25 красавiка 2024, Чацвер, 18:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Многія выказалі недавер да афіцыйнай версіі»: беларусы ўспамінаюць аб тэракце ў Менскім метро

14
«Многія выказалі недавер да афіцыйнай версіі»: беларусы ўспамінаюць аб тэракце ў Менскім метро

Сведчанні тых, хто там быў і выжыў.

Дзесяць гадоў таму, 11 красавіка 2011 года, у менскім метро прагрымеў выбух. Яго ахвярамі сталі 15 чалавек: 11 загінулі на месцы, яшчэ чацвёра памерлі ў лякарнях, больш за 200 былі шпіталізаваныя. Паводле афіцыйнай версіі расследавання вінаватымі ў тэракце былі прызнаныя двое ўраджэнцаў Віцебска: Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. Праз сем месяцаў абодвух прысудзілі да расстрэлу. У дзясятую гадавіну трагедыі сведкі і пацярпелыя ў гутарцы з DW успамінаюць аб тым, што здарылася.

«Было сорамна, што я ў крыві і ў ірваных джынсах»

«Я думала, што паміраю і трэба паведаміць маме, што нешта здарылася», - успамінае пра першыя хвіліны пасля выбуху 27-гадовая Маргарыта Ярашук. У 2011 годзе яна заканчвала школу і хадзіла на падрыхтоўчыя курсы для паступлення ў ВНУ. 11 красавіка пасля заняткаў на курсах дзяўчына спяшалася на сустрэчу з сяброўкай. «Калі спускалася па лесвіцы на платформу, я пачула, што набліжаецца цягнік і паскорыла крок. Пад'ехаў цягнік, дзверы адчыніліся, і ў гэты момант пачуўся выбух. Я ўпала, было цёмна і дымна», - распавядае Маргарыта.

Пасля выбуху дзяўчына то прыходзіла ў сябе, то зноў губляла прытомнасць. Праз нейкі час ёй удалося дапаўзці да турнікетаў, дзе яе ўбачыла працаўніца метро. «Я прасіла, каб пазванілі маёй маме і сказалі, што я паміраю. Яшчэ прасіла вады, бо вельмі хацела піць. Пры гэтым я сябе добра адчувала. Мне было спакойна, камфортна, - узгадвае Маргарыта. - Мяне вынеслі на вуліцу. Памятаю, гляджу на свае джынсы, а яны ўсё ў крыві і разарваныя. Акурат журналісты падбягаюць, здымаюць, а мне сорамна, што я ў такім стане і ў ірваных джынсах».

Маргарыту адвезлі ў лякарню, дзе яна правяла некалькі месяцаў - спачатку ў рэанімацыі, потым у звычайным аддзяленні. Лекары казалі, што яна выжыла толькі дзякуючы ўзросту - малады і здаровы арганізм змог справіцца з траўмамі. Самымі сур'ёзнымі сталіся аскепкавыя раненні галавы (лекары вынялі некалькі буйных аскепкаў) і пераломы ног (пазней дзяўчыне ампутавалі частку пяткі).

У якасці кампенсацыі ад дзяржавы Маргарыта атрымала тэлевізар і аднаразовую выплату. Суму яна не памятае: у той час яна ляжала ў лякарні і не асабліва ўнікала ў гэтыя пытанні, кажа дзяўчына.

Выбух у метро шмат у чым змяніў жыццё Маргарыты. Праз праблемы са здароўем і псіхалагічныя траўмы яна пасля трэцяга курсу вымушаная была кінуць вучобу ў ВНУ, а наступствы раненняў адбіваюцца па гэты дзень. «Праз тое, што ў мяне няма пяткі, я хаджу са спецыяльнай вусцілкай, а дома наогул на дыбачках - левую нагу цалкам не апускаю. Летась дасталі яшчэ два асколкі. Засталіся глыбокія шнары на сцёгнах, - кажа Маргарыта. - Да псіхолага я не хадзіла, напэўна, больш за ўсё мне дапамагла сям'я, родныя. Мне было важна дзяліцца з людзьмі маімі перажываннямі, расказваць пра іх. І на інтэрв'ю, магчыма, я пагадзілася таму, што не да канца вылечыла гэтую траўму».

Паўтара года таму Маргарыта пераехала з Менска ў Гародню, дзе ў яе невялікі бізнэс.

«Пад лесвіцай ляжаў чалавек, якому адарвала рукі і ногі»

Віктар Селедчык у 2011 годзе вучыўся ў школе. У метро ён апынуўся з двума сябрамі, Паўлам і Кірылам. Хлопцам было па 14-15 гадоў, яны хадзілі на заняткі біятлону ў спартыўную секцыю, а ў той дзень ехалі з медагляду. «Мы стаялі за калонай, думаю, яна нас і выратавала. Не ведаю, як дакладна апісаць гэта адчуванне, калі адбываецца выбух: моцнае рэха, карцінка пачынае трэсціся, - успамінае Віктар. - Мы з Пашам убачылі, што ў Кірыла пашкоджанае калена і сам ён не можа рухацца, таму ўзялі яго пад рукі і пацягнулі на выхад. Пад лесвіцай ляжаў чалавек, якому адарвала рукі і ногі»

З ягоных слоў, да метро вельмі хутка прыехалі машыны хуткай дапамогі, міліцыя. Падлеткаў адвезлі ў лякарню. Віктар атрымаў баратраўму - у яго была парваная барабанная перапонка. «Мне зрабілі аперацыю па аднаўленні слыху, але дагэтуль калі кажуць адначасова некалькі чалавек ці вакол шмат старонніх гукаў, я перастаю чуць суразмоўцу. Я працую барберам( мужчынскім цырульнікам - рэд.), і калі, напрыклад, грае музыка, мне цяжка размаўляць з кліентам, даводзіцца ўвесь час перапытваць. Да таго ж застаўся піск у галаве, але да яго я ўжо прызвычаіўся», - распавядае Віктар. Аднак, да службы ў войску яго прызналі прыдатным, дадае маладзён.

У 2011 годзе дзяржава выплаціла Віктару грашовую кампенсацыю «дзесьці 400-500 даляраў», кажа хлопец. Па дапамогу да псіхолагаў ён не звяртаўся, груп падтрымкі не наведваў: «Думаю, у мяне няма нейкіх псіхалагічных траўмаў праз тое, што здарылася. Мне не страшна ездзіць у метро, я не баюся замкнёных прастор». Афіцыйнаму расследаванню прычын выбуху ў метро Віктар не верыць.

«Не было ніякай панікі, усе былі самаарганізаваныя»

«Магчыма, выканаўцам быў Канавалаў, магчыма, ён прынёс у метро выбухоўку, але я ўпэўнены, што ён не быў арганізатарам. У 2011 годзе многія выказвалі недавер да афіцыйнай версіі расследавання», - кажа літаратар і публіцыст Севярын Квяткоўскі. У момант выбуху ён таксама быў на станцыі метро «Кастрычніцкая». «Я ступіў на эскалатар, і ў гэты момант адбыўся выбух. Гук быў не моцны, але адразу паваліў дым. Я падумаў, што нейкія хуліганы кінулі дымавую шашку. Людзі прыселі, развярнуліся і накіраваліся да выхаду. Мяне яшчэ тады ўразіла, што не было ніякай панікі, істэрыкі, крыкаў, цісканіны, усе былі самаарганізаваныя», - успамінае Севярын.

Ён стаў здымаць тое, што адбываецца на камеру, і пасля яго відэа з людзьмі, якія пакідаюць метро, абляцела ўвесь свет. Мужчына прызнаецца, што не адразу ўсвядоміў увесь жах сітуацыі.

«Тое, што адбылося нешта страшнае, я зразумеў, калі ўбачыў, як вынеслі жанчыну са скрываўленай нагой. У мяне быў шок, як і ў большасці людзей, якія выходзілі з метро. Дагэтуль гэта трывожныя ўспаміны. Пасля выбуху я зноў змог спусціцца ў метро не адразу. У першы час там нават было відаць, дзе менавіта замянілі пліты. Яны святлейшыя, ты адразу разумееш, што тут адбылося», - кажа Севярын.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках