17 красавiка 2024, Серада, 2:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нас чакае падземны Чарнобыль»

3
«Нас чакае падземны Чарнобыль»

У Курганскай вобласці выступаюць супраць уранавых распрацовак.

У курганскім сяле Труд і Веды апошнім часам кіпяць неабыякія страсці, кажуць мясцовыя жыхары. Паблізу збіраюцца здабываць уран. І гэтыя планы ўстрывожылі насельніцтва ўсёй Курганскай вобласці, бо ваду з ракі Табол, якая працякае непадалёк ад будучага ўранавага радовішча, п'юць ва ўсім рэгіёне, паведамляе «Настоящее время».

Праціўнікі здабычы радыеактыўнага металу - сярод іх мясцовыя прыхільнікі Навальнага і КПРФ - пратэстуюць, пішуць артыкулы і паведамленні ў сацыяльных сетках. У адказ іх абвінавачваюць у паклёпе і тэрарызме. Але ад здабычы ўрану на радовішчы з назвай «Добраахвотнае» ніхто адмаўляцца не збіраецца.

За Уральскімі гарамі на тэрыторыі Курганскай вобласці засяроджаная прыблізна шостая частка ўсіх расейскіх запасаў урану, рэдкага радыеактыўнага металу, які ўжываецца ў якасці паліва ў ядзерных рэактарах. Аднак гэтая прыродная асаблівасць палохае жыхароў рэгіёну. Яны ўважаюць суседства з уранавымі радовішчамі небяспечным для сябе і сваіх дзяцей. Але замест аргументаваных тлумачэнняў атрымліваюць ад улады пагрозы і абвінавачванні ў экстрэмізме.

Індустрыяльны скачок у Курганскай вобласці здарыўся ў гады вайны, калі з захаду краіны эвакуявалі дзясяткі заводаў і фабрык. Але, як і многія айчынныя прадпрыемствы ў апошнія дзясяцігоддзі, цяпер яны перажываюць не самыя простыя часы. Затое актыўна ажыццяўляецца выведка і распрацоўка ўранавых радовішчаў, што забяспечвае вялікі прырост лічбаў у агульных паказчыках эканомікі рэгіёну.

Пагадненне паміж урадам Курганскай вобласці і ўраназдабыўной кампаніяй «Далур» аб запуску радовішча «Добраахвотнае» ўжо падпісанае. На яго месцы ўжо поўным ходам ідуць падрыхтоўчыя працы.

«Нас чакае проста кашмар! Нас чакае падземны Чарнобыль. Ды не адзін, а дзесяць. Простымі разлікамі я падлічыў, што пад зямлёй застанецца каля дзвюх тысяч тон раствораных у вадзе іёнаў ураніла. Чаму аб гэтым ніхто не задумваецца? Мы ў інфармацыйнай блакадзе. Ніводная газета не друкуе ніводзін артыкул - ні мой, ні маіх таварышаў. Ні тэлевізія, ніхто», - абураны жыхар пасёлка Звярынагалоўскае Мікалай Афанасьеў. Ён былы настаўнік хіміі і біялогіі, і да ягонага меркавання прыслухоўваюцца жыхары вёскі, якія арганізавалі нешта накшталт аператыўнага штаба ў мясцовай бібліятэцы.

Аб магчымых негатыўных наступствах уранавых распрацовак у рэгіянальных СМІ амаль нічога не гавораць, Хоць на тэрыторыі вобласці ўжо даволі доўга вядзецца здабыча ўрану, а медыкі заяўляюць пра рост колькасці анкалагічных захворванняў.

У Курганскай вобласці цяпер два дзейныя радовішчы урану — Далматаўскае і Хахлоўскае, на якіх працуе дачка «Расатама», кампанія «Далур». Штогод здабываецца больш за паўтысячы тон урану.

Сёння буйное радовішча ўрану «Добраахвотнае» выглядае як адкрытае поле і некалькі трубак, якія тырчаць з-пад зямлі. Руду збіраюцца здабываць на паверхню метадам падземнага вылугоўвання, то бок, запампоўваючы на паўкіламетра ўглыб серную кіслату. Праз трубкі-свідравіны, якіх тут неўзабаве з'явяцца тысячы, раствораную руду будуць падымаць на паверхню.

«З дапамогай гэтай свідравіны руда выходзіць на паверхню, дзе праз сістэму трубаправодаў перадаецца на перапрацоўчую ўстаноўку, і там на іённа-абменных смолах адбываецца асаджэнне ўсіх карысных кампанентаў», – тлумачыць намеснік галоўнага геолага АТ «Далур» Анатоль Ладзейшчыкаў.

«Карысныя кампаненты» - гэта і ёсць той самы ўран, які ў далейшым будуць выкарыстоўваць у атамнай прамысловасці. «Ва ўсім свеце прызнана, што падземны спосаб вылугавання свідравінным метадам найбольш, па-першае, эканамічны, а па-другое, найбольш экалагічны спосаб здабычы», - мяркуе Анатоль.

Ён запэўнівае, што працэс здабычы ўрану будзе абсалютна бяспечным для навакольнага асяроддзя. З ягоных слоў, у свідравінах стаяць адмысловыя фільтры, а паміж падземнымі пластамі няма кантакту. Гэта значыць, што ў радыеактыўных рэчываў няма ніякіх шанцаў патрапіць у глебу, у ваду і далей у раку Табол, якая працякае побач з радовішчам і сілкуе сваімі водамі ўсю Курганскую вобласць.

Кампанія «Далур» ужо не раз ладзіла для мясцовых жыхароў нешта накшталт экскурсій на свае аб'екты, спрабуючы паказаць і давесці, што здабыча ўрану – цалкам бяспечны працэс. Але яны ўпарта не хочуць у гэта верыць.

«На кожным радовішчы застанецца па 2-2,5 тысячы тон растворанага ўрану, падымаць які эканамічна не выгадна. Гэта значыць, ужо слабая канцэнтрацыя. І гэта ўжо ядзерныя адкіды. Пра гэта ніхто не кажа. Гэта тры бомбы будуць тут увесь час», – перакананы прэзідэнт Фонду грамадскага кантролю за станам навакольнага асяроддзя Сяргей Яромін.

Нягледзячы на тое што здабыча ўрану на «Добраахвотным» яшчэ не пачалася, каля свідравін ужо выяўленыя радыеактыўныя рэчывы.

У кампаніі «Далур» выцек радыяцыі адмаўляюць, сцвярджаючы, што спецыялісты бесперапынна сочаць за свідравінамі. «Яны не могуць нічога гарантаваць. Гэта значыць, будучыня насельніцтва, будучыня нашых дзяцей пад пытаннем. І ніякай бяспекі яны даць не могуць», – каментуе сітуацыю жыхар вёскі Звярынагалоўскае Андрэй Шуляцьеў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках