25 красавiка 2024, Чацвер, 3:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Смелая оперная спявачка, якая цвеліць чыноўнікаў і сілавікоў

13
Смелая оперная спявачка, якая цвеліць чыноўнікаў і сілавікоў
Маргарыта Ляўчук

Хто такая Маргарыта Ляўчук?

Маргарыта Ляўчук - оперная спявачка, якой у беларускай медыйнай прасторы становіцца ўсё больш і больш. І калі раней яе сапрана можна было пачуць, напрыклад, са сцэны Вялікага тэатра, то цяпер дзяўчына актыўна занялася сваім YouTube-каналам, дзе ў іранічных відэа цвеліць чыноўнікаў і сілавікоў. Хто яна, смелая беларуска, якая займаецца палітычным актывізмам, у той час як пяць хвілін яе спеваў каштуюць 1000 еўраў? На гэтае пытанне адказаў tut.by.

«У дзяцінстве маім мікрафонам была скакалка альбо шнур ад электрычнага чайніка»

Маргарыце Ляўчук 30 гадоў. Яна нарадзілася ў вёсцы Страдзечы пад Берасцем, скончыла Берасцейскі музычны каледж імя Шырмы і Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. З 2012 года была салісткай музычнага дома «Класіка», з 2016-га спявала ў беларускім Вялікім тэатры. Спявачка брала майстар-класы ў оперных зорак і перамагла на 14 вакальных конкурсах у Беларусі, Расеі, Італіі, Гішпаніі, Нямеччыне, ЗША Грузіі, Эстоніі і Літве.

Пра сябе Маргарыта распавядала так:

- З самага дзяцінства я хацела быць спявачкай. Я збірала шмат дзетак у сябе ў двары, давала ім канцэрты. Маім мікрафонам была скакалка альбо шнур ад электрычнага чайніка. < ... > Я жыла ў вёсцы: вечка ад склепа было маёй сцэнай, печка - кулісамі.

YouTube-канал Маргарыты, нядаўнія відэа на якім збіраюць сотні тысяч праглядаў, існуе ўжо даўно. Яшчэ блізу трох гадоў таму спявачка рупліва выкладвала выпускі праекта «Вялікая опера» канала «Расія-Культура», у якім стала фіналісткай. Цікава, што на гэтым шоў яна не толькі выконвала класічныя арыі, але і ўжо тады хуліганіла: з'яўлялася ў касмічных уборах, падхапіла амерыканскія хіты (напрыклад, песню Fergie — A Little Party Never Killed Nobody). Яе нават называлі галоўнай аматаркай эксперыментаў праекта і будучым оперы. Саму сябе ў анкеце ўдзельніцы дзяўчына характарызавала так: «Я феерычная, неардынарная і мэтанакіраваная».

Акрамя ўдзелу ў папулярным оперным праекце Маргарыта Ляўчук у 2017 годзе засвяцілася ў ролі нэпаўскай спявачкі ў расейскім серыяле «Анёл-ахоўнік». Увесь гэты час на YouTube спявачкі выходзілі відэа з канцэртаў на галоўных оперных пляцоўках свету. У інтэрв'ю The Village Belarus Маргарыта прызналася, што пяць хвілін яе спеваў каштуюць 1000 еўраў.

Пра тое, што з пачуццём гумару і самаіроніяй у опернай дзівы поўны парадак, можна зразумець, напрыклад, па відэа, дзе оперная спявачка ў абдымку з бярозай спявае ўкраінскую народную песню «Ой там на горі». Або па відэа з вясковай блогеркай Бабай Рытай, вобраз якой нарадзіўся ў Маргарыты ў пачатку пандэміі. У персанажа ёсць асобны YouTubе-канал.

«Пакутую і не ведаю, што магу зрабіць асабіста, каб у маёй краіне не было міліцэйскага гвалту»

Не да жартаў стала ў канцы чэрвеня мінулага года, калі ўбіралася ў сілу перадвыбарная сітуацыя: тады дзяўчына публічна адрэагавала на гучныя затрыманні каля крамы Symbal.by, сказаўшы, што яе сэрца баліць за Радзіму і маўчаць яна не можа.

— Я пакутую і не ведаю, што магу зрабіць асабіста, каб у маёй краіне не было міліцэйскага гвалту. Улады, міліцыя, суды больш не ахоўваюць свой беларускі народ, яны захоўваюць рэжым. Я не веру, што людзі ў маёй краіне не разумныя. І не хачу верыць у тое, што тыя, хто прысягаў на вернасць свайму народу, здолеюць здрадзіць яму.

Тое, што адбывалася летам мінулага года, спявачка параўнала са страшным сном, дурным фільмам і неймаверным фэйкам. Яна выказала жаданне жыць у сапраўды свабоднай краіне.

У гэты ж час спявачка запісала разам з Лявонам Вольскім «Паветраны шар». Дуэт нарадзіўся дзякуючы музычнаму праекту «Спяваем Годна», ідэя якога ў тым, што беларусы спяваюць онлайн знакавыя песні. Менавіта тады прагляды на YouTube Маргарыты выраслі ледзь не ў 10 разоў.

Следам была джазавая Ave Maria з Паўлам Аракелянам, потым - «Муры» з ім жа, затым — оперны кавер на «Шчучыншчыну». Так Маргарыта стала адным з самых прыкметных галасоў беларускага пратэсту.

А ў кастрычніку нароўні з беларускімі і замежнымі зоркамі Маргарыта знялася ў кліпе гурта Nizkiz на песню «Правілы» — адзін з галоўных пратэстных трэкаў мінулага года. З бел-чырвона-белым сцягам яе захавалі на фоне Вялікага тэатра, адкуль Маргарыта звольнілася ў сакавіку 2020-га пасля чатырох гадоў працы.

Сваё звальненне яна каментуе так: калектыў быў выдатны, але з начальствам не спеліся:

- Увесь час не пакідала адчуванне, што я знаходжуся ў Савецкім тэатры пачатку 50-х гадоў. Вельмі закасцянелы падыход да працы, вельмі бракавала свабоды. Вобразна: б'ешся галавой аб сцяну, але цябе ніхто не чуе - такая сістэма. А я не хачу жыць у сістэме. Я хачу спяваць.

З канца мінулага года Маргарыта разам з гітарыстам і блогерам Андрэем Павуком сталі выпускаць каверы на вядомыя беларускія кампазіцыі — «Завіруха», «Каляда», «Спадчына», «Аксамітны вечар» (дарэчы, у пары відэа дуэт з'яўляўся ў футболках з лагатыпамі беларускіх заводаў — МАЗ, МТЗ, МЗКЦ, «Нафтан»).

Але гэтага музыкам падалося мала. Тады яны абвясцілі сябе патрыятычным дуэтам «Чырвоная зеляніна»: новая творчая адзінка выконвае песні на трасянцы і з'яўляецца на экране ў чырвона-зялёных уборах з аксэсуарамі адпаведных колераў (калі што, гэта тролінг). Тэксты гумарыстычных кампазіцый абавязкова на актуальныя тэмы.

Спачатку на YouTube-канале Ляўчук з'явілася пародыя на песню «Накажы іх, Божа», пушчаную за пару дзён да гэтага па СТВ.

Уначы 23 лютага Ляўчук выпусціла новы кліп - «Калыханку полузашчытнікам 3%-ва ацечэства», у ёй згадваюцца АМАП, ГУБАЗіК і «змагары». А ўчора спявачка выклала відэа на песню «З дном МУС», у якой прайшлася па прадстаўніках сілавой структуры: Кубракову, Карпянкову, Балабе, Казакевічу, Чамаданавай і нават Шуневічу.

Усе тры ролікі «Чырвонай зеляніны» завірусіліся ў Інтэрнэце: кожны з іх паглядзелі больш за 100 тысяч чалавек. Магчыма, бо гэта нешта якасна новае для беларускага інтэрнэту, асабліва цяпер, пасля больш чым двухсот дзён пратэстаў. Нават нягледзячы на гучныя затрыманні музыкаў і агульны песімізм, Ляўчук і Павук дзеляцца сваёй смелай творчасцю.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках