29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ: Расейскі танк «Армата» ўзброены лазерамі і рэйкатронамі

22
СМІ: Расейскі танк «Армата» ўзброены лазерамі і рэйкатронамі
ТАНК «АРМАТА» (ЗЛЕВА), ЗАГЛУХЛЫ НА ГЕНЕРАЛЬНАЙ РЭПЕТЫЦЫІ ПАРАДУ ПЕРАМОГІ НА КРАСНАЙ ПЛОШЧЫ
ФОТА: АЛЕГ ЯКАЎЛЕЎ / РБК

Ці магчымае такое?

Сямейства расейскіх браняваных машынаў «Армата» будзе знаходзіцца на ўзбраенні прыкладна тры дзесяцігоддзі, пасля чаго яму на змену прыйдуць новыя сістэмы. Гэтыя перспектыўныя баявыя машыны будуць карэнным чынам адрознівацца ад серыі «Армата» і ад усіх іншых браняваных сродкаў з мінулага. Аднак у расейцаў вельмі слабое ўяўленне пра тое, як будуць выглядаць такія машыны, піша амерыканскае выданне The National Interest (пераклад – inosmi.ru).

«Цяпер на апошняй стадыі распрацоўкі знаходзіцца шмат новых узораў – платформы “Армата”, “Курганец-25”, “Бумеранг” і іншыя – гэта традыцыйныя сродкі, – заявіў дзяржаўнаму інфармацыйнаму агенцтву ТАСС былы кіраўнік Галоўнага аўтабронятанкавага кіравання Міністэрства абароны генерал-палкоўнік Сяргей Маеў. – Яны праслужаць не менш за 25–30 гадоў. На змену ім павінны прыйсці віды ўзбраення на новых фізічных прынцыпах».

«Новыя фізічныя прынцыпы» азначаюць тэхналогіі, якія будуць выкарыстоўвацца ў расейскіх браняваных баявых машынах будучыні. Аднак гэта бессэнсоўная фраза, якая ў Расеі выкарыстоўваецца галоўным чынам у мэтах рэкламы. Такім чынам, з аповеду Маева нейкія новыя думкі і ўяўленні ўзяць немагчыма.

Магчыма, расейцы маюць на ўвазе зброю новага пакалення, як лазеры, узбраенне на мікрахвалях ці рэйкатроны, аднак у роўнай ступені верагодна, што Маеў проста не можа сказаць нічога канкрэтнага. Але з усяго відаць, генерал мяркуе, што перадавыя незаселеныя наземныя сістэмы ўзбраенняў у наступным дзесяцігоддзі будуць выконваць большую ролю ў сухапутных войсках Расейскай Федэрацыі.

«Я маю на ўвазе, вядома, сухапутныя войскі. Што тычыцца паветра, то там, безумоўна, магчымасці для выкарыстання рабатызаваных сродкаў больш аднастайныя, чым на зямлі», – сказаў Маеў ТАСС.

Аднак не выключана, што гэтыя будучыя расейскія інавацыі мала чаго вартыя.

«Гэта тыповая расейская спасылка на нейкую футурыстычную зброю, якая, як яны ўяўляюць, з'явіцца гадоў праз 25–30», – расказаў выданню «Нэшнл Інтэрэст» спецыяліст у расейскай арміі Майкл Кофман (Michael Kofman), які працуе старшым навуковым супрацоўнікам у Цэнтры ваенна-марскога аналізу.

«Аднак танкі ваююць з выкарыстаннем кінэтычнай энэргіі стрэлу і кумулятыўных снарадаў з часоў Першай сусветнай вайны. Таму мы можам сказаць, што 100 гадоў даследчых і канструктарскіх працаў не прывялі да стварэння зброі на новых фізічных прынцыпах. Збольшага гэта выклікана тым, што фізічныя прынцыпы самі сабой не змяняюцца».

У той самы час расейцы прасоўваюць такія навінкі ў танкабудаванні, як ненаселеная вежа, ужытая ў асноўным баявым танку Т-14, а таксама часцей за іншых вылучаюць наватарскія ідэі, увасобленыя, напрыклад, у баявой машыне падтрымкі танкаў «Тэрмінатар». Такім чынам, нельга выключаць, што яны працуюць над некаторымі вельмі цікавымі канцэпцыямі будучых наземных войнаў.

А што тычыцца Т-14, то расейцы дасягнулі пэўнага поспеху. Паводле ацэнкі некаторых еўрапейскіх вайскоўцаў, Т-14 стане грознай баявой машынай і пераўзыдзе ў сваіх характарыстыках сённяшнія амерыканскія і натаўскія танкі, як М1А2 «Абрамс» і фенаменальны нямецкі асноўны баявы танк 2A7+ «Леапард». Асабліва трэба адзначыць такія характарыстыкі «Арматы», як хуткасць, манеўранасць і жывучасць.

«У Т-14 такая самая магутнасць на выхадзе, як у "Леапарда-2" і ў М1 "Абрамс", але маючы баявую вагу 48 тонаў, ён на 20% лягчэйшы, і таму ўдзельная магутнасць у яго складае 31,3 конскай сілы на тону вагі. У параўнанні з заходнімі ўзорамі, у якіх гэты паказнік роўны 24 конскія сілы на тону, гэтая новая машына надзвычай рухомая», – напісаў выпускнік Універсітэта прыкладных навук капітан Стэфан Бюлер (Stefan Bühler), які служыць у Цэнтры павышэння кваліфікацыі ўзброеных сілаў Швэйцарыі афіцэрам у абясшкоджванні выбуховых прыладаў і адначасова камандзірам танкавай роты.

«Гусеніцы ў цяперашняй версіі Т-14 вузейшыя ў параўнанні з машынамі "Леапард-2" і М1 "Абрамс", але дзякуючы меншай вазе ён не вельмі мае патрэбу ў шырокіх гусеніцах. Удзельны ціск на грунт у яго будзе прыкладна такім, як і ў заходніх танкаў».

Акрамя таго, выкарыстоўваючы спалучэнне актыўных сістэмаў абароны, рэактыўную браню і пасіўную шматслаёвую броню, Т-14 надзейней абароніць свой экіпаж у параўнанні з такімі заходнімі машынамі, як «Абрамс». Далей Бюлер адзначае, што ненаселеная вежа «Арматы» дае некаторыя перавагі ў жывучасці.

«Грунтуючыся на ўсіх гэтых меркаваннях, мы павінны зрабіць выснову, што Т-14 "Армата" забяспечвае экіпажу больш высокую ступень абароны ў параўнанні з заходнімі танкамі, хоць баявая вага ў яго значна ніжэйшая», – піша ён.

Але ў пагоні за інавацыямі ў серыі машынаў «Армата» расейцы маглі зрабіць адзін промах. Ненаселеная вежа Т-14 можа стварыць праблемы для ацэнкі сітуацыі ў баі. Аднак дэбаты на гэтую тэму далёка не скончаныя.

«Цяпер эксперты спрачаюцца ў асноўным, ці страчвае камандзір неабходны агляд, калі сядзіць унутры танка, і ці даюць яму тэлекамеры і оптыка-электронныя прыцэльныя прыстасаванні той самы аб'ём інфармацыі, што і аптычныя прыцэльныя прылады з сістэмамі назірання, устаноўленыя на танках цяперашняга пакалення, – піша Бюлер. – Погляд у неба дае адказ на гэтае пытанне (з тэхнічнага гледзішча). Лётчык F-35 бачыць скрозь самалёт, маючы індыкатар на лабавым шкле. Кампутар стварае віртуальны трохмерны малюнак, атрымліваючы відэасігналы ад устаноўленых паўсюль камераў. Камандзір сочыць за гэтым малюнкам у накіраванні свайго зроку. Ізраільская кампанія "Элбіт Сістэмс" (ELBIT Systems) ужо прапанавала такую тэхналогію для браняванай тэхнікі пад назвай "Жалезны зрок" (Iron Vision). Дзякуючы ёй камандзір Т-14 зможа бачыць поле бою нават лепш, чым камандзір танка з заселенай вежай».

Т-14 пакуль яшчэ не прыняты на ўзбраенне і не даказаў сваю эфектыўнасць у баі. Час пакажа, наколькі паспяховая «Армата».

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках