20 красавiка 2024, Субота, 18:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Amnesty International: Мы заклікаем да салідарнасці з адважнымі жанчынамі Беларусі

1
Amnesty International: Мы заклікаем да салідарнасці з адважнымі жанчынамі Беларусі

Жанчыны Беларусі граюць прыкметную ролю ў пратэстах.

Жанчыны Беларусі граюць прыкметную ролю ў пратэстах, падпадаючы пад рэпрэсіі ды пагрозы - падкрэсліваецца ў распаўсюджаным у нядзелю прэсавым рэлізе міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International. Жаночыя арганізацыі краіны падпадаюць пад асобны, спецыфічны пераслед, адзначаюць праваабаронцы, перадае «Голас Амэрыкі».

Суразмоўніц Amnesty International міліцыянты, якія іх арыштоўвалі і дапытвалі, абвінавачвалі ў тым, што яны «дрэнныя маткі», што яны «дрэнныя жонкі», улады пагражалі забраць у іх іхніх дзяцей. Падчас утрымання пад вартай яны сутыкаліся з жорсткасцю, кагосьці кінулі ў турму ў выніку неабгрунтаванага крымінальнага пераследу, гаворыцца ў прэс-рэлізе Amnesty International.

«Святлана Ціханоўская, змушаная да эміграцыі кандыдатка ў прэзідэнты, кіраўніца ейнага штаба Марыя Калеснікава, кінутая ў турму, Марфа Рабкова, зняволеная праваабаронца, журналісткі Кацярына Бахвалава і Дар'я Чульцова, прысуджаныя да двухгадовага зняволення за жывую трансляцыю акцыі пратэсту - вось толькі некаторыя з мноства жанчын, чые імёны сталі сінонімамі барацьбы за свабоду і правы чалавека ў Беларусі - кажа Аіша Джанг, старшая кiраўнiца кампаній Amnesty International у Беларусі. - Жанчыны ў Беларусі рызыкавалі шмат чым, калі баранілі свае перакананні. Цяпер жа беларускія ўлады робяць яшчэ больш жорсткія захады, накіраваныя супраць жанчын-актывістак, іхніх арганізацый і сем'яў».

«Мы заклікаем да салідарнасці з адважнымі жанчынамі Беларусі ў іхняй барацьбе за свабоду і правы чалавека. У сваёй барацьбе яны кідаюць выклік патрыярхальным поглядам і рэпрэсіўнаму ўраду, які імкнецца ўціснуць правы чалавека і здушыць перамены ды прагрэс, да якіх заклікаюць беларусы», - звярнулася Аіша Джанг да прыхільнікаў Amnesty International.

Глабальная кампанія салідарнасці Amnesty International з пратэстоўцамі ў Беларусі #StandWithBelarus была пачатая 27 студзеня 2021 года з публікацыі дакладу, які паказвае, як беларускія ўлады выкарыстоўвалі сістэму правасуддзя для пакарання ахвяр катаванняў, а не злачынцаў. Арганізацыя рэгулярна выдае матэрыялы, у якіх асвятляецца, пад які пераслед падпадаюць розныя групы беларускага грамадства. Актывісты Amnesty International ва ўсім свеце будуць удзельнічаць у розных акцыях, каб прадэманстраваць сваю салідарнасць з мірнымі дэманстрантамі ў Беларусі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках