18 красавiка 2024, Чацвер, 12:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Турбіны Siemens для Беларусі: нямецкія кампаніі ды рэжым Лукашэнкі

21
Турбіны Siemens для Беларусі: нямецкія кампаніі ды рэжым Лукашэнкі

Ад пазіцыі замежнага бізнэсу часам шмат што залежыць.

Што? Ізноў Siemens? Зноўку турбіны? Ізноў скандал на постсавецкай прасторы? Так і хочацца выгукнуць: вось гэта дэжа-вю, піша «Нямецкая хваля».

Аднак не будзем спяшацца: цяперашняя гучная гісторыя істотна адрозніваецца ад той, што разыгралася ў 2017 годзе, калі Расея ў абыход санкцый ЕЗ даставіла на анэксаваны ёй ўкраінскі паўвостраў Крым зімэнсаўскія турбіны для электрастанцый. Гэтым разам падзеі звязаныя з Беларуссю, пастаўкі не падпадаюць пад санкцыі, дый фірма ўжо не зусім тая. Словам, давайце разбірацца.

Каментары ў сацыяльных сетках з патрабаваннем не супрацоўнічаць з дыктатарам

З канца лютага гэтага года нямецкі тэхналагічны канцэрн Siemens сутыкаецца з тым, што ці не пад кожным яго допісам у сацыяльных сетках, напрыклад у Facebook, з'яўляюцца каментары, часцяком дзясяткі, на ангельскай, часткова на нямецкай і расейскай мовах прыкладна такога зместу: "Спыніце супрацоўніцтва з дыктатарам Лукашэнкам!", "Не падтрымлівайце гвалт і катаванні ў Беларусі!", "Кантракт з "Брэстэнэрга" - гэта крывавыя грошы".

Аналагічныя заклікі - праўда, у меншай колькасці - сталі з'яўляцца і на старонках Commerzbank. Гэты банк, адзін з найбольшых у Нямеччыне, узяў удзел у крэдытаванні паставак газавых турбін вырабу швэдскай фірмы Siemens Industrial Turbomachinery AB беларускаму дзяржаўнаму прадпрыемству "Брэстэнэрга". Угода была ўкладзеная ў лютым, пра яе афіцыйна нічога не паведамлялася, але беларускія актывісты хутка высветлілі, хто даў фінансавыя сродкі. І пайшла хваля абураных каментароў на адрас яе ўдзельнікаў.

Апазіцыйная беларуская грамадскасць пры падтрымцы дыяспары чыніць публічны ціск на заходнія кампаніі, каб тыя, баючыся рэпутацыйных страт, згарнулі супрацоўніцтва з цяперашнімі ўладамі Беларусі. Бо ад пазіцыі замежнага бізнэсу часам шмат што залежыць. Гэта пераканаўча давяла адмова Міжнароднай федэрацыі хакея на лёдзе (IIHF) праводзіць частку гульняў чэмпіянату свету 2021 года ў Менску.

Вызначальную ролю пры гэтым адыгралі фундатары з Нямеччыны. Пасля таго як аўтабудаўнік Skoda, стоадсоткавая даччыная фірма канцэрна Volkswagen, канцэрн Beiersdorf з касметычнай маркай Nivea Men і вытворца маторнай алівы і аўтахіміі Liqui Moly адзін за адным заявілі ў студзені, што не прымаюць гвалту і парушэнняў правоў чалавека, а таму не будуць фундаваць чэмпіянат у выпадку правядзення матчаў у сталіцы Беларусі, стала ясна: Лукашэнка не атрымае магчымасці выхваляцца падчас ЧС-2021.

Будаўніцтва Беларускай АЭС суправаджалася заказам 16 газавых турбін

У гісторыі з турбінамі ўсё значна складаней. Пачнём з таго, што пра іх было дамоўлена з канцэрнам Siemens да таго, як Лукашэнка сфальсіфікаваў вынікі прэзідэнцкіх выбараў і пачаў жорстка разганяць акцыі пратэсту. Гэта зазначыла беларуская экспертка ў сфэры энэргетыкі Таццяна Манёнак: "Siemens перамог на тэндэры да жнівеньскіх падзей і палітычнага крызісу, гэта быў добры выбар, гэта вядучы вытворца такога абсталявання ў свеце".

Аб першай партыі дамовіліся 10 снежня 2019 года, а 16 сакавіка 2020 года прэсавая служба Siemens паведаміла, што канцэрн атрымаў з Беларусі ўжо трэці за тры месяцы заказ на газавыя турбіны SGT-800 - менавіта на тыя самыя пяць адзінак для "Брэстэнэрга", якія і апынуліся цяпер у цэнтры ўвагі. Такім чынам, разам з 11 устаноўкамі, закантрактаанымі яшчэ ў снежні, нямецкі канцэрн і яго швэдскае даччынае прадпрыемства Siemens Industrial Turbomachinery AB абавязаліся паставіць у Беларусь агулам 16 турбін.

Можна, вядома, задаць пытанне: навошта краіна, якая валодае цалкам дзейнай электраэнэргетыкай, напярэдадні ўводу ў дзеянне першага блока вялікай атамнай электрастанцыі абрастае ў такія сціслыя тэрміны такой колькасцю дарагіх дадатковых генерацыйных магутнасцяў, усяляк падкрэсліваючы, што яны задуманыя як запасныя і будуць працаваць у рэжыме сталай гатовасці? Аднак Таццяна Манёнак запэўніла, што гэта стандартная практыка і што "пікавыя-рэзэрвовыя крыніцы патрэбныя на выпадак пазаштатнай сітуацыі ў дзейнасці АЭС".

Commerzbank не абслугоўвае тых, хто трапіў пад санкцыі

Як бы там ні было, важна іншае. Са словаў эксперткі, канкурэнтны бонус на тэндэрах мае тая кампанія, якая забяспечвае не толькі абсталяванне, але і варыянты крэдытавання яго паставак. "Канцэрн Siemens гарантаваў гэта, а таму быў прызнаны пераможцам, бо для Беларусі было важна не толькі залучыць вядучага прадаўца абсталявання, але і фінансаванне", - падкрэсліла Манёнак.

Такім чынам, тая ўгода з удзелам Commerzbank была цвёрда запланаваная не пазней за сакавік 2020 года. Варта, аднак, мець на ўвазе, што гэты фінансавы інстытут - далёка не адзіны нямецкі банк, які ўзяўся забяспечыць пастаўкі турбін, закліканых засцерагчы дзейнасць Беларускай АЭС.

15 лютага 2021 года Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) са штаб-кватэрай у Алматы (Казахстан) падпісаў у беларускай сталіцы пагадненне з «Мінскэнэрга» аб адкрыцці доўгатэрміновай крэдытнай лініі на суму 101,2 мільёна еўраў для фінансавання паставак часткі замоўленых у Siemens турбін. А ЕАБР у сваю чаргу атрымаў для гэтага мэтавы крэдыт ад кансорцыюму двух нямецкіх дзяржаўных банкаў - KfW IPEX Bank і Landesbank Hessen-Thüringen (Helaba). А застрахавала гэтую пазыку дзяржаўнае экспартна-крэдытнае агенцтва Швэцыі (EKN).

Прэсавая служба Commerzbank у адказ на просьбу пракаментаваць сітуацыю адзначыла, што "згаданы энэргетычны праект служыць мадэрнізацыі энэргазабеспячэння ў Беларусі і тым самым энэргетычнай бяспецы насельніцтва". А наогул банк не вядзе бізнэс у самой Беларусі і канцэнтруецца на фінансаванні нямецкага экспарту ў гэтую краіну.

Далей у пісьмовым адказе падкрэсліваецца, што банк "не ажыццяўляе транзакцый пры дырэктыўным або ўскосным удзеле фізічных або юрыдычных асоб, арганізацый і ўстаноў, якія знаходзяцца пад санкцыямі". Дадамо, што ЕЗ не ўводзіў ніякіх санкцый на пастаўку энэргетычнага абсталявання ў Беларусь. (А ў якасці актуальнай дадатковай інфармацыі адзначым пастанову Commerzbank закрыць у Нямеччыне рахунак Russia Today і тым самым спыніць абслугоўванне расейскага дзяржаўнага медыяхолдынга).

Siemens Energy: "Мы спрыяем развіццю энэргетычнай інфраструктуры"

На запыт журналістаў адказала і прэсавая служба кампаніі Siemens Energy. І тут мы падышлі да яшчэ адной асаблівасці гэтай гісторыі. 16 сакавіка 2020 года трэці за тры месяцы турбінны заказ з Беларусі прыняў яшчэ канцэрн Siemens, а праз два тыдні, 1 красавіка, ён вылучыў усё сваё энэргетычнае машынабудаванне ў самастойнае акцыянернае таварыства Siemens Energy і 28 верасня вывеў яго на біржу. І цяпер, 22 сакавіка 2021, яно будзе ўключанае ў найважнейшы нямецкі біржавы індэкс DAX.

Мюнхенскі канцэрн застаецца найбольшым акцыянерам новай кампаніі, штаб-кватэра якой пераедзе сёлета ў Бэрлін, але ён ужо не адказвае за яе бізнэс. Зрэшты, шмат хто гэта ўсвядоміў і пакідаў запісы на старонках менавіта Siemens Energy.

Дык вось, прэсавая служба гэтай кампаніі пісьмова адказала, што "ажыццяўляючы пастаўкі газавых турбін у Беларусь на падставе праведзенага ў канца 2018 года тэндэру, Siemens Energy падтрымлівае развіццё энэргетычнай інфраструктуры гэтай краіны. Электрычнасць неабходная для задавальнення элементарных чалавечых патрэб і служыць тым самым усім жыхарам краіны".

У бізнэс-супрацоўніцтве з Беларуссю, гаворыцца далей у адказе, кампанія "строга пільнуецца, натуральна, усіх дзейных нацыянальным і міжнародных прадпісанняў і распараджэнняў". У канцы прэсавая служба Siemens Energy запэўніла: "Мы, вядома ж, вельмі ўважліва назіраем за тым, як людзі ў Беларусі патрабуюць больш дэмакратыі і за актуальным развіццём падзей".

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках