19 красавiка 2024, Пятніца, 23:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Працоўныя, як было на МЗКЦ, будуць крычаць “Сыходзь!”»

27
«Працоўныя, як было на МЗКЦ, будуць крычаць “Сыходзь!”»
ФОТА: ТАСС

Януковіч у РФ ужо чакае новага «суседа».

У канцы працоўнага тыдня былы кіраўнік пастанавіў падзяліцца сваімі важнымі думкамі. У якасці сцэны быў абраны менскі «Мотавелазавод» (МВЗ), піша тэлеграм-канал «Лялькавод і авечка».

Выбар, проста скажам, даволі дзіўны. Паводле звестак аднаго з асноўных беларускіх каналаў пра эканоміку, персанал МВЗ скараціўся за перыяд 2007–2018 гадоў у больш чым 30 (!) разоў: з 2700 да 76 чалавек. Жаласны стан МВЗ – гэта выдатная ілюстрацыя росквіту беларускіх прадпрыемстваў пад «мудрым» кіраўніцтвам АРЛ.

Узнікае відавочны пытанне: а навошта Лукашэнка ўвогуле надумаў вылезці пад святло сафітаў дзяржСМІ ў такіх няўдалых дэкарацыях? Разгадка становіцца бліжэйшай, калі падумаць, якія кадры ў прынцыпе захоўваюцца на жаласным беларускім прадпрыемстве. Зразумелая рэч, павінен заставацца кіраўнік, як і ягоныя намеснікі, як і іхнія сакратары. Ідэалагічны аддзел распускаць на дзяржаўным заводзе таксама нельга. Вось і атрымліваецца, што не факт, што з 76 чалавек на МВЗ знойдзецца хоць бы адзін, які валодае таемным веданнем, з якога боку брацца за адвёртку.

Гэта значыць, Лукашэнка толькі рабіў выгляд, што выступае перад працоўнымі, – насамрэч там была зусім іншая публіка. Вельмі добрая, вельмі лаяльная публіка – тая самая, якая мае ўсе прычыны ўспрымаць усур'ёз адну з галоўных страшылак Лукашэнкі, што, маўляў, пераможа пратэст і вы ўсе застаняцеся без працы. Для бескарысных чыноўнікаў, што развалілі свой завод, гэта святая праўда. Гэта працоўны заўсёды зможа зарабіць сабе на хлеб, таму што звыкся рачкаваць, а вось завадскі ідэолаг у нармальнай эканамічнай сістэме не факт, што зможа ўладкавацца вартаўніком. Гэта працоўныя, як было на МЗКЦ, будуць крычаць «Сыходзь!» – бяздарныя ж кіраўнікі МВЗ будуць, наадварот, маліць застацца.

Лукашэнка парадаваў сваю фанбазу вялікімі планамі мадэрнізацыі МВЗ. «Вялікія інвестыцыйныя планы – грошы з бюджэту – крах мадэрнізацыі – новыя інвестыцыйныя планы» – гэта тое кола сансары, на якім любяць катацца рэжымныя кіраўнікі, бо кожны новы цыкл прыводзіць да іхняга асабістага ўзбагачэння. Толькі вось раней гэты атракцыён нябачанай шчодрасці спансаваўся Расейскай Федэрацыяй. А цяпер грошай няма і даводзіцца набываць лаяльнасць прыкарытнікаў пустымі абяцаннямі.

Згадаўшы РФ, мы не можам не ўспомніць апраўданні Лукашэнкі з нагоды ягоных шыкоўных рэзідэнцый. «Няма ў мяне ніякага палаца», – заявіў былы кіраўнік. Само паняцце «палац» са студзеня гэтага года непарыўна звязанае з іншым нязменным кіраўніком (пяць літараў; круцім барабан або ўгадваем слова адразу?). І вядома, любы палац – гэта вяртанне Лукашэнкі да ягонай упадабанай тэмы. Цягам 25 гадоў ён спрабуе гуляць на кантрасце паміж алігархічнай Расеяй, дзе ўсё параскраданае, і Беларуссю, якую выратаваў «чэсны» змагар з карупцыяй.

На самай справе ў Беларусі сапраўды няма таемных палацаў. Але рэч тут не ў сціпласці, а наадварот, у абсалютнай бессаромнасці беларускага рэжыму. Гэта расейскія кіроўныя эліты вымушаныя ствараць складаныя ланцужкі з кіпрскіх афшораў і запісваць уласнасць на стрыечных пляменнікаў. У Беларусі ж залачоныя рэзідэнцыі (а іх больш за дзясятак) будуюцца альбо на грошы прэзідэнцкага фонду (цыгарэтны бізнэс сям'і Лукашэнкі), альбо проста на сродкі бюджэту. То-бок калі расейскія эліты залазяць у кішэню насельніцтва таемна, то беларускія абіраюць народ адкрыта. Як мы ведаем з крымінальнага кодэксу, першае называецца крадзяжом, а другое – рабункам і ўважаецца больш цяжкім злачынствам.

У якасці апраўданняў раскошы палацаў Лукашэнка прыводзіць той тэзіс, што яны знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы, а не ягонай асабістай, што, маўляў, пасля яго сыходу ад улады ўсё дастанецца народу. Добры аргумент, не паспрачаешся. Але ўзнікае адно пытанне: а што нам потым рабіць з пазалочанымі знутры бетоннымі прызмамі?

Знаўцаў гэтага архітэктурнага стылю ў свеце надта мала: Кім Чэн Ын, Гурбангулы Бердымухамедаў, Віктар Януковіч. У першых двух палацаў і так хапае, а Януковічу лепш проста дачакацца, калі Лукашэнка стане ягоным суседам.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках