18 красавiка 2024, Чацвер, 3:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вытворчасць ровараў па-беларуску: набываем у Кітаі, прадаём у Расею

25
Вытворчасць ровараў па-беларуску: набываем у Кітаі, прадаём у Расею
ЗАВОД «МОТАВЕЛА»
ФОТА: SB.BY

Ды і кошты, якімі Беларусь набывае і прадае ровары, выклікаюць пытанні.

Завод «Мотавела» - гэта, вядома, брэнд Беларусі, але...Паводле звестак Белстата, толькі з 2018 года наша краіна імпартавала 1 млн ровараў. 764 тысячы з іх - кітайскія, паведамляе «Еўрарадыё».

Пры гэтым Беларусь - не самая веласіпедная нацыя, ва ўсякім разе пакуль. Тады навошта столькі ровараў? Выяўляецца, за той жа самы час Беларусь...экспартавала 767 тысяч веласіпедаў. З іх 704 тысячы - у Расею.

Набываем-прадаём

Пра тое, што беларускія ровары - не зусім беларускія, падчас наведвання завода «Мотавела» прагаварыўся Аляксандр Лукашэнка. Ён даручыў чыноўнікам стварыць «умовы для максімальнай лакалізацыі». А то «слухайце, мы цягаем з Кітая камплектуючыя, збіраем іх тут. Гэта ж вялікія грошы, велізарныя выдаткі, іх жа трэба адтуль прывезці, а потым на той рынак павезці гатовы ровар. Таму мы павінны па максімуму рабіць тут».

У Кітаі набываем, у Расею прадаём. Парадак лічбаў дзіўна супадае. Напрыклад, паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2020 годзе ў Кітаі закупілі 206 867 ровараў. У Расею ў той жа год прадалі 206 295 ровараў. Не-не, мы не сцвярджаем, што ўсе кітайскія ровары пайшлі наўпрост у Расею. Але падумайце самі: розніца паміж лічбамі меншая за 600 ровараў.

Коштавае пытанне

Усходні сусед - асноўны пакупнік двухколавага транспарту з Беларусі. Але пра урбаністычны бум у расейскіх гарадах быццам таксама не чуваць. Ды і кошты, якімі Беларусь набывае і прадае ровары, выклікаюць пытанні.

Апошнія тры гады Беларусь закупляла ў Кітаі ровары сярэднім коштам 40-45 даляраў за штуку. Ва Украіну (другі па велічыні пакупнік велатранспарту з Беларусі) ровары прадаюцца коштам 64-70 даляраў. У ЕЗ - яшчэ даражэй. Але ў Расею «наш» двухколавы транспарт сыходзіць сярэднім коштам ад 14 да 18 даляраў. Гандаль у страту?

Вось розніца паміж купляй ровараў з Кітая і продажам іх у Расею, пра якую можна зрабіць выснову з афіцыйнай статыстыкі:

2018 год - мінус $6,6 млн;

2019 год - мінус $8,2 млн;

2020 год - мінус $7,9 млн.

Затое сотні тысяч ровараў прадаём!

І паралельна набываем, але ўжо даражэй! За апошнія тры гады у Расеі закуплена 223 тысячы ровараў з сярэднім коштам 80-89 даляраў. Імаверна, у Расею ідуць танныя ровары з кітайскіх запчастак, сабраныя на «Мотавела», а назад - імпарт, якім гандлююць у прыватных крамах.

Ацанілі парадак лічбаў? А цяпер яшчэ адна, дзіўная: паводле звестак Белстата, сукупная вытворчасць ровараў у Беларусі - амаль 67 тысяч на год.

Іх вырабляе ТАА «Мотавелазавод», якое прыйшло на змену ААТ «Мотавела», у дачыненні да якога яшчэ ў 2018 годзе распачатая ліквідацыйная справа. Дарэчы, не скончаная дагэтуль. Нацыянальны вытворца ровараў ужо тры гады спрабуе знайсці спосабы разлічыцца з крэдыторамі, але канца гэтай гісторыі не відаць.

Пры наведванні «Мотавела» ў пачатку сакавіка Аляксандру Лукашэнку прапанавалі варыянт развязання праблемных пытанняў, звязаных з назапашанымі пазыковымі абавязацельствамі ААТ «Мотавела» і яго ліквідацыяй. Лукашэнка план ухваліў і даручыў падрыхтаваць адпаведны праект указа. Падрабязнасці не называліся.

Цудоўны выгляд на могілках

Незалежны аналітык Сяргей Чалы ў эфіры «Чалы Live» пракаментаваў сітуацыю з «Мотавела»:

«Трэба ўважліва слухаць нарады, якія там адбываюцца. Такое адчуванне, што асноўны прадукт, які вырабляе наша эканоміка і палітыка, - гэта вытворчасць «кажымасці» . Давайце рабіць выгляд, што ў нас ёсць вялікі эканамічны і навуковы патэнцыял, які здольны вырабляць усё, за выключэннем асобных дэталяў.

Калі прыбраць вось гэтую наносную пену і надзіманне шчок, то галоўнае пытанне было: вось у нас жа ёсць карпусы, якія занадта вялікія для цяперашняй вытворчасці, давайце падумаем, што можна зрабіць з гэтымі пляцоўкамі. «Толькі не будуйце там жыллё», - кажа Лукашэнка. Яны ўжо цяпер глядзяць на гэта як на могілкі, якія трэба чымсьці забудаваць - што «Гарызонт», што «Мотавела», - і даўно ўжо».

Аляксандр Лукашэнка падчвас наведвання «Мотавела» 5 сакавіка ўскосна пацвердзіў тэзісы Сяргея Чалага: на месцы мотавелазавода наважылі зрабіць «Менскі гарадскі тэхнапарк»:

«У цэнтры горада мы захаваем гэтую пляцоўку як вытворчую, але чыстую. Тут не будзе ні ліцця, ніякіх нафтапрадуктаў, гэта будзе чыстая пляцоўка. І другая асаблівасць гэтай пляцоўкі тэхнапарку будзе палягаць у тым, што гэта будзе выключна вытворчасць».

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках