29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як праводзілі межы БНР

2
Як праводзілі межы БНР

Карта Беларускай Народнай Рэспублікі стала першай картай Беларусі як асобнай дзяржавы.

Партал tut.by разбіраўся, на што арыентаваліся навукоўцы і палітыкі, вызначаючы, якімі могуць быць межы краіны.

Трэцяя ўстаўная грамата, падпісаная 25 сакавіка 1918 года, кажа пра тое, што Рада БНР ўяўляла БНР як незалежную і вольную дзяржаву. Якія межы яна мела б, калі б усё склалася?

«Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічэбную перавагу беларускі народ, а ласьне: Магілеўшчыну, беларускія часьці Меншчыны, Гродзеншчыны (з Гроднай, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігоўшчыны і сумежныя часьці суседніх губерняў, заселеныя беларусамі», - пазначана ў дакуменце.

Зараз у Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі выстаўляецца карта з межамі БНР.

Яе стваральнікі натхняліся картай прафесара Яўхіма Карскага, выдадзенай яшчэ ў 1903 годзе.

- На карце Яўхіма Карскага беларусаў паказалі як этнас і абазначылі межы рассялення гэтага народа. Карта некалькі разоў потым перавыдавалася, - тлумачыць адзін з арганізатараў выставы Артур Яновіч.

Дарота Міхалюк, аўтар кнігі «Беларуская Народная Рэспубліка 1918-1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці», піша, што вызначыць межы БНР было найважнейшай задачай, прычым незалежна ад таго, увойдзе Беларусь у Федэратыўны саюз ці стане самастойным суб'ектам міжнароднага права.

Упершыню праблему, як пазначыць межы Беларусі (тады - як аўтаноміі ў складзе Расейскай Федэрацыі), паднялі ў сакавіку 1917 года на з'ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый. Тады для гэтай задачы стварылі камісію з навукоўцаў-гісторыкаў і этнографаў. Але камісія сваю працу над межамі не пачала, піша Міхалюк.

Да позняй вясны 1918 года ў беларусаў не было апісаных межаў. У траўні 1918 г. пры Народным сакратарыяце замежных спраў БНР стварылі камісію, якая пачала гэтую працу.

За аснову ўзялі акурат «Этнаграфічную карту беларускага племя» 1903 года прафесара Яўхіма Карскага і яе абноўленую версію за 1917 год.

«Карта Яўхіма Карскага была першай лінгвістычнай картай, якая тлумачыла беларускую мову як самастойную», - піша Дарота Міхалюк.

Аўтар даследавання адзначае, што этнічныя межы Карскі вызначыў выключна на аснове моўнага крытэру, без уліку іншых чыннікаў, такіх, як, напрыклад, фальклор.

Навуковец падрабязна апісвае сустрэчы дэлегацый з Беларусі з прадстаўнікамі тых краін, уяўленне якiх аб межах не супадала з беларускім. Адной з такіх спрэчных тэрыторый было Палессе - багаты край, на які прэтэндавалі і ўкраінскі, і беларускі бок. Цікава, што Заходняе Палессе - Берасцейскі, Пружанскі, Кобрынскі паветы Карскі залічваў да земляў з распаўсюджваннем украінскай мовы.

Канцэпцыя межаў БНР некалькі змянілася пасля таго, як у камісіі з'явіўся навуковец Мітрафан Доўнар-Запольскі.

Ён лічыў, што паўднёвае Падляшша разам з Берасцем, Пружанамі, Кобрынам, а таксама Усходняе і Заходняе Палессе па абодва бакі Прыпяці з Мазыром, Рэчыцай, Лоевам і Гомелем належаць Беларусі як з этнаграфічных прычын, так і з гістарычных. Даказваў ён гэта галоўным чынам прыналежнасцю названых тэрыторый да Вялікага Княства Літоўскага пасля ўкладання Люблінскай уніі, спасылаўся таксама на больш ранні перыяд, калі тэрыторыя басейна Прыпяці ўваходзіла ў склад Турава-Пінскага княства. Прафесар прымаў пад увагу таксама этнаграфічную блізкасць Палесся да іншых рэгіёнаў Беларусі, прычым рабіў упор на падабенства фальклору, абраднасці і ментальнасці.

У выніковай версіі карты абапіраліся не толькі на распрацоўкі прафесараў Карскага і Доўнар-Запольскага, але і на стратэгічныя мэты. Напрыклад, паўночна-заходняя мяжа на карце ахапіла тэрыторыю Граеўскага павета Ломжынскай губерні (цяпер - Польшча), якую нельга лічыць этнічна беларускай. Але толькі такім спосабам БНР атрымлівала суседства з Нямеччынай ва Усходняй Прусіі. Некаторыя дзеячы БНР бачылі ў Нямеччыне гаранта бяспекі межаў патэнцыйнай дзяржавы і галоўнага гандлёвага партнёра.

Аднак «папрацаваць» гэтыя межы не паспелі...

Але галоўны момант у тым, што ў 1918 годзе беларусы заявілі: там, дзе жывуць беларусы, павінна быць БНР.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках