18 красавiка 2024, Чацвер, 8:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што стане з беларускім бізнэсам, калі павялічаць падаткі

7
Што стане з беларускім бізнэсам, калі павялічаць падаткі
Фота: bymedia

Прадпрымальнікі наконт прапановаў павелічэння падаткаў і адлічэнняў у ФСАН.

Ліст ад Камітэта дзяржкантролю да Міністэрства фінансаў наконт павышэння падаткаў і ўнёскаў у ФСАН, які трапіў у сеціва, нарабіў шмат шуму. Больш за ўсё ліст закрануў індывідуальных прадпрымальнікаў. Пакуль Мінфін разглядае прапановы КДК, журналісты даведаліся меркаванне ІП на гэты конт. Як ацэньваюць прадпрымальнікі ліст, «Онлайнер» пагутарыў з партнёркай Рады развіцця прадпрымальніцтва пры Лукашэнку Жаннай Рогавай.

Галоўныя думкі

Падчас пандэміі многія беларускія прадпрымальнікі пацярпелі каласальныя страты. Многія прыпынілі бізнэс, астатнія спрабуюць выжыць.

Што тычыцца адзінага падатку (нагадаем, КДК прапануе перавесці «адзіннікаў» на «спрошчаную сістэму падаткаабкладання») – падобная пастанова, на думку Жанны Рогавай, заўчасная.

– На адзіным падатку працуюць і фізічныя асобы, гэта значыць самазанятыя, – тлумачыць яна. – Вось у гэтай катэгорыі «адзіннікаў» куча прэферэнцый. І тут ўраду трэба задумацца. Бо яны не абавязаныя плаціць ФСАН, да прыкладу. Таму трэба дакладна вызначыць катэгорыю «самазанятасці». А індывідуальныя прадпрымальнікі яшчэ летась скарысталіся магчымасцю для пераходу на ССП, і многія абралі для сябе спрошчаную сістэму. Тыя «адзіннікі», якія засталіся, ніякай шкоды дзяржаве не наносяць.

Што датычыцца павышэння падатку ў ССП да 16%, то Жанна Рогава мяркуе, што гэта вельмі рэзкі ўздым. Для параўнання, цяпер у ССП прадпрымальнікі плацяць ці 3% і ПДВ, ці 5% ад агульнай выручкі.

– Калі такая пастанова будзе прынятая, то вялікая колькасць ІП проста сыдзе ў цень, – кажа яна і прыводзіць у прыклад свой бізнэс, які працуе паводле спрошчанай сістэмы падаткаабкладання. – Калі я буду плаціць 16%, то я буду нерэнтабельная, мне давядзецца проста зачыняцца. То-бок рызыкі закрыцця для ІП высокія. Мы, прадпрымальнікі, пра гэта сказалі ўжо.

Яшчэ адна прапанова КДК – гэта 13% камісіі за зняцце сумаў большых за 3000 рублёў, альбо трох сярэдніх заробкаў у краіне. На думку Жанны Рогавай, ставіць гэтае пытанне заўчасна.

– Маё асабістае меркаванне – гэта чарговае павелічэнне падатковай базы ІП, – мяркуе экспертка. – Спачатку трэба разабрацца, чаму так працуе бізнэс. Чаму ён руйнуецца, чаму не можа «вылезці з кароткіх штонікаў»? Можа, таму што шмат іншых неапраўданых выдаткаў. Гэта: арэнда, камунальныя, пакрыццё ўсіх выдаткаў арэндадаўцам паводле пастановы 433, а таксама набыццё тэрмінала (800 рублёў), адсотак банкаў, абслугоўванне касавага абсталявання і гэтак далей. І ў дадатак гэтыя 13% лягуць на індывідуальных прадпрымальнікаў. Я мяркую, што бізнэсу спачатку трэба прапанаваць альтэрнатыву гатоўцы.

Паводле словаў Жанны Рогавай, увядзенне 13% з сумаў большых за 3000 рублёў вынікуе тое, што прадпрымальнікі будуць проста хаваць валавы прыбытак, а значыць будуць зніжацца падатковыя плацяжы. Больш за тое, зноў жа, гэта вынікуе масавае закрыццё ІП.

– Такі захад ставіць у няроўныя ўмовы розныя суб'екты бізнэсу ў абласных, раённых гарадах і сельскай мясцовасці, – адзначае Жанна Рогава. – Вось да прыкладу, ёсць гарадскі пасёлак Парычы ў Светлагорскім раёне. Там прыбытак у прадпрымальніка значна меншы за 3000 рублёў на месяц. А Менск? Там за дзень часам можа быць такая сума. І што ж рабіць гэтаму прадпрымальніку? Урад павінен глядзець неяк шырэй на гэтыя рэчы. Бо прадпрымальнік зарабіў гэтыя грошы, гэта ягоныя грошы. Банк ужо зарабіў на тым, што грошы прадпрымальніка ў яго на разліковых рахунках. Дык чаму іпэшнік павінен плаціць камісію за зняцце сваіх жа грошай? Забароненае нам ніколі не было на карысць.

Што тычыцца адлічэнняў у ФСАН, то павелічэнне сумы абавязковых страхавых унёскаў будзе вельмі балючым для ІП, мяркуе Жанна Рогава. Прычым, паводле яе словаў, павышэнне будзе балючым не толькі для ІП, але і для ўсіх беларускіх прадпрыемстваў. Бо адлічэнні ў ФСАН – гэта вялікая частка выдаткаў. Нагадаем, працадаўца плаціць 34% ад заробку супрацоўніка ў ФСАН.

– Прадпрымальнікі проста не справяцца з падобнай нагрузкай. Павелічэнне сумы адлічэнняў у ФСАН адразу ж вынікуе звальненне наёмных працаўнікоў, – тлумачыць Жанна. – Трэба даўно зрабіць пераразмеркаванне страхавых адлічэнняў паміж наймальнікам і супрацоўнікам. Тады многія пытанні проста самі сабой знікнуць.

– Ліст КДК выклікаў буру негатыўных эмоцый у прадпрымальніцкім асяроддзі, – адзначае Жанна Рогава. – Усе ўжо даўно ведаюць, што падобныя лісты спачатку праходзяць дэталёвы аналіз і ацэнку рэгулёўнага ўздзеяння. Людзі ўжо прывыклі да гэтага. Цяпер ідзе бурнае абмеркаванне гэтых прапановаў. 24 лютага мы сустракаліся са старшынёй Рады развіцця прадпрымальніцтва Дзмітрыем Крутым. Мы дэталёва абмеркавалі прапановы ад КДК і вылучылі свае абгрунтаванні і папярэднія прапановы.

З нагоды ставак саміх падаткаў Жанна Рогава адзначае: у апошнія два гады пытанняў памераў ставак адзінага падатку або ССП не было.

– Працаваць пры цяперашніх стаўках можна. Асноўныя пытанні – гэта спадарожныя выдаткі і ФСАН, – адзначае спікерка. – Таксама мы кажам і пра 13% падаходнага падатку. Вядома, лепш было б, каб былі 9% або 7%. Прадпрымальнік павінен стаць на ногі для таго, каб у яго былі адлічэнні. Прадпрымальнікі не могуць толкам ні крэдытаў узяць, нічога, яны робяць свой бізнэс на свае грошы і льготаў не атрымліваюць.

– Магчыма, правільней было б паглядзець мікрапрадпрыемствы і спрасціць ім сістэму падаткаабкладання, – мяркуе экспертка. – Таму што ў нас ідзе перавага ў бок самазанятасці і рамеснікаў. Так, павінна быць самазанятасць, пытанняў няма. Але гэта чалавек, які прыйшоў і ўбіў цвік, памяняў змяшальнік, або швачка, якая нават пашыла індывідуальна гарнітур. А ў нас у самазанятасць паставілі вытворчасць бялізны. Але ж гэта вытворчасць. Ці цырульнік. Але як можна цырульніка зрабіць ІП і тут жа адпусціць у самазанятасць? Павінна быць нейкае размежаванне, і перасякацца гэтыя віды дзейнасці не павінны.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках