25 красавiка 2024, Чацвер, 13:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лекар БСМП Арцём Сарокін плануе вярнуцца на працу праз тыдзень

6
Лекар БСМП Арцём Сарокін плануе вярнуцца на працу праз тыдзень
АРЦЁМ САРОКІН
ФОТА З АСАБІСТАЙ СТАРОНКІ Ў FACEBOOK

Калегі рыхтуюцца сустракаць героя.

Роўна тыдзень таму анэстэзіёлага БСМП Арцёма Сарокіна вызвалілі ў зале суда - яго прызналі вінаватым у разгалашэнні медычнай таямніцы і прысудзілі да двух гадоў калоніі з адтэрміноўкай на год. Цяпер лекар знаходзіцца дома: ён узяў адпачынак за свой кошт, каб прыйсці ў сябе і пабыць з сям'ёй. Да працы Арцём Сарокін плануе вярнуцца 16 сакавіка, распавялі tut.by ягоныя калегі. Праз крымінальную справу ён больш за тры месяцы быў пазбаўлены магчымасці працаваць з пацыентамі.

2 сакавіка лекара-анэстэзіёлага Арцёма Сарокіна вызвалілі ў зале суда. Суд Маскоўскага раёна Менска прызнаў яго вінаватым у разгалашэнні медычнай таямніцы і прызначыў у якасці пакарання два гады калоніі, але з адтэрміноўкай на год. Гэта значыць, што доктар будзе на волі, і праз год, калі ён не зробіць ніякіх правапарушэнняў, пакаранне будзе знятае.

Цяпер Арцём Сарокін знаходзіцца дома, разам з сям'ёй. Са слоў жонкі Наталлі, ён напісаў заяву на адпачынак за свой кошт. Да працы доктар плануе прыступіць 16 сакавіка. На гэты момант лекар знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. З 19 лістапада 2020 года ён знаходзіўся пад вартай. Спярша - у СІЗА КДБ, затым - у СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

- Рыхтуемся сустракаць Арцёма ў лякарні. Яго чакаем не толькі мы, але і калегі з суседніх аддзяленняў. Перадаюць яму прывітанні і жадаюць больш хуткай сустрэчы ў аперацыйнай, - распавядае лекар аддзялення анестэзіялогіі БСМП у Менску.

Прысуд Арцём Сарокін наважыў не абскарджваць, распавяла ягоная жонка Наталля.

Суд над лекарам менскай БСМП Арцёмам Сарокіным і журналісткай tut.by Кацярынай Барысевіч, якіх абвінавачвалі ў разгалашэнні медычнай таямніцы аб стане загінулага Рамана Бандарэнкі, праходзіў у закрытым рэжыме і падоўжыўся шэсць дзён. 2 сакавіка быў абвешчаны прысуд: доктару - два гады калоніі з адтэрміноўкай на год, журналістцы - паўгода калоніі. Яна застаецца ў СІЗА.

Крымінальную справу ў дачыненні да іх распачалі 19 лістапада 2020 года. Іх абвінавацілі ў разгалашэнні медычнай таямніцы, што, на думку Генпракуратуры, пацягнула цяжкія наступствы. Нагадаем, 13 лістапада за аўтарствам Кацярыны Барысевіч выйшаў артыкул, у якім са спасылкай на медыцынскія дакументы і каментар лекара сцвярджалася, што ў крыві Рамана Бандарэнкі не было выяўлена этанолу. Першыя асобы заяўлялі, што памерлы хлопец быў п'яны.

Арцём Сарокін - анестэзіёлаг БСМП, лекар вышэйшай катэгорыі, бацька траіх дзяцей. Яму 37 гадоў. Калегі адклікаюцца пра яго як пра прафесіянала, які ўмее праводзіць усе тыпы аперацый. Менавіта ён працаваў у тую ноч, калі ў лякарню прывезлі збітага Рамана Бандарэнку, і надаваў яму анэстэзіялагічную дапамогу.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках