18 красавiка 2024, Чацвер, 15:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыс Джонсан шукае грошы на рамонт службовай кватэры

7
Барыс Джонсан шукае грошы на рамонт службовай кватэры

Выдаткі перавышаюць выдзелены прэм'еру Брытаніі бюджэт.

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Барыс Джонсан і яго нявеста Кэры Саймондс абмяркоўваюць розныя варыянты фінансавання рамонту кватэры на Даўнінг-стрыт. Паводле інфармацыі Бі-бі-сі, разглядаецца магчымасць стварэння дабрачыннага фонду, каб прыцягнуць ахвяраванні.

Пара жыве ў кватэры з чатырма спальнямі па адрасе Даўнінг-стрыт, 11, над афіцыйнай рэзідэнцыяй міністра фінансаў.

Там жылі і некалькі іх папярэднікаў, таму што гэтая кватэра значна большая за тую, што размешчаная над рэзідэнцыяй прэм'ера па суседстве - на Даўнінг-стрыт, 10.

Джонсан і Саймондс заехалі ў гэтую кватэру ў ліпені 2019 года, а ў красавіку мінулага года нарадзіўся іх агульны сын Вілфрэд.

Са слоў крыніц Бі-бі-сі, рамонт ужо практычна скончаны, і зараз ідуць абмеркаванні на высокім узроўні, каб вырашыць, хто будзе за яго плаціць.

Прэм'ер-міністр Злучанага Каралеўства можа выдаткоўваць да 30 тысяч фунтаў у год на рамонт і абстаноўку службовага жылля. Цяперашнія абмеркаванні датычацца выдаткаў, якія перавышаюць гэтую суму.

Прэс-сакратар прэм'ера адмовіўся ад каментароў і сказаў, што ўсе падрабязнасці рамонту будуць апублікаваныя ў належны час.

Першай пра магчымасць стварэння дабрачыннага фонду напісала газета Daily Mail.

У артыкуле таблоіда гаворыцца, што афіцыйнай місіяй фонду можа быць захаванне і рэстаўрацыя ўсяго комплексу ўрадавых будынкаў у дамах №10 і 11 па Даўнінг-стрыт, але сапраўдная яго мэта - аплаціць рамонт кватэры, дзе жывуць Джонсан і Саймондс.

Таблоід таксама падкрэслівае, што ідэя стварэння фонду не новая: у ЗША прэзідэнты такім чынам аплочваюць дадатковыя выдаткі на рамонт Белага дома, якія выходзяць за належныя ім на гэта 100 тысяч даляраў бюджэтных сродкаў.

Брытанскія СМІ пішуць, што менавіта нявеста прэм'ера займаецца выбарам шпалер, прадметаў інтэр'еру і іншых дэталяў.

Паведамляецца, што яна наняла Лулу Літл, сузаснавальніцу фірмы Soane Britain, якая прапануе дарагі інтэр'ерны дызайн і мэблю брытанскай вытворчасці з выкарыстаннем экалагічных матэрыялаў і традыцыйных рамёстваў.

Сярод кліентаў фірмы - дарагія гатэлі, напрыклад лонданскія Connaught і Claridges, рэстарацыі і закрытыя джэнтльменскія клубы; яна таксама займаецца інтэр'ерамі яхт і прыватных дамоў.

Крыніца Бі-бі-сі пацвердзіла ўдзел Літл у рамонце.

Апошні раз кватэра на Даўнінг-стрыт, 11 рамантавалася ў 2011 годзе, калі там жыў тагачасны прэм'ер Дэвід Кэмеран з жонкай і дзецьмі.

Усе выдаткі звыш належных 30 тысяч фунтаў бюджэтных сродкаў ён аплаціў са сваёй кішэні.

Апазіцыя лічыць, што Джонсан павінен зрабіць гэтак жа; яна таксама паказвае на магчымы канфлікт інтарэсаў.

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі атрымлівае за сваю працу жалаванне (у гэтым фінансавым годзе - больш за 75 тысяч фунтаў стэрлінгаў) і яшчэ адно жалаванне ў якасці сябра парламента - без даплат яно складае блізу 82 тысяч фунтаў у год. Пасля выліку ўсіх падаткаў і сацыяльных адлічэнняў застаецца блізу 109 тысяч у год (151 тысяч даляраў).

Шатландская нацыянальная партыя назвала ідэю стварэння фонду «вельмі непрыстойнай».

Дэпутат ад Лейбарысцкай партыі Сара Оўэн напісала прэм'ер-міністру ліст з просьбай распавесці пра выкарыстанне грошай падаткаплацельшчыкаў на рамонт рэзідэнцыі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках