19 красавiка 2024, Пятніца, 3:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-кіраўнік Нацбанка прагназуе калапс беларускай эканомікі

14
Экс-кіраўнік Нацбанка прагназуе калапс беларускай эканомікі

Тэндэнцыя ўтрымліваць стратныя прадпрыемствы – ракавая пухліна нашай эканомікі.

Сёння стала вядома, што золатавалютныя рэзервы Беларусі за люты скараціліся на 88,9 млн USD. Любое набыццё валюты як крыніцы папаўнення рэзерваў адсутнічае ўжо трэці месяц запар. Таксама паступае шэраг іншых сігналаў, якія кажуць пра фінансавую нестабільнасць беларускай эканомікі.

Беларускі навукоўца-эканаміст і экс-кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч у інтэрв'ю сайту Charter97.org заявіў, што дыктатарскія метады кіравання эканомікай прывядуць да яе калапсу.

– Як скарачэнне золатавалютных рэзерваў паўплывае на фінансавую стабільнасць у краіне?

– Я мяркую, што гэта ніяк не паўплывае. Рэч у тым, што гэтыя ваганні адбываюцца ўвесь час, ёсць плюсы, ёсць мінусы. Такі паказнік, як 7 мільярдаў, ужо лічыцца даўно, некалькі гадоў, таму я не бачу нейкіх асаблівых зменаў.

Я не падзяляю гэтай пазіцыі, што гэта нейкі крах – яго пакуль няма. Пакуль ёсць дастаткова стабільная сітуацыя. Вы паглядзіце, бывае 7.3, 7.4, 7.2, ну і што? Нічога такога не адбываецца.

– Яшчэ адзін чыннік нестабільнасці – цягам 15 месяцаў запар беларусы набываюць валюту. За гэты перыяд банкі «страцілі» 2.2 мільярда даляраў. Яшчэ адзін чыннік – банкі прымушаюць браць на баланс стратныя прадпрыемствы. Сёлета стала вядома пра кейс БМЗ, які фактычна трымаецца за кошт крэдытаў ад беларускіх банкаў. Ці бачыце вы ў гэтым небяспеку?

– Безумоўна, тут мае месца відавочная небяспека. Гэта сведчыць, што эканоміка наша хворая, што яна не здаравее. Ёсць шмат і іншых звестак: гэта зніжэнне аб'ёму чыстага прыбытку, нарастанне крэдыторскай запазычанасці ў рэальным сектары, практычна на ўсіх буйных кампаніях, на ўсіх дзяржпрадпрыемствах. Гэта сведчанне глыбіннага крызісу, які павольна вядзе да разрухі эканомікі. Павольна, таму што ва ўмовах ручнога кіравання гэта банкруцтва эканомікі можна расцягнуць у часе.

Шлях банкруцтва эканомікі прадаўжаецца, і мы назіраем яго штогод цягам некалькіх гадоў. Сёння адбываецца яшчэ большае захрасанне ў гэтым глыбінным крызісе.

Мы даўно назіраем, што за кошт прыбытку, скажам, ад рэалізацыі мінеральных угнаенняў, утрымліваюцца стратныя кампаніі. Гэта было і раней, але гэтая тэндэнцыя ўвесь час нарастае. Гэта ракавая пухліна нашай эканомікі, стратнасць найбуйнейшых кампаній апошнія гады.

– Многія эксперты кажуць, што Беларусь дакладна паўтарае сцэнар дэвальвацыі 2011 года. Ці бачыце вы падабенства сітуацый?

– Нейкае падабенства заўсёды можна знайсці, але я сказаў бы – час індывідуальны. Сёння ёсць вялікія праблемы звязаныя з палітычнай сітуацыяй у краіне. З тым, што знешнія інвестары баяцца ўкладваць свой капітал у нашу эканоміку. Знешнія інвестары адмаўляюцца вылучаць крэдытныя рэсурсы таму, што апошні дыктатар Еўропы ўсё яшчэ трымаецца ва ўладзе. Гэтая сітуацыя адбіваецца негатыўна на прывабнасці ўкладанняў у беларускую эканоміку.

Мы назіраем адток кадраў, адток інвестыцый і адток спецыялістаў інфармацыйнай сферы. Адток адбываецца не толькі ў высокаразвітыя краіны, але і ва Украіну, Польшчу, Чэхію. Гэта тое, што прывядзе да калапсу беларускай эканомікі.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках