25 красавiка 2024, Чацвер, 15:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Золатавалютныя рэзервы Беларусі знізіліся на траціну мільярда даляраў

1
Золатавалютныя рэзервы Беларусі знізіліся на траціну мільярда даляраў

Рэжым застаўся без «падушкі бяспекі».

Золатавалютныя рэзервы Беларусі ў лютым працягнулі скарачацца і на 1 сакавіка 2021, паводле папярэдніх звестак, склалі 7 млрд 114,5 млн даляраў ЗША ў эквіваленце, паведамляюць naviny.online са спасылкай на Нацыянальны банк.

«За люты 2021 года золатавалютныя рэзервы Беларусі знізіліся на 88,9 млн даляраў ЗША (на 1,2%) пасля скарачэння ў студзені на 265 млн даляраў ЗША (на 3,5%)», - гаворыцца ў паведамленні Нацбанка.

У пачатку года рэзервы Беларусі складалі 7 млрд 468,5 млн даляраў. Такім чынам, з пачатку года яны знізіліся на 4,7%, або на 354 млн даляраў.

Са звестак Нацбанка, узровень рэзерваў «знізіўся за люты з прычыны планавай выплаты замежных і ўнутраных дзяржаўных абавязанняў у замежнай валюце на суму блізу 250 млн даляраў ЗША». Акрамя гэтага, спрыяў зніжэнню рэзерваў продаж Нацбанкам замежнай валюты на ўнутраным рынку.

«Пры гэтым попыт на замежную валюту на ўнутраным рынку быў у асноўным абумоўлены рэалізацыяй мерапрыемстваў аб пераводзе крэдытнай запазычанасці асобных прадпрыемстваў з замежнай валюты ў беларускія рублі», - удакладняе Нацбанк.

Падтрыманню ўзроўню золатавалютных рэзерваў у лютым спрыяла паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад продажу дзяржаўных аблігацый, намінаваных у замежнай валюце, на ўнутраным рынку.

Рэгулятар нагадвае, што згодна з асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2021 год міжнародныя рэзервовыя актывы да канца года павінны скласці не менш за 6 млрд даляраў ЗША.

У студзені першы намеснік старшыні ўправы Нацбанка Сяргей Калечыц на пашыраным пасяджэнні ўправы адзначыў, што далейшае зніжэнне рэзерваў у 2021 годзе чакаецца ў сувязі з неабходнасцю выплат за дзяржаўныя пазыкі сумай 3,3 млрд даляраў.

«У існых эканамічных умовах прагназаванае зніжэнне золатавалютных рэзерваў да велічыні, эквівалентнай не менш як двух месяцаў імпарту тавараў і паслуг, не нясе празмерных рызык для макраэканамічнай стабільнасці», - запэўніў першы намеснік кіраўніка Нацбанка.

За 2020 год золатавалютныя рэзервы істотна скараціліся - на 1,9 млрд даляраў ЗША, або на 20,5% (на пачатак 2020 года яны складалі 9,4 млрд даляраў).

Летась рэзервы істотна зніжаліся двойчы: у сакавіку - на 1 018,4 млн даляраў, у жніўні - на 1 399,8 млн. Памяншэнне рэзерваў было абумоўлена ростам дэвальвацыйных чаканняў, якія, на думку эканамістаў, у сакавіку былі выкліканыя пандэміяй, а ў жніўні - палітычным крызісам.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках