16 красавiка 2021, Пятніца, 14:32
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

У AliExpress распавялі пра самыя дарагія куплі беларусаў

6
У AliExpress распавялі пра самыя дарагія куплі беларусаў

У топе самых дарагіх пакупак шмат розных сродкаў перамяшчэння.

У Беларусі дзейнічаюць ліміты на пасылкі з замежных крам у 22 еўры. Але гэта не перашкаджае некаторым беларусам заказваць за мяжой тавары коштам некалькі тысяч рублёў: напрыклад, ювелірныя ўпрыгажэнні. У AliExpress Расея падзяліліся інфармацыяй пра самыя дарагія куплі беларусаў на гэтай гандлёвай пляцоўцы. Нагадаем, за перавышэнне лімітаў трэба заплаціць 15% кошту перавышэння, але не менш за 2 еўры за кілаграм. Таксама дадаткова спаганяецца мытны збор у 10 рублёў, піша tut.by.

Амаль 14 тысяч беларускіх рублёў - столькі каштавала адна з самых дарагіх беларускіх пакупак на AliExpress. Гэтую суму заказчык заплаціў за паменшаную радыёкіраваную копію экскаватара ў маштабе 1:14 (гэта значыць, па сутнасці, за цацку).

У топе самых дарагіх пакупак шмат розных сродкаў перамяшчэння: мотаўсюдыходаў SYNBON UVT за 10,5 тысячы рублёў, складаны трохколавы электраскутар за 5200 рублёў, электрасамакат за 2500 рублёў, электравеласіпед за 1600 рублёў. Шмат беларусы гатовыя выдаткоўваць на рознага роду тэхніку і электроніку. У гэтай катэгорыі адной з самых дарагіх пакупак стаў гульнявы ноўтбук Lenovo LEGION Y7000, які каштуе больш за 5000 рублёў. А некаторыя заказваюць не самую стандартную дарагую тэхніку - напрыклад, 3D-прынтэр за 4000 рублёў і нават высокатэхналагічны ложак з абіўкай з натуральнай скуры больш за 5500 рублёў.

Яшчэ адна дарагая катэгорыя пакупак - тое, што можна назваць прадметамі раскошы. Напрыклад, беларусы заказвалі падвеску з белага золата з дыяментамі і аквамарынам за 2400 рублёў, залаты пярсцёнак за 2300 рублёў, футра за 1900 рублёў або метровую крыштальную люстру за 2500 рублёў. Нятанна некаторым абыходзяцца і іх захапленні. Так, хтосьці замовіў ёмісты намёт за 2500 рублёў і рэхалот для рыбалкі за 1950 рублёў.

Нарэшце, некаторыя беларусы нямала патрацілі на AliExpress на эксклюзіўныя рэчы. Напрыклад, арыгінальныя карціны ў коштавым дыяпазоне ад 4500 да 5500 рублёў, дываны ручной працы коштам ад 4000 рублёў, мужчынскія туфлі-лоферы ручной работы са змяінай скуры за 2300 рублёў і нават скрыпку ручной работы з драўніны клёну і елі за 2300 рублёў.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».