25 красавiка 2024, Чацвер, 13:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейцам, якія жывуць за мяжой беднасці, прапанавалі патрываць яшчэ 10 гадоў

4
Расейцам, якія жывуць за мяжой беднасці, прапанавалі патрываць яшчэ 10 гадоў

Першапачаткова гэтую задачу ставілі на 6-гадовы тэрмін.

Планы расейскіх уладаў ажыццявіць «прарыў» да сусветных тэмпаў эканамічнага росту, інавацый і новай якасці жыцця прадаўжаюць зрушвацца ў будучыню, нібы тэрміны пабудовы камунізму ў СССР.

Урад спадзяецца выканаць мэту двухразовага зніжэння колькасці грамадзянаў, якія жывуць за мяжой беднасці, да 2030 года, паведаміла ў інтэрв'ю ТАСС першая віцэ-прэм'ерка Таццяна Голікава.

Першапачаткова прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін ставіў гэтую задачу на 6-гадовы тэрмін. У зацверджаны тры гады таму план дасягнення нацыянальных мэтаў развіцця было закладзенае зніжэнне ўзроўню беднасці да 11,1% у 2020 годзе, 9,3% – у 2022-м і 6,6% – у 2024-м.

З балота галечы меркавалася выцягнуць блізу 9 мільёнаў чалавек за кошт паскарэння эканамічнага росту да 3% і вышэй, павелічэння несыравіннага экспарту на 80% і дзелі інавацыйных кампаній – з 16% да 50%.

Яшчэ да пандэміі план пачаў трашчаць у швах: у 2019 годзе за мяжой беднасці жылі 12,3% насельніцтва (замест 12%). Экспарт тавараў, акрамя нафты, газу і нафтапрадуктаў, склаў 180 млрд даляраў замест патрэбных 230 млрд.

Паводле вынікаў 2020-га рэальныя гатовыя прыбыткі расейцаў упалі яшчэ на 3,5% і адкаціліся на ўзровень 2010 года. Заробкі ў пераліку на даляры ўпалі да мінімуму за 11 гадоў.

Армія бедных папоўнілася яшчэ на 1,2 млн чалавек. На канец трэцяга квартала, згодна з Расстатам, 18,8 млн расейцаў, ці 12,8% насельніцтва, мелі прыбыткі ніжэйшыя за пражытачны мінімум, які Мінпрацы вызначыў на ўзроўні 12 542 рублі для працаздольнага насельніцтва, 9 519 рублёў для пенсіянераў і 11 580 рублёў для дзяцей.

Прызнаўшы немагчымасць «прарыву» за шэсць гадоў, улады пастанавілі ажыццявіць яго за дзесяць.

Новы план дасягнення нацыянальных мэтаў, у тым ліку ў беднасці, з тэрмінамі, ссунутымі на 2030 год, унесены ва ўрад 1 сакавіка і чакае зацвярджэння Радай нацыянальных праектаў, расказала Голікава.

Зніжэнне беднасці – гэта шматкампанентная задача, якая залежыць не толькі ад бюджэту, але і ад тэмпаў росту эканомікі, падкрэсліла яна.

«Мы робім шэраг намаганняў, якія накіраваныя на павелічэнне рэальных прыбыткаў насельніцтва. Гэта датычыцца і павышэння аплаты працы і грашовага забеспячэння вайскоўцаў, штогадовай індэксацыі страхавых пенсій не ніжэй за ўзровень інфляцыі, павелічэння пенсій грамадзянаў, звольненых з ваеннай службы, падтрымкі занятасці ў выглядзе сацыяльных выплатаў беспрацоўным, садзейнічання ў пошуку адпаведнай працы і інш.», – пералічыла Голікава.

Яна нагадала, што з 2021 года была змененая метадалогія разліку мінімальнага памеру аплаты працы і пражытачнага мінімуму. «Мы зыходзім з канстытуцыйнага прынцыпу – мінімальны памер аплаты працы павінен перавышаць пражытачны мінімум», – расказала яна.

Таксама з 2020 года ў рамках пілотнага праекта павышэння рэальных прыбыткаў грамадзянаў у 21 рэгіёне быў запушчаны механізм сацыяльнага кантракту, а з 2021 года ён распаўсюдзіўся па ўсёй краіне.

Што тычыцца непасрэдна ўзроўню беднасці, то барацьба з ёй давераная рэгіёнам. Кожны суб'ект «выбудоўвае для сябе сваю лінейку», а ўрад – на ўзроўні Мінпрацы – толькі дае «метадычныя рэкамендацыі» ў складанні рэгіянальных праграмаў, расказала Голікава.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках