19 красавiка 2024, Пятніца, 2:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Рукі прэч ад «Вясны!»: Праваабаронцы выступілі з заявай

1
«Рукі прэч ад «Вясны!»: Праваабаронцы выступілі з заявай
ФОТА: «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр адрэагаваў на сфабрыкаваную ўладамі супраць яго крымінальную справу.

Галоўная ўправа расследавання злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Цэнтральнага апарата Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь расследуе крымінальную справу, распачатую па факце дзейнасці праваабарончага цэнтра «Вясна», паведамляюць праваабаронцы.

Крымінальная справа распачатая паводле арт.342 КК. На гэты момант у яе рамках адбываюцца актыўныя следчыя дзеянні: ператрусы ў офісах нашых рэгіянальных аддзяленняў і ў кватэрах сяброў арганізацыі, выклікі на допыты і іншыя працэсуальныя дзеянні.

- Трэба адзначыць, што напярэдадні гэтых падзей паводле падобных абвінавачванняў былі ўзятыя пад варту праваабаронцы і валанцёры ПЦ «Вясна» Марфа Рабкова, Андрэй Чэпюк, Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца, а на дзяржаўнай тэлевізіі вядзецца прапагандысцкая інфармацыйная кампанія, у якой ПЦ «Вясна» фактычна абвінавачваюць у тэрарыстычнай дзейнасці, - гаворыцца ў заяве «Вясны».

Праваабаронцы адзначаюць, што праваабарончы цэнтр «Вясна», які ў красавіку гэтага года будзе адзначаць 25-годдзе сваёй дзейнасці, ёсць добраахвотнае аб'яднанне грамадзян, якія дзейнічаюць у адпаведнасці з Дэкларацыяй аб праве і абавязках асобных асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды, якая гарантуе права кожнага індывідуальна альбо ў групе асоб абараняць правы іншых. Такая дзейнасць цалкам адпавядае Канстытуцыі Беларусі і павінна быць гарантаваная з боку дзяржавы.

- «Вясна» ніколі не з'яўлялася арганізатарам якіх бы там ні было гвалтоўных дзеянняў і заўсёды падтрымлівала мірную рэалізацыю грамадзянскіх і палітычных свабод. Мы расцэньваем пачатак крымінальнага пераследу па факце дзейнасці ПЦ «Вясна» як чарговы пераслед у сувязі з нашай актыўнай праваабарончай дзейнасцю з боку існага аўтарытарнага палітычнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які адбываецца на фоне беспрэцэдэнтных рэпрэсій у краіне, - адзначаюць у «Вясне».

Праваабарончы цэнтр патрабуе ад уладаў Беларусі:

• неадкладна спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да ПЦ «Вясна» і пераслед сябраў нашай арганізацыі;

• неадкладна вызваліць з-пад варты праваабаронцаў і валанцёраў ПЦ «Вясна» Марфу Рабкову, Андрэя Чэпюка, Леаніда Судаленку і Таццяну Ласіцу, нашых калегаў з Офіса правоў людзей з інваліднасцю Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага, а таксама сотні іншых палітычных зняволеных;

• спыніць практыку арыштаў і судовага пераследу праваабаронцаў у Беларусі;

• гарантаваць магчымасць усім праваабаронцам у Беларусі ажыццяўляць сваю законную праваабарончую дзейнасць ва ўсіх абставінах без абмежаванняў і без страху помсты, у тым ліку без рызыкі судовага пераследу.

Нагадаем, ранкам 16 лютага сілавікі з ператрусамі прыйшлі да прадстаўнікоў Беларускай асацыяцыі журналістаў, праваабаронцаў, валанцёраў, юрыстаў, а таксама прафсаюзных актывістаў. Усюды канфіскоўвалі тэхніку, сродкі сувязі, грошы, дакументы, якія тычацца дзейнасці арганізацый, а таксама сцягі, плакаты, друкаваную прадукцыю. Некалькі чалавек былі затрыманыя.

У МУС мяркуюць, што праваабаронцы і журналісты, «як замежныя агенты, арганізоўвалі і фінансавалі пратэсты пад прыкрыццём праваабарончай дзейнасці».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках