28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заўзятар БАТЭ звярнуўся ў ААН са скаргай на міліцыянтаў, якія сарвалі яму прагляд матчу праз шалік з «Пагоняй»

9
Заўзятар БАТЭ звярнуўся ў ААН са скаргай на міліцыянтаў, якія сарвалі яму прагляд матчу праз шалік з «Пагоняй»
ФОТА: SVABODA.ORG

Мужчыну амаль увесь матч пратрымалі ў пакоі міліцыі без якіх-небудзь юрыдычных падстаў.

44-гадовы футбольны заўзятар БАТЭ Сяргей Бахун звярнуўся ў Камітэт правоў чалавека ААН з нагоды парушэння яго правоў у 2014 годзе на стадыёне падчас матчу БАТЭ - «Слован» (Славакія), калі яго затрымала міліцыя за з'яўленне на арэне з шалікам з гербам «Пагоня». Мужчыну амаль увесь матч пратрымалі ў пакоі міліцыі без якіх-небудзь юрыдычных падстаў. Мужчыну вельмі абурыла гэтая сітуацыя, бо на матч у Барысаў ён прыехаў з Берасця, заплаціў грошы за квіток, але гульні любімай каманды так і не ўбачыў, паведамляюць праваабаронцы.

ФОТА: МІЛАНА ХАРЫТОНАВА

Гэтая гісторыя цягнецца з 26 жніўня 2014 года, калі БАТЭ прымаў дома «Слован» з Браціславы. БАТЭ тады выйграваў 3:0 і выходзіў у групавы раўнд Лігі чэмпіёнаў, але Сяргей Бахун гэтага амаль не бачыў - у сярэдзіне першага тайма яго вывелі з трыбуны міліцыянты і пратрымалі амаль да канца матчу ў «апорцы» стадыёна. Падставай для такіх дзеянняў праваахоўнікаў паслужыў шалік з выявай гістарычнага герба «Пагоня», які быў на шыі ў заўзятара. Прынамсі, менавіта такую прычыну, са слоў Сяргея Бахуна, агучыў Вячаслаў Паўлавец, у той час яшчэ маёр, які правёў «прафілактычную» гутарку з затрыманым.

«Трымалі для таго, каб начальнік змог прыйсці і правесці гутарку. Прыйшоў недзе праз гадзіну - маёр Вячаслаў Паўлавец. Сказаў, што на маім шаліку «Пагоня», гэта незарэгістраваная сімволіка, калі не хачу праблем, то яе трэба схаваць пад куртку. Паспрачаўся трохі. Але ў выніку я шалік схаваў пад куртку - у мяне жонка, дзіця. Не хацелася ехаць у пастарунак. Тады мяне пусцілі назад на трыбуну. Але матч ужо падыходзіў да канца», - распавёў тады пра свае прыгоды Сяргей Бахун.

На гэтым гісторыя Сяргея не скончылася. Бахун спачатку напісаў скаргу на дзеянні маёра Паўлаўца кіраўніку Барысаўскага РАУС і ў пракуратуру Барысаўскага раёна. Там распавялі, што правялі праверку, але парушэнняў не выявілі. Тады Бахун звярнуўся са скаргамі ў пракуратуру Менскай вобласці і начальніку УУС Мінаблвыканкама, але безвынікова. Таксама ніякіх вынікаў не далі звароты Сяргея ва Упраўленне ўнутраных спраў Менскай вобласці, начальніку ўпраўлення ўнутраных спраў Менскай вобласці. Футбольны заўзятар нават судзіўся з міліцыянтамі ў 2016 годзе ў судзе Барысаўскага раёна. Сяргей звярнуўся ў суд з патрабаваннем прызнаць дзеянні супрацоўніка міліцыі незаконнымі, але яму адмовілі, а дзеянні міліцыі прызналі правільнымі. Бахун абскардзіў рашэнне суда першай інстанцыі ў Менскім абласным судзе, старшыні Менскага абласнога суда і ў Вярхоўным судзе, але таксама безвынікова. Цяпер мужчына хоча дамагчыся справядлівасці праз Камітэт ААН.

«Усе дзяржаўныя органы, у якія я звяртаўся ў сувязі з затрыманнем і парушэннем маіх правоў на асабістую свабоду і на выказванне меркавання, адмаўлялі мне ў задавальненні скаргі ў сувязі з адсутнасцю парушэння заканадаўства падчас майго затрымання», - адзначае ў паведамленні Камітэту Бахун.

На думку Сяргея Бахуна, барысаўскія міліцыянты парушалі яго правы, прадугледжаныя п. 2 арт. 19 і п. 1 арт. 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах: права на свабоднае выказванне свайго меркавання і права на свабоду і асабістую недатыкальнасць.

Сяргей Бахун просіць Камітэт ААН прызнаць абавязак дзяржавы Рэспублікі Беларусь даць яму эфектыўны сродак прававой абароны супраць гэтых парушэнняў, уключаючы выплату належнай кампенсацыі і юрыдычных выдаткаў, якія ён панёс у абароне сваіх правоў на нацыянальным узроўні.

Раней Сяргей казаў, што яго галоўная і адзіная яго мэта - атрымаць прабачэнні ў пісьмовай форме за неправамерныя дзеянні барысаўскіх міліцыянтаў.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках