16 красавiка 2024, aўторак, 21:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як да 8 сакавіка ў Беларусі змяніліся цэны на кветкі

26
Як да 8 сакавіка ў Беларусі змяніліся цэны на кветкі
ФОТА: TUT.BY

Колькі каштуюць кветкі на менскай Камароўцы і ў іншых месцах?

Сёлета зіма была досыць суровай. Прынамсі апошнія два месяцы. Нягледзячы на гэта да 8 сакавіка беларускія вытворцы цюльпанаў завалілі рынкі, крамы і павільёны кветкамі разнастайных колераў і гатункаў. Tut.by пагаварыў з фермерам, які вырошчвае цюльпаны, даведаўся, ці былі цяжкасці з кветкамі, наколькі затратны гэты бізнэс, а таксама паглядзеў, пачым у гэтым годзе прадаюць кветкі і ці выраслі на іх кошты.

Аляксандр ужо не першы год прывозіць свае цюльпаны да 8 сакавіка на Камароўскі рынак. Сам ён жыве ў вёсцы Купяцічы Пінскага раёна. Кветкі выглядаюць вельмі добра - свежыя, з моцнымі сцёбламі і лісцем, вялікі выбар афарбовак, розныя гатункі.

- У мяне не шмат цюльпанаў, усяго 10 тысяч цыбулін сёлета пасеяў. У брата майго - 75 тысяч. У наступным сезоне ён хоча дадаваць, ужо думае 140 тысяч пасеяць, - распавядае фермер. - Аднак працы нават з такой колькасцю стае. У канцы кастрычніка - пачатку лістапада мы высаджваем цыбуліны ў грунт. Потым трэба дакладна сачыць за тэмпературай у цяпліцы. Сёлета я пачаў ацяпляць яе 2 студзеня. Было больш складана праз мароз выгнаць кветкі. Да -24 маразы былі. А ў цяпліцы павінна быць тэмпература +16-18 градусаў. Уяўляеце якую розніцу трэба кампенсаваць? У мінулым годзе ў мяне ўжо ў гэты час цыбуля зялёная і радыска былі. Скончылі з цюльпанамі і праз 2 тыдні ўжо радыску прывезлі здаваць сюды оптам. А сёлета я толькі днямі пачаў яе высаджваць.

Аляксандр кажа, што сёлета на ацяпленне цяпліцы сышло ўдвая больш дроў, чым летась. Гэта ўляцела ў капеечку, таму што адна машына паліва каштуе 400 рублёў.

- Зрэзка кветак у нас пачыналася дзесьці ў сярэдзіне лютага. Вядома гэта не ўсе гатункі запар рэзалі, а толькі пэўныя. У майго брата адзін гатунак да апошняга стаяў, яго пачалі рэзаць перад самым продажам, такога 1,5 тысячы цыбулін было высаджана. Тавар трэба рэалізаваць усяго за некалькі дзён, стараемся да 8 сакавіка ўсё пад нуль зрэзаць і рэалізаваць.

ФОТА: TUT.BY

За гэты час усе кветкі не падрыхтуеш. Ды і людзей наняць трэба, - тлумачыць фермер. - У мяне працавалі 15 чалавек - мая сям'я, сваякі і два найміты. Наёмным плачу па 3 рублі за гадзіну працы. Пачынаем зрэзаць а 6 вечара. Працаваць заканчваем у 2-3 гадзіны ночы. Рэжам, пакуем, адпраўляем у лядоўню.

Аляксандр частку кветак прадаў оптам, частку прывёз на рынак. Попыт сёлета на цюльпаны, з ягоных слоў, выдатны. Яны яшчэ не цвілі, а ўжо было распісаныя, хто якіх і колькі купляе.

- Так і ў маіх знаёмых. У брата пакупнікі цюльпаны ў чацвер бралі, тысячы не хапіла - хацелі 7 тысяч, засталося толькі 6. Сёлета канкурэнцыя меншая. Праз маразы і скокаў курсу валют летась, што адбілася на сабекошце кветак, вядома мы страцілі. Але праз зачыненыя межы попыт на беларускія цюльпаны вышэйшы. Да нас і ў Расею вазілі з Кітая, Галандыі. А зараз у Расею нашы пайшлі. Ледзь не ўся Берасцейская вобласць кветкамі займаецца, - распавядае суразмоўца. - Ды і выдаткаў у мяне ўсё роўна было менш, чым магло б быць. Халадзільнік для кветак за свае грошы не купляў, брат частку свайго вылучыў для захоўвання.

ФОТА: TUT.BY

Летась, кажа Аляксандр, прадаваў цюльпаны на рынку па 1,5 - 2 рублі. А 8 сакавіка, калі ўжо ад'язджаў з Камароўкі, нават па 2,5 бралі. Прадпрымальнікі прыязджалі сюды, скуплялі оптам і везлі па сталічных раёнах прадаваць.

- Сёлета мы прадаём цюльпаны па 2 рублі. На опт аддавалі па 1,05 - 1,2 рубля за штуку. Тут як з пакупніком дамовішся. Да брата прыязджаў чалавек, браў 11 тысяч штук. Ён яму па 1,1 рубля прадаў. Сабекошт адной кветкі дакладна я не пралічваў. Ды і цяжка гэта. Шмат браку. Некаторыя гатункі на 100% добрыя, а некаторыя - 15% браку. Мы закупляем цыбуліны ў менскай фірмы, якая працуе з пастаўшчыкамі з Галандыі. Тысяча цыбулін у залежнасці ад гатунку каштуе ад 100 да 180 еўраў. Так гэты пастаўшчык за брак вяртае грошы. Іншыя не вяртаюць. Калі шмат сляпых цыбулін - гэта калі ліст пайшоў, а самой кветкі няма, або выпадкова прадалі не той гатунак, які быў патрэбны, можна сфатаграфаваць, паказаць прадаўцу і за гэта вернуць грошы. Калі не будзе вяртаць, у наступны раз ніхто не купіць.

ФОТА: TUT.BY

На наступны год Аляксандр збіраецца высаджваць новыя гатункі. Кажа, што звычайнымі рознакаляровымі ўжо нікога не здзівіш. Зараз півонападобныя пайшлі.

- Які прыбытак ад цюльпанаў, я дакладна не лічыў. Гэта такі кругазварот грошай, што і не скажаш дакладна. Шмат укладанняў. На цыбуліны аддаць грошы трэба - гэта ад 1 да 1,5 тысячы еўраў. Дровы, электрычнасць, плёнка, часам угнаенні. Але на жыццё стае, я не скарджуся.

У мяне трое дзяцей, трэба ж карміць іх. Адзін вучыцца ў Менску. Пасля цюльпанаў у мяне петунія на падыходзе, радыска, цыбуля, пасля гэтага агуркі, памідоры. Потым падрыхтоўка і з канца зімы мы зноў пачынаем працаваць, - падсумаваў фермер.

Прадаўцы кветак: «Ну вы ж ведаеце, што перад святамі крыху даражэй»

Журналісты паглядзелі, колькі каштуюць кветкі ў іншых прадаўцоў на Камароўцы, а таксама вывучылі асартымент і кошты ў іншых месцах.

На рынку разбежка ў коштах на цюльпаны невялікая, каштуюць па 2 - 2,5 рубля. У некаторых месцах пэўныя гатункі па 3 рублі. А бывае, што 3 цюльпаны за 5 рублёў прадаюць. Прадаўцы адзначаюць, што кошты за дзень могуць некалькі разоў мяняцца ў залежнасці ад попыту. Але ў асноўным у межах 50 капеек.

ФОТА: TUT.BY

Мімозы каштуюць ад 2 да 10 рублёў за галінку, залежыць ад таго, наколькі яна вялікая і пухнатая. Гіяцынты па 5 рублёў, як і летась.

ФОТА: TUT.BY

Ружы каштуюць на Камароўцы па 3-4 рублі. Прадаўцы кажуць, што на іх таксама ёсць попыт. Прымулы ў вазонах па 7 рублёў і такім жа коштам гваздзікі.

ФОТА: TUT.BY

Па горадзе цэны на цюльпаны трохі адрозніваюцца. У большасці вядома за кветку просяць 2 - 2,5 рубля. Але ў спальніках, да прыкладу ў Малінаўцы, звычайныя кветкі, гэта значыць без усякіх гатункавых прыгажосцяў, ёсць і па 1,8 рубля. А гатункавыя - з гафрыраваным краёчкам або півонападобныя прадаюць і па 3, і нават па 3,5 рубля. У некаторых крамах букеты з трох цюльпанаў каштуюць па 3,99 рубля. Летась цэны былі прыкладна такія ж, толькі прадавалі яшчэ і крокусы ў вазонах, нарцысы. Сёлета іх не сустракалі.

ФОТА: TUT.BY

Калі параўноўваць цэны на ружы двухтыднёвай даўнасці ў пераходах каля чыгуначнага вакзала, яны не змяніліся.

- Ну вы ж ведаеце, што перад святамі крыху даражэй, - прызнаецца прадавец аднаго з павільёнаў з кветкамі. Проста падняліся яны больш чым два тыдні таму. Ды і наогул ружы падаражэлі, таму што выдаткі на вырошчванне сёлета падняліся, на тое ж ацяпленне цяпліц.

ФОТА: TUT.BY

Калі параўноўваць, колькі каштуюць ружы з тым, па якіх цэнах яны прадаваліся ў гэты ж час год таму, розніца ёсць. Кветка 30 сантыметраў вышынёй цяпер каштуе 3 рублі, а была 1,7 рубля, ружа 40 сантыметраў цяпер 2,60, а была 2,10 рубля.

Самавіта за апошні час падаражэлі хрызантэмы. Адна галінка каштуе 7 рублёў. Менш за месяц таму іх прадавалі па 5,5 рубля. А ў канцы мінулай восені яны тут каштавалі 4,5 рубля.

- Не ведаю, чаму яны падаражэлі, - кажа прадавец. - Мне па такой цане прывезлі, я не ўсталёўваю яе. Напэўна закупка падаражэла.

У суседнім павільёне пацвердзілі - хрызантэмы сталі пастаўляць па больш высокай цане. Выраслі курсы валют, могуць быць цяжкасці з дастаўкай тавару праз мяжу. Гэтыя кветкі ў нас не вырошчваюць.

ФОТА: TUT.BY

Аказалася, што 7 рублёў - гэта не мяжа. У адной з кветкавых крам у Серабранцы галінка каштуе 8 рублёў, хоць пару тыдняў таму прадавалі па 7.

- А што вы хацелі? Гваздзік каштуе 3 рублі, а вы хочаце, каб хрызантэмы таннымі былі, - з абурэннем у голасе сказала прадавец.

ФОТА: TUT.BY

У адной з крамаў кветак у Каменнай горцы кошты за апошнія два тыдні падраслі на 50 капеек. Прадавец не хавае - іх паднялі спецыяльна перад святам.

- Попыт зімой на кветкі ўпаў, таму і кошты мы трымалі. А перад святамі пакупнікоў больш, таму крыху падвысілі. Спадзе ажыятаж, можа, назад вернем, - распавядае дзяўчына за прылаўкам. - Калі шчыра, кветкі і на закупцы падаражэлі, таму рост абгрунтаваны, проста мы пачакалі да святаў.

Ружы тут прадаюць па 4,5 і 6 рублёў - залежыць ад гатунку і вышыні. Цюльпаны па 3,5 рубля, гіпсафіла па 6, галінкі фісташкі аж па 7 рублёў сталі. Зборны букет можна купіць за 40-80 рублёў.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках