25 красавiка 2024, Чацвер, 11:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як вялікі князь літоўскі Тройдэн даў адпор Лівонскаму ордэну

Як вялікі князь літоўскі Тройдэн даў адпор Лівонскаму ордэну

5 сакавіка 1279 года адбылася бітва пад Ашэрадэнам.

У 1275 годзе крыжакі Лівонскага ордэна пабудавалі Дынабуржскі замак на землях, якія належалі Тройдэну, - на правым беразе Заходняй Дзвіны. Адтуль яны маглі ладзіць паходы ў самы цэнтр ВКЛ. Разлік крыжакоў быў на тое, што літвіны занятыя барацьбой з галіцкім князем Львом Данілавічам, паведамляе «Еўрарадыё».

Але ўжо ў 1277 годзе Тройдэн аблажыў Дынабуржскі замак. Ягоным хаўруснікам стала Полацкае княства, калі ў войску Тройдэна было шмат палачан. Аблога доўжылася месяц. Літвіны пабудавалі чатыры перасоўныя абложныя вежы, стралялі камянямі з баліст, але захапіць замак не змаглі і сышлі за Дзвіну. Прычынай для зняцця аблогі з'явілася таксама ўварванне аб'яднанага галіцка-татарскага войска, але і гэты паход скончыўся беспаспяхова праз канфлікт паміж яго ўдзельнікамі.

У адказ на паход на Дынабург у канцы 1278 года лівонцы таксама ўварваліся на землі ВКЛ. У іх войска ўвайшлі харугвы самога ордэна, рыжскага арцыбіскупа з Эстляндыі (якая тады належала Даніі), а таксама дружыны падначаленых ордэну земгалаў і куршаў. Паход узначаліў магістр Эрнст фон Ратцэбург.

А Тройдэн незадоўга да ўварвання лівонцаў паслаў свайго малодшага брата Сірпутыя на дапамогу яцьвягам - рабаваць Мазовію і Усходнюю Польшчу, таму сіл для магутнага адпору крыжакам у яго спачатку не было.

У студзені 1279-га яны аблажылі Кернова. Ордэнскія храністы звалі Кернова «горадам Тройдэна». На гэтай падставе гісторыкі з Летувы абвясцілі Кернова тагачаснай сталіцай ВКЛ, што не адпавядае рэальнасці. Да Гедыміна ніякай сталіцы ВКЛ не было, а рэзідэнцыямі вялікіх князёў былі тыя гарады, якія адпавядалі кірунку іх замежнай палітыкі. Для Тройдэна галоўную небяспеку ўяўлялі крыжакі Лівонскага і Тэўтонскага ордэнаў.

Аблога Кернова была беспаспяховай, і ў лютым крыжакі, абрабаваўшы яго наваколлі, пайшлі назад. А Тройдэн, сабраўшы дагэтуль войска, пайшоў услед за імі і 5 сакавіка 1279 года дагнаў каля ордэнскага замка Ашэрадэн. Да гэтага моманту магістр ужо адпусціў па дамах земгалаў і куршаў з іх часткай здабычы.

Тройдэн наважыў расчляніць Лівонскай-дацкае войска на дзве часткі і разбіць іх па адзіночцы. Таму ў нейкі момант частка ягоных воінаў раптам кінулася ў ілжывае адступленне. Датчане пагналіся за «ўцекачамі», патрацілі шмат часу, але не дагналі. А пакуль яны вярталіся на поле бітвы, Тройдэн паспеў разбіць лівонцаў. Датчане трапілі ў пастку і амаль усе былі знішчаныя. У бітве загінуў лівонскі магістар і 71 ордэнскі брат, амаль уся дацкая дружына разам з Рэвельскім намеснікам Эйлартам фон Обергам. Гэта без зброяносцаў рыцараў і шараговых воінаў - лучнікаў, дзіданосцаў, воінаў з сякерамі (сякірамі) і дубінамі.

Поспех пры Ашэрадэне быў замацаваны ў тым жа 1279 годзе саюзам Тройдэна з князем Мазовіі Баляславам II. Ён ажаніўся з дачкой Тройдэна Гедыміндай. А сам Тройдэн, у якога памерла жонка, узяў у жонкі мазавецкую князёўну Ганну. Гэты саюз быў накіраваны і супраць Тэўтонскага ордэна, і супраць Польшчы.

Земгалы паднялі чарговае паўстанне супраць тэўтонцаў і звярнуліся па падтрымку да Тройдэна, а іх правадыр Намейсіс прызнаў сябе васалам Тройдэна. У 1281 годзе Тройдэн захапіў замак Герцыке на Дзвіне і адрэзаў Дынабург ад астатняй Лівоніі. Тады крыжакі аддалі яму гэты замак узамен Герцыке.

Цяжка сказаць, што было б далей, але ў 1282 годзе Тройдэна забілі найміты Стуманд і Гірдэлай, якія пасля гэтага ўцяклі да тэўтонцаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках