаў дзяржаўных установаў і некаторых службовых асобаў".

Той самы Кубракоў 1 сакавіка дакладвае, што "становішча ў краіне пад кантролем, супрацоўнікі праваахоўных органаў здольныя забяспечыць ахову правапарадку на вуліцах нашых гарадоў", а праз тыдзень раптам просіць, як сцвярджаюць злыя языкі, блізу 4 тысячаў вайскоўцаў у дапамогу сваім органам.

Калі гэта так, то і нядрэнна. Армія атрымае шанец выканаць волю народа, а не злачынныя загады Кубракова-Лукашэнкі.

Здаецца, у іх біпалярка, ці як там гэта называецца, я не спецыяліст: з раніцы яны ўсіх ужо знішчылі, заціснулі, пасадзілі, а ўвечары полчышчы народных мсціўцаў падбіраюцца да кожнага з іх і страшна, ох, як страшна, да намоклых штаноў.

Ну, і вядома, ніхто не можа пераўзысці шматразовага трохпрацэнтнага пераможцу лыжні ў дакладнасці аналізу.

Прысягаю: ні слова не сказіў і не дадаў.

"Сволачы, сочаць з космасу. І мы, і расейцы ведаюць, хто кіруе і адкуль кіруе: амерыканцы з цэнтра пад Варшавай праз Telegram-каналы... Калі яны рушылі сюды, у Драздах, літаральна за кіламетр-два адсюль, праз возера ў мяне гелікоптар прэзідэнцкі. Я саджуся ў гелікоптар, але яны ж, сволачы, – амерыканцы ж вядуць, яны ж з космасу бачаць усё, – і яны ў свой цэнтр пад Варшавай далі сігнал, што гелікоптар падняўся".

І вось ён супраць касмічных амерыканцаў кінуўся з "калашом", толькі з перапуду ражок забыўся, а потым растлумачыў, што збег, але не бег: "Хоць мяне там за рукі, за ногі, і вось прэс-сакратарка там бегла ззаду, трымалі, каб я не выходзіў, таму што, а раптам там снайпер... То-бок нікуды я не бег".

У кастрычніку летась ён заявіў, што "арганізатары і ўдзельнікі" беспарадкаў "ужо прайшлі сем ці восем этапаў" паводле метадычкі каляровых рэвалюцый – "і цяпер наступіць заключная стадыя" радыкалізацыі. З гэтай стадыяй ён яшчэ ў кастрычніку і справіўся, паводле ягоных жа словаў. Потым у студзені 2021 года растлумачыў, што пратэсты задоўжыліся таму, што на фоне пандэміі каранавірусу краіне давялося закрыць межы з іншымі дзяржавамі і некалькі тысячаў чалавек – беларускіх грамадзянаў, якія працавалі ў Расеі, – засталіся на радзіме, але працаваць не хочуць, вось і пратэстуюць. Гэта ў развіццё тэзісу пра тое, што на пратэсты выходзяць людзі з крымінальным мінулым і беспрацоўныя.

У апошнія тыдні, гэта калі ўжо ўсе стадыі "каляровых рэвалюцый" былі папярэджаныя, галоўнакамандавальнік трыма працэнтамі раптам выявіў, што ворагаў толькі дадалося.

І ўдар у спіну, падобна, нанёс самы блізкі сябар з імем Уладзімір Уладзіміравіч. Яшчэ ў студзені ён быў адзіным, а ўжо ў сакавіку рушыла тужлівае прызнанне: "Звярніце ўвагу на маю фразу: сяброў у нас у свеце няма".

Гэта значыць, прызнаўся, што ў заселай ва ўладзе банды не засталося ніякіх прыхільнікаў у свеце, нават сярод роднасных рэжымаў.

А ён жа шчыра ўсіх папярэджваў, "што ўсё так і будзе, што наступяць такія часы, што нам з табой (Пуцін) давядзецца стаяць спінай да спіны і адстрэльвацца. А вы тады гэта жартам прынялі! А вось бачыце, жыццё як павярнулася. Там жа, на Захадзе, працуюць спецыялісты, прабачце за шчырасць, не пара нашым. Якія здзейснілі нямала так званых каляровых рэвалюцый, мяцяжоў, у выніку якіх разбураныя краіны, згвалчаныя кіраўнікі дзяржаваў, пасаджаны на кол і так далей. Там жа, у Расеі, усё робяць, як у нас, але там гульня будзе ўдоўгую, да думскіх выбараў. Яны ўмеюць гуляць удоўгую. Гэта не пацаны".

Увогуле ўсё апавёў, што ягоная песня скончылася, і толькі пра Расею ў яго душа баліць, якой засталося жыць усяго нічога, да думскіх "выбараў".

Калі падсумаваць усё мной прачытанае ў рэжымнай, падкрэслю, прэсе, то вось якая карціна атрымліваецца.

NATO, якое так і не сыходзіла, зноў прыйшло на межы. Пратэстамі лялькаводзяць з Польшчы, Вялікай Брытаніі, Чэхіі, Нямеччыны. Там сама рыхтуюць і падрыўнікоў, замовы плятуць па ўсёй Еўропе, і нават Украіна, подлая, завастрыла нож для спіны Лукашэнкі, а ўсім кіруе Вашынгтон. Амерыканцы з космасу адсочваюць кожны ягоны крок, і нават кнопкавыя тэлефоны не ратуюць ад сачэння. "Вакол паглядзіце: танкі, самалёты на ўзлёце за 15 хвілінаў ад нашых межаў. І гэта нездарма! Натаўскія войскі ляскаюць гусеніцамі ля нашых варот. Айчына ў небяспецы". Усім гэтым займаюцца высокакваліфікаваныя спецыялісты з удзелам касмічных войскаў і смартфонаў. Яны сваю справу ведаюць і заўсёды свайго дамагаюцца.

А самае страшнае, усяляе жывёльны страх – гэта бясконцая колькасць пратэстоўцаў. Перасаджалі тысячы, а іх усё больш і больш. Ва ўсіх гарадах, нават у вёсках. Адкуль яны бяруцца? І не супакойваюцца ж, і ўсё скандуюць "Сы-ходзь!". І ўжо спаць ад гэтага немагчыма, а крыху заснеш, як у трывожным сне з'яўляюцца розныя кадафі, хусэйны, чаўшэску, і так ручкамі вабяць за сабой...

Шчыра вам скажу, нідзе так не дакладна не апісаная моц беларускага пратэсту, народнай рэвалюцыі, як у афіцыйнай лукашысцкай прэсе, праз простую мову якой перадаецца жывёльны страх усёй гэтай банды перад народам, перад немінучай і хуткай адплатай за зробленае.

Андрэй Саннікаў, «Фэйсбук»

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках