29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лявон Вольскі апублікаваў песню, прысвечаную жонцы Ганне

1
Лявон Вольскі апублікаваў песню, прысвечаную жонцы Ганне
Лявон Вольскі

Музыка распавёў, як была напісаная кампазіцыя і ўспомніў поствыбарныя падзеі 2006-га года.

У аўторак, 23 сакавіка, Лявон Вольскі прэзентаваў кліп на песню «Tolki dla ciabie» («Толькi для цябе»), прысвечаную яго памерлай жонцы. Прэм'ера лірычнага кліпа адбылася праз роўна пяць гадоў пасля смерці жонкі музыкі Ганны Вольскай, якая памерла ў 2016-ім годзе ва ўзросце 40 гадоў ад раку малочнай залозы.

Прэзентуючы кліп, Лявон Вольскі распавёў, як была напісаная кампазіцыя і ўспомніў поствыбарныя падзеі 2006-га года, піша kp.by.

«Тады здавалася, што мы жывём у вельмі неспакойны час.

Была халодная вясна 2006-га. Улады зруйнавалі намётавае мястэчка на Плошчы, па тэлевізары паказвалі няўцямную прапаганду, у якую, здавалася, нармальны чалавек не паверыць, канцэрты былі пад забаронаю.

Мы з Ганнай ездзілі на Акрэсьціна - падняць баявы дух палітвязьняў. Дарылі кружэлкі, касеты, кнігі - што маглі. А перад тым, як «яны» разабраліся з Плошчаю, прыяжджалі туды, да Палаца прафсаюзаў, штовечар - спявалі з пратэстоўцамі песні, рабіліся часткай вялікага здаровага арганізму Плошчы насуперак шэрай хваравітай рэчаіснасці.

У тыя векапомныя дні ў мяне напісалася песня, якая пазней увайшла ў альбом «06» - дэпрэсіўная балада «Толькі для цябе».

Музыка распавёў, як прызнаўся жонцы, што гэтая новая песня прысвечаная ёй, а яна ў адказ проста падзякавала без асаблівага энтузіязму:

«Калі я сказаў ёй пра гэта, яна не прадэманстравала ані ўзрушанасці, ані захаплення:

- Так, мне? Ну, дзякуй, клас, - акурат яна чымсьці была занятая, хутчэй за ўсё, новым праектам. Таму, відаць, не хацела дарма выдаткоўваць эмоцыі.

І ўсё. Песню мы зайгралі на падпольным канцэрце ў тагачасным клубе «Максымус», дзе прэзентавалі «06» і болей, бадай, да яе не вярталіся».

Лявон Вольскі ўзгадаў, што праз 10 гадоў пасля падзей 2006-га года яго жонка памерла, а пасля прыйшлі новыя часы, у параўнанні з якімі «2006-ы здаецца ўтульным, камфортным і досыць спакойным».

Кампазіцыі «Толькі для цябе» было нададзенае новае гучанне: «Мы са Сннорэ Бэргерудам цяпер перарабілі тую песню, надалі новае гучанне, удыхнулі новае жыццё».

Прэзентацыю кліпа цёпла ўспрынялі падпісчыкі музыкі і карыстальнікі сацсеткі, за 7 гадзін з моманту прэм'еры кліп паглядзелі больш за 3100 разоў. Многія падзякавалі музыку за вяртанне да кампазіцыі, адзін каментар быў вельмі лаканічным і дакладным: «Цудоўна і сумна».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках