25 красавiка 2024, Чацвер, 18:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнкаўскіх калабарантаў чакае незайздросны лёс

51
Лукашэнкаўскіх калабарантаў чакае незайздросны лёс
Фота: ctv.by

Не забудзем, не даруем!

Гіганцкая праблема ўсёй нашай грамадзянскай супольнасці палягае не толькі і перад усім не ў суіснаванні з гвалтоўнай аўтарытарнай дзяржавай, а яшчэ ў тым, што мы да нядаўняга часу не мелі памяці, грамадзянская супольнасць не помніла сваіх ворагаў, катаў, лёгка даравала, забывала. Наша грамадзянская супольнасць да 2020 года была папросту добрая, піша Уладзіслаў Гарбацкі ў артыкуле на сайце «Новы час».

Усё змянілася раптам у канцы лета 2020 года, калі ў чарговы раз дыктатура паспрабавала абдурыць грамадства. Але яна не ўлічыла, што мінулі часы, калі беларусы былі занадта даверлівымі, і што варта даўно было падумаць аб сваім зыходзе — яшчэ пасля падзей 2010 года, калі дыктатура рэанімавала такую з'яву, як новая калабарацыя. Цяпер гэты панятак больш не зарэзерваваны выключна за ваеннай эпохай. Калабарацыя таксама мае на ўвазе ўсялякую супрацу з гвалтоўным, крывавым і нелегітымным рэжымам. Так, пасля вайны ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе нароўні з класічным разуменнем калабарацыі як супрацы з акупанцкімі ўладамі паўстаў альтэрнатыўны панятак: супраца мясцовых чыноўнікаў, партыйных дзеячаў з савецкімі ўладамі. І зноў усім вядомы лёс тых калабарантаў. Ніхто не дзівуецца публічнаму ганьбаванню гэтых асоб: у грамадстве прымаюцца люстрацыйныя законы, былыя каты, забойцы, пасіўныя змоўнікі асуджаюцца.

У беларускай гісторыі 21-га стагоддзя побач з ваеннай калабарацыяй у 20-м стагоддзі паўстала новая цяперашняя калабарацыя з дыктатурай, калі тысячы чыноўнікаў, службоўцаў, вайскоўцаў калабаруюцца з нелегітымнай сістэмай, рэжымам. Санкцыі і спіс неўязных, уведзеныя Бруселем, — гэта не толькі дэмарш сімвалічны, які часткова ўсё ж абмяжоўвае аўтарытарную сістэму, але перад усім гэта рэальны знак і азначэнне гэтай самай новай калабарацыі. Гэта дапамога беларускай грамадзянскай супольнасці пабачыць арыенціры, выпрацаваць пэўную стратэгію дзеяння. Чаму ж здзіўляюцца дэпутаты, урадаўцы, старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі ўвядзенню гэтых спісаў? Яны ж не здзіўляюцца ганьбаванню ваенных калабарантаў? Яны асуджаюць іх. А тут яны і самі раптам ці цалкам натуральна аказаліся на месцы калабарантаў. Паралелі навідавоку, хоць і маюць яны іншы ідэалагічны разрэз. За супрацу з нелегітымным рэжымам трэба плаціць, за замоўчванне, халатнасць, за невыкананне прафесійных абавязкаў, якія парушаюцца ідэалагічным чыннікам, за несыход з працы, за ўшчаперанне за ўладу, пасаду, грошы трэба плаціць. Трэба будзе заплаціць.

Лекар, які не лекуе, а перадае, спісвае рэальна хворага спецслужбам; cтаршыня Цэнтрвыбаркама, якая малюе лічбы, патрэбныя дыктатару; суддзя, што выносіць палітычны вырак; рэктар ці дэкан, які адлічвае студэнта па палітычных матывах; міліцыянт, які крыва сведчыць у судзе ды яшчэ хаваецца за падшаломнікам; святар, які заплюшчвае вочы на гвалт; журналіст, які піша не аб’ектыўны артыкул, а адсябечаны памфлет ці замоўлены ўладамі артыкул; дэпутаты, якія за адну хвіліну галасуюць без разваг і па ўказцы за пэўны закон і моўчкі назіраюць за гвалтам сілавікоў — усё гэта прадстаўнікі новай калабарацыі.

У брусельскім і асобным балцкім спісах занатаваныя асноўныя, але далёка не ўсе прадстаўнікі калабарацыянізму. Беларускай грамадзянскай супольнасці яшчэ варта ўдакладняць і істотна пашыраць гэты спіс: варта занатоўваць імёны, прозвішчы ўсіх актыўных і пасіўных калабарантаў, па магчымасці фатаграфаваць іх і ствараць своеасаблівыя альбомы, каталогі калабарантаў, размяшчаць іх у сеціве, захоўваць. Балазе, у лічбавую эпоху занатоўваць, збіраць доказы калабарацыі — справа лёгкая, калабаранты і калабаранткі адбітыя на мільёнах здымках, якія адвечна захоўваюцца цяпер у сеціве. Грамадзянскай супольнасці варта станавіцца часам злапамятнай і быць ідэальна падрыхтаванай да судоў у хуткай будучыні.

Калі на першы погляд тактыка грамадзянскай супольнасці па стварэнні каталогаў калабарантаў падаецца слабой, то яна можа вельмі дапамагчы ў будучыні. Пры гэтым такая спроба можа мець псіхалагічны ўплыў на некаторых калабарантаў і спыніць іх у будучыні, бо яны разумеюць, што супраца і замяшанне ў нячыстых справах, па-першае, будуць калісьці даведзеныя грамадству і дэмакратычным судам, а, па-другое, гэта кладзецца ценем на іх родных, блізкіх.

Такім парадкам, новая калабарацыя не мае будучыні — як заўсёды зведвала паразу і старая калабарацыя. Прыклады любой калабарацыі вучаць аднаму: дыктатуры знішчаюцца, і нават калі дыктатары паміраюць самі, дзясяткі тысяч дыктатарскіх прыслужнікаў жорстка пераследуюцца, асуджаюцца на пажыццёвыя тэрміны, пазбаўляюцца грамадзянства, правоў і проста трапляюць у забыццё (выкідаюцца з памяці, кніг, энцыклапедый і пад.). Дзясяткі тысяч пасіўных калабарантаў ці сваякоў калабарантаў, якія ведалі і маўчалі, пазбаўляюцца прывілеяў, пенсій і люднага стаўлення. Пры гэтым доўгая калабарацыя можа прывесці ў будучыні да яшчэ адной з'явы, якой не спыніць нават будучаму дэмакратычнаму рэжыму — індывідуальнай помсты. Гвалт дыктатуры ўжо спарадзіў фізічную, а яшчэ больш псіхал агічную траўмаванасць вялікай часткі насельніцтва. З'яву помсты ніяк не прадугадаць, але прыклады былых дыктатур і калабарацый дэманструюць частыя індывідуальныя расправы з былымі калабарантамі ці іх сем'ямі. І гэта таксама ўсё спарадзіў і запусціў у свет рэжым дыктатуры. Гісторыя калабарацыі багатая на розныя прыклады расправы людзей з калабарантамі: ад простага малявання літары «К» на дзвярах кватэры да аблівання калабарантаў фарбай ці кіслатой, прымусовага галення нагала ды іншага псіхалагічнага і фізічнага гвалту.

Узгадайма сучасны прыклад Тунэзіі. Зладжаная аўтарытарная сістэма рынулася, і ўвесь свет назіраў, які лёс напаткаў калабарантаў рэжыму Бэна Алі. І хоць сам Бэн Алі ўцёк і памёр у выгнанні, тысячы «бэн-алятаў» сядзяць у турмах, выплачваюць штрафы, пазбаўленыя ліцэнзій і права выконваць прафесію адваката, выкладчыка ці любую іншую публічную прафесію.

Анідзе калабаранты не маюць будучыні, у тым ліку і ў Беларусі, а пакуль лютуе іх рэакцыя на тое, што грамадзянская супольнасць Беларусі ўсё ж існуе, новая, прадэмакратычная Беларусь у чарговы раз прыняла баявы хрост падчас апошніх прэзідэнцкіх сфальсіфікаваных выбараў.

Праўда, ёсць прынцыповае станоўчае сёлетняе адрозненне ў рэакцыі грамадства на чарговую фальсіфікацыю дыктатара: нарэшце грамадзянская супольнасць салідарызавалася і навучылася быць прынцыповай і злапамятнай. Лозунг, які лунаў у паветры падчас жнівеньскіх маніфэстацый у 2020 годзе, — «Не забудзем — не даруем!» — гэта пачатак важных, хоць, мажліва, і нябачных пакуль трансфармацый.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках