18 красавiка 2024, Чацвер, 10:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы адкрылі самую вялікую святлівую акулу

1
Навукоўцы адкрылі самую вялікую святлівую акулу

Ніколі раней біёлагі не назіралі гэтай з'явы ў такіх буйных пазваночных.

Марскія біёлагі з Бельгіі ды Новай Зеландыі ўпершыню зафіксавалі біялюмінесцэнцыю ў чорнай акулы, якая насяляе мора ў глыбакаводнай зоне ля берагоў Новай Зеландыі. Ніколі раней навукоўцы не назіралі свячэнне ў такіх буйных пазваночных. Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Frontiers in Marine Science.

Даследнікі з Каталіцкага ўніверсітэта Лувена ў Бельгіі ды Нацыянальнага інстытута водных і атмасферных даследаванняў (NIWA) у Новай Зеландыі выявілі біялюмінесцэнцыю ў трох відаў глыбакаводных акул, злоўленых падчас рыбнай здабычы на ўзвышшы Чатэм ля ўсходняга ўзбярэжжа Новай Зеландыі ў студзені 2020 года - святлівага этмаптэруса Etmopterus lucifer, паўднёвай святлівай акулы Etmopterus granulosus і чорнай акулы Dalatias licha.

Біялюмінесцэнцыя - вытворчасць бачнага святла ў выніку хімічнай рэакцыі жывымі арганізмамі - шырока распаўсюджаная з'ява сярод дробных марскіх насельнікаў, але гэта першы выпадак, калі яна была заўважаная ў такога буйнога віду, як чорная акула, або далатыя.

Яе памер дасягае 180 сантыметраў, і цяпер гэта самы буйны прадстаўнік люмінесцэнтных пазваночных, вядомы навукоўцам. Раней меркавалася, што біялюмінесцэнцыя характэрная толькі для яе больш дробных субратаў - святлівых акул, максімальная даўжыня якіх дасягае 42 сантыметраў. Таму даследчыкі назвалі далатыю «гіганцкай святлівай акулай».

Той факт, што да гэтага ў чорнай акулы не назіралі свячэнне, аўтары тлумачаць тым, што глыбакаводныя акулы здаюцца цёмнымі, калі на іх глядзяць зверху, а люмінесцэнтныя адрэзкі ў яе размешчаныя ўздоўж бруха, бакоў і на спінным плаўніку.

Аўтары пакуль не могуць растлумачыць, якую функцыю выконвае свячэнне ў чорнай акулы. Часцей за ўсё біялюмінесцэнцыя патрэбна для адпужвання драпежнікаў, але ў Dalatias licha няма натуральных ворагаў. Гэта магутныя драпежнікі, якія насяляюць мезапелагічную, ці «цьмяную» зону акіяна, на глыбіні 200-1000 метраў, ніжэй за якую сонечнае святло не пранікае. Іх рацыён складаюць касцістыя рыбы, дробныя акулы і скаты, а таксама галаваногія і ракападобныя. Яны шырока распаўсюджаныя ва ўсім свеце ў трапічных і цёплых сярэдніх водах.

Гэты від акул уважаецца за адзін з самых павольных. Але, як паказалі назіранні, яго прадстаўнікі здольныя здзяйсняць хуткія рыўкі і хапаць рыб, якія праплываюць побач. Магчыма, мяркуюць навукоўцы, свячэнне дапамагае драпежніку непрыкметна падкрадацца да здабычы: калі глядзець знізу, падсветленае чэрава зліваецца з больш светлай вадой.

Каб адназначна адказаць на гэтае пытанне, навукоўцы маюць намер прадоўжыць назіранні за далатыяй.

«Улічваючы шырокасць марскіх глыбінь і наяўнасць святлівых арганізмаў у гэтай зоне, становіцца ўсё больш відавочным, што атрыманне святла на глыбіні павінна адыгрываць важную ролю ў структураванні самай вялікай экасістэмы на нашай планеце», - пішуць даследнікі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках