16 красавiка 2021, Пятніца, 10:02
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Павераны ў справах ЗША ў Беларусі сустрэўся з прадстаўнікамі царквы «Новае жыццё»

1
Павераны ў справах ЗША ў Беларусі сустрэўся з прадстаўнікамі царквы «Новае жыццё»
ДЖЭФРЫ ДЖУК

Вашынгтон пацвердзіў падтрымку свабоды веравызнання кожнай рэлігійнай групы.

Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джэфры Джук 4 сакавіка сустрэўся з прадстаўнікамі абшчыны хрысціян поўнага Евангелля «Царква «Новае жыццё», якую менскія ўлады выселілі з дому малітвы на вуліцы Кавалёва, піша сайт naviny.by.

«Павераны выказаў занепакоенасць Злучаных Штатаў з нагоды высялення і патрабаванняў уладаў аб выплаце царквой падатковых запазычанасцяў, ад якіх рэлігійныя групы вызваленыя», - гаворыцца ў паведамленні амерыканскай амбасады.

ЗША «пацвярджаюць падтрымку свабоды веравызнання кожнай рэлігійнай групы, уключаючы абшчыны Поўнага Евангелля і Царкву «Новае жыццё», і заклікаюць улады аднавіць магчымасці яе прыхаджан збірацца і маліцца без абмежаванняў або фінансавых штрафаў у месцах, бяспечных і надзейных для вернікаў».

17 лютага судовыя выканаўцы ў суправаджэнні супрацоўнікаў міліцыі ўвайшлі ў будынак царквы «Новае жыццё» пасля таго, як камунальныя работнікі выбілі дзверы. У царкве ў гэты час знаходзілася блізу 50 вернікаў, якія маліліся аб развязанні сітуацыі, якая склалася. Адміністратар царквы Віталь Антончыкаў паведаміў БелаПАН, што супрацоўнікі органаў «запатрабавалі мікрафон і папрасілі ўсіх людзей пакінуць памяшканне, інакш усе будуць арыштаваныя. Пасля гэтага папярэджання чальцы абшчыны пакінулі будынак.

Праз некаторы час прадстаўнікам абшчыны дазволілі забраць частку маёмасці. Астатнія рэчы царквы былі апісаныя. Будынак закрылі, усе дзверы апячаталі.

Антончыкаў паведаміў, што пакуль абшчына мае намер больш шырока выкарыстоўваць онлайн-фармат для правядзення малітоўных сходаў.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».