19 красавiка 2024, Пятніца, 11:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Егіптолагі раскрылі найстаражытнейшы сакрэт мумій

Егіптолагі раскрылі найстаражытнейшы сакрэт мумій

Знойдзеная інструкцыя па муміфікацыі, якая ўключае дэталі, што адсутнічаюць у іншых дакументах.

Кіраўніцтва па муміфікацыі было знойдзенае на 3500-гадовым шматку

папірусу пад назвай папірус Луўра-Карлзбэргу, названым так таму, што адна яго палова знаходзіцца ў музеі Луўра ў Парыжы, а іншая захоўваецца ў калекцыі папірусаў Карлзбэргу ў Капенгагенскім універсітэце Даніі. Першая частка ўжо дэталёва прааналізаваная, яна змяшчае ў асноўным медыцынскую інфармацыю. Дацкія егіптолагі вывучылі другую частку, дзе і выявілі ўнікальныя звесткі, піша «Фокус».

Дагэтуль навукоўцы мелі, акрамя няпоўных апісанняў, пакінутых Герадотам і Дыядорам, усяго дзве егіпецкія крыніцы аб працэсе муміфікацыі - фрагментарны папірус рымскага часу, а таксама выявы асобных эпізодаў бальзамавання.

У Старажытным Егіпце бальзамаванне ўважалася за святое мастацтва. Гэтым займаліся толькі пасвячоныя. Вучэнне было таемным і перадавалася ад аднаго бальзамоўшчыка да іншага вусна. «Магчыма, гэты тэкст з'яўляўся дапаможным сродкам для запамінання. Таму яго меркаваныя чытачы павінны былі быць спецыялістамі ў сваёй справе. Тэкст павінен быў нагадваць ім пэўныя дэталі, такія як рэцэпты мазяў і выкарыстанне розных тыпаў павязак», - кажа егіптолаг Сафі Шэдт з Капенгагенскага ўніверсітэта.

Сярод дэталяў, якія навуковец выдзеліла з тэксту, - спіс інструкцый бальзамавання твару памерлага, якое выконвалася з дапамогай шматка чырвонага ільнянога палатна, вымачанага ў спецыяльным растворы на расліннай аснове.

У склад раствору ўваходзілі араматычныя і звязвальныя рэчывы, змочаная тканіна прызначалася для аховы твару ад кузурак і бактэрый, а таксама для прыемнага паху. Гэты працэс не быў задакументаваны раней, аднак ён адпавядае некаторым знойдзеным раней егіпецкім муміям.

У рукапісе таксама выкладзены поўны 70-дзённы графік бальзамавання, падзелены на 2 перыяды, кожны з якіх меў чатырохдзённыя інтэрвалы. Так «аднаўлялі цялесную цэласнасць памерлага».

Першыя 35 дзён выдалялі органы і праводзілі сушку цела. Яго апрацоўвалі сухім карбанатам натрыю звонку і знутры. Астатнія 35 дзён абвязвалі памерлага бінтамі і пакрывалі араматычнымі рэчывамі, каб адпудзіць насякомых і сцярвятнікаў. У гэты ж перыяд праводзілі бальзамаванне твару, апісанае на папірусе. «Упершыню палову рукапісу калекцыі Карлзбэргу прааналізавалі і пераклалі, атрымаўшы дадатковую інфармацыю аб фітатэрапіі і ацёках скуры», - падкрэсліваюць навукоўцы.

Папірус даўжынёй блізу 6 м цяпер стаў яшчэ больш важнай крыніцай што да хвароб і здароўя ў Старажытным Егіпце, у тым ліку пра тое, якія хваробы ўважаліся за справу рук багоў і як з імі можна было змагацца.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках