25 красавiка 2024, Чацвер, 19:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каранавірус у Беларусі: улады ведаюць, што яны нарабілі

49
Каранавірус у Беларусі: улады ведаюць, што яны нарабілі
ФОТА: REUTERS

Лукашэнку і чыноўнікаў Міністэрства аховы здароўя ў будучай Беларусі будуць судзіць.

Віншую, улады Беларусі нарэшце перамаглі каранавірус! Як? Вельмі проста — адправілі за краты арганізатарак выставы «Машына дыхае, а я — не» Тацяну Гацуру-Яворскую і Натальлю Трэніну. Разам зь імі туды ж адправілася іх паплечніца з грамадзкага аб’яднаньня «Зьвяно» Юлія Сяменчанка. Выставу зачынілі, арганізатарак «закрылі» — цяпер дзяржава можа спаць спакойна. Калі яна каранавірусу ня бачыць, значыць, яго і няма.

Закрыцьцё гэтай выставы лягічна выглядае на фоне ўсёй беларускай палітыкі адносна пандэміі. Лукашэнка ж даўно заявіў, што пандэмія — гэта псыхоз, вось і змагаецца з гэтым псыхозам дзяржава адпаведна сваім уяўленьням пра псыхіятрычную дапамогу. Абвяшчае грамадзтва «ненармальным» і як можа забараняе ўсе магчымыя актыўнасьці.

Як псыхічныя хваробы доўгі час былі (і цяпер часта застаюцца) табуяванай тэмай у грамадзтве, так і каранавірус стаў табу для ўладаў. Яго трэба ня проста ігнараваць — гэтым сытуацыю ня выправіш. Каб пазбавіцца заразы, яе трэба забараніць. Пад забарону падпадаюць фактычна любыя згадкі і тым больш дакумэнтальныя сьведчаньні.

Стаіць за гэтым усім, вядома ж, вялікі страх, што сабраныя сьведчаньні ў будучыні могуць быць выкарыстаныя супраць Лукашэнкі і чыноўнікаў зь Мінздароўя, калі ў новай Беларусі будуць расьсьледаваць злачынствы супраць народу. Калі будуць выстаўляць абвінавачваньні ў наўмысным увядзеньні людзей у зман, публічных абразах памерлых, падробцы дакумэнтаў, наўмысным масавым заражэньні ў ізалятарах часовага ўтрыманьня і іншых месцах.

Праўда заўжды працуе лепш за любую прапаганду. Вось і на выставе не было ніякай прапаганды, а былі простыя сьведчаньні людзей — тых, якія хварэлі на каранавірус, і тых, якія іх лекавалі. Але паказаць гэтыя праўдзівыя сьведчаньні — тое ж самае, што пацягнуць за нітку і пачаць раскручваць клубок хлусьні, узаемнага пакрываньня і вечнага «ну вы ж разумееце».

У маёй сям’і два чалавекі памерлі ад ускладненьняў, выкліканых каранавірусам, так што не, я не разумею.

Здавалася б, ну якая небясьпека дзяржаве ад таго, што людзі пабачаць, як нехта напісаў, пакуль быў на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, «няма паветра»? Ва ўсім сьвеце людзі ў лякарнях пакутавалі і паміралі ад каранавірусу. Але чынавенства ў Беларусі, магчыма, зьвязвае гэты надпіс і надзвычайную сытуацыю ў Віцебскай лякарні, дзе праз аварыйнае адключэньне падачы кіслароду ў рэанімацыі памерлі людзі.

І так ва ўсім. Улады ведаюць, што яны нарабілі, і цяперашнімі рэпрэсіямі чарговы раз пацьвярджаюць, што ўсё гэта было не выпадкова, не па дурасьці і не па няведаньні. Што нас наўмысна заражалі і забівалі, што нам наўмысна хлусілі і нам наўмысна адмаўлялі ў мэдычнай дапамозе на дзяржаўным узроўні.

Таму пры цяперашняй уладзе ў Беларусі ня будзе ні помнікаў загінулым мэдыкам, ні помнікаў пацыентам і пацыенткам, якіх ня здолелі выратаваць. Ня будзе на дзяржаўным узроўні павагі і ўдзячнасьці ўсім, хто дапамагаў адно аднаму. І, вядома ж, ня будзе ніякай працы над памылкамі. Бо каб памылкі выправіць, іх спачатку трэба прызнаць, а гэта пакуль што не беларускі спосаб пераадоленьня цяжкасьцяў.

Ну праўда, не прызнаюць жа ўлады, што людзей у беларускіх ізалятарах наўмысна заражалі каранавірусам і што супраць Тацяны Гацуры-Яворскай пачалі крымінальную справу за тое, што яна дапамагала людзям і паказвала праўду пра барацьбу зь вірусам у Беларусі?

Не, на такое ўлады дакладна ня пойдуць. Гэта было б занадта гуманна.

Наста Захаревич, «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках