20 красавiка 2024, Субота, 1:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Рэжым ссінелымі рукамі спрабуе ўтрымаць столь, якая падае на яго»

21
«Рэжым ссінелымі рукамі спрабуе ўтрымаць столь, якая падае на яго»
ФОТА: ONLINER

Эканоміка Беларусі сыплецца хутчэй, чым забытая з Новага года ялінка.

Такога 8 сакавіка я не ўзгадаю. Думаю, больш за ўсё ён нагадвае той дзень у 1857 годзе, калі тысячы працаўніц выйшлі на вуліцы Нью-Ёрка. У нас дух быў такім жа.

Беларускія дзяўчаты зноў прайшліся па Менску ў масках, залепленых крыж-накрыж чорным. Але ў электрычцы на Маладзечна былі заўважаныя і дзяўчаты ў чырвона-белым. Яны чыталі кнігі на беларускай мове. Так, гэта ў падтрымку бабуль, якіх штрафавалі і саджалі за чытанне школьнай класікі ў такой жа электрычцы.

Станавіліся ланцужкі салідарнасці, у тым ліку ў цэнтры Менска. Асобнае дзякуй нашым суайчыннікам, якія падтрымалі беларусак у розных краінах, зладзіўшы пікеты, у тым ліку перад Еўрапарламентам.

Успаміналі беларускіх жанчын і ў Вашынгтоне, дзе ўручалі Міжнародную жаночую прэмію за адвагу. Марыя Калеснікава - лаўрэатка прэміі, але пакуль у СІЗА. Вызвалення яе запатрабавалі дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен і першая лэдзі Джыл Байдэн.

Значна цікавей вывучаць сухія лічбы статыстыкі. Мяркуючы з іх, луканоміка сыплецца хутчэй, чым забытая з Новага года ялінка. Стабіліздзец ударыў нават па «сваіх» - па бюджэтніках. Ім абяцалі падваенне заробкаў, але ў студзені яны атрымалі на 13,5% менш, чым у снежні. І гэта без уліку падзення курсу беларускага рубля. Таму цяпер пачынаецца «аптымізацыя» - народ проста выстаўляюць на вуліцу. І выстаўляць будуць самых умелых, а не самых лаяльных (іх пагоняць крыху пазней), бо і якасць работы бюджэтных арганізацый адразу ж знізіцца. Што тут жа адаб'ецца на эканоміцы... Замкнёнае кола. Рэжым эканоміі ўжо змушаны ўвесці некаторыя міністэрствы. Калі верыць дакументам у сацсетках у Берасці збіраюцца нават адмовіцца ад паслуг МУС для аховы аб'ектаў мінюста. Таму, што грошай ужо не стае.

Праклён нелегітымнасці перакінуўся з Сашы на Віцю. МАК адмовіўся прызнаць Віктара Лукашэнку прэзідэнтам НАК Беларусі. А заадно і Дзмітрыя Баскава не прызналі чальцом выканкама. Ну, і нагадалі, што НАК Беларусі не атрымае грошай, акрамя як на стыпендыі спартоўцам і падрыхтоўку каманды да Алімпіяды, на якой каманда выступіць пад іншым сцягам. Хутчэй за ўсё, пад сапраўдным нацыянальным. Цяперашніх чыноўнікаў на Гульні дакладна не пусцяць, дакладней, не дадуць акрэдытацыю.

Мне "ўлада" нагадвае нядбайнага гаспадара, які давёў свой дом да аварыйнага стану. І аднойчы столь ледзь не абрынулася на гэтага недарэку. Чалавек паспеў выставіць рукі, упёрся ў столь, напяўся і нават крыху падняў яе. Цяпер стаіць і ўугаворвае ўсіх навокал: "Бачыце, у мяне ўсё добра! Дайце грошай (закрэслена) падпорак пад столь! Яна і так не падае, але з падпоркамі наогул шыкоўная прыгажосць будзе!”. А ніхто ўжо не дае. А на гарышчы запасіцца вада пасля кожнага дажджу. А бэлькі ціха рыпяць. Гэты крыварукі можа яшчэ нейкі час пастаяць, але рукі рана ці позна ссінеюць.

І тады пытанне толькі ў тым, ці паспее ён (і тыя, хто дапамагае паказваць стабільнасць аварыйнага дома) выскачыць раней, чым усе абрынецца.

Але будаваць новы дом, у кожным выпадку, будзем мы. І без гэтага “крэпкага хазяйственіка”.

Андрэй Жвалеўскі, “Фэйсбук”

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках