25 красавiка 2024, Чацвер, 20:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Распачатая крымінальная справа супраць праваабарончага цэнтра «Вясна»

11
Распачатая крымінальная справа супраць праваабарончага цэнтра «Вясна»
ФОТА: SPRING96.ORG

Праваабаронцы заявілі, што не спыняць сваю дзейнасць на карысць беларускага грамадства.

У Беларусі расследуецца крымінальная справа, распачатая паводле факта дзейнасці праваабарончага цэнтра (ПЦ) «Вясна». Гэта пацвердзіў у пятніцу, 5 сакавіка, у гутарцы з DW намеснік старшыні арганізацыі Валянцін Стэфановіч.

Паводле звестак Рады ПЦ «Вясна», крымінальная справа супраць праваабаронцаў была распачатая паводле артыкула аб арганізацыі і актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

У рамках крымінальнай справы ўжо было праведзена некалькі допытаў. Цяпер следства вядзе ператрусы ў офісах рэгіянальных аддзяленняў арганізацыі, а таксама ў кватэрах яе сябраў. Так, 4 сакавіка прайшлі ператрусы ў шасці валанцёраў у Магілёве. Адным з падазраваных праходзіць сябра Рады ПЦ «Вясна» Дзмітрый Салаўёў. На гэты момант ён знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Акрамя таго, былі ўзятыя пад варту праваабаронцы і валанцёры ПЦ «Вясна» Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца, гаворыцца на сайце арганізацыі.

Крымінальная справа супраць ПЦ «Вясна» ў Беларусі

Як распавёў Валянцін Стэфановіч, пра крымінальную справу ў дачыненні да ПЦ «Вясна» было вядома ўжо некалькі тыдняў таму, аднак толькі зараз у кіраўніцтва арганізацыі з'явілася дакладная інфармацыя пра тое, што распачатая яна была менавіта паводле факта дзейнасці «Вясны» і сяброў праваабарончага цэнтра.

Са слоў Стэфановіча, расследаванне паводле справы супраць «Вясны» закранула фактычна ўсе рэгіянальныя аддзяленні арганізацыі. «Сітуацыя будзе развівацца далей. Магчыма, падазраваных, абвінавачаных будзе больш. Кагосьці, можа, пад варту возьмуць», - мяркуе праваабаронца.

Заява ПЦ «Вясна» ў сувязі з крымінальнай справай

5 сакавіка Рада ПЦ «Вясна» апублікавала на сваім сайце заяву ў сувязі з крымінальнай справай, што вядзецца супраць арганізацыі. У дакуменце падкрэсліваецца, што праваабарончая дзейнасць ПЦ «Вясна» цалкам адпавядае Канстытуцыі Беларусі і павінна быць гарантаваная з боку дзяржавы, а сам праваабарончы цэнтр «ніколі не з'яўляўся арганізатарам якіх бы там ні было гвалтоўных дзеянняў і заўсёды падтрымліваў мірную рэалізацыю грамадзянскіх і палітычных свабод».

Нягледзячы на гэта, на працягу ўсіх 25 гадоў свайго існавання арганізацыя «рэгулярна сутыкаецца з актамі ціску, запалохвання і пераследу» яе сябраў, указваюць праваабаронцы.

«Мы расцэньваем пачатак крымінальнага пераследу паводле факта дзейнасці ПЦ «Вясна» як чарговы пераслед у сувязі з нашай актыўнай праваабарончай дзейнасцю з боку існага аўтарытарнага палітычнага рэжыму Лукашэнкі, які адбываецца на фоне беспрэцэдэнтных рэпрэсій у краіне», - падкрэсліваюць аўтары заявы.

«Мы выказваем свой пратэст у сувязі з чарговымі рэпрэсіямі ў дачыненні да нашай арганізацыі і яе сябраў. Мы ніколі не спынім сваёй законнай праваабарончай дзейнасці на карысць усяго беларускага грамадства, накіраванай на прасоўванне ідэй і каштоўнасцяў правоў чалавека і дэмакратыі», - рэзюмуюць яны.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках