19 красавiка 2024, Пятніца, 13:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

38 мільёнаў страт і 800 мільёнаў запазычанасці: Што адбываецца з «Гомельшклом»

9
38 мільёнаў страт і 800 мільёнаў запазычанасці: Што адбываецца з «Гомельшклом»

Вялікія спадзяванні ўлад не спраўдзіліся.

Беларускія чыноўнікі любяць паўтараць, што адмова ад выкарыстання захадаў іншых краін для супрацьдзеяння распаўсюджванню COVID-19 дазволіла «захаваць» беларускую эканоміку. Тым не менш яшчэ ўлетку 2020 году старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей у ліку арганізацый, якія пацярпелі ад пандэміі, назваў ААТ «Гомельшкло». Як скончыла 2020 год гэтае прадпрыемства, разбіраўся «Флагшток».

На «Гомельшкло» беларускі ўрад меў вялікія спадзяванні. Дзесяць гадоў таму прадпрыемства было ўключанае ў дзяржаўную праграму развіцця прамысловага комплексу да 2020 года. На арганізацыю вытворчасці прамысловай перапрацоўкі шкла было выдадзена 115 млн BYN.

Аднак мадэрнізацыя прайшла не так, як хацелася. У выніку ў снежні 2015 года ў адпаведнасці з распараджэннем Лукашэнкі міністэрства фінансаў унесла ў якасці грашовага ўкладу Рэспублікі Беларусі ў статутны фонд ААТ «Гомельшкло» 14 млн BYN. Гэтыя сродкі былі накіраваныя на заканчэнне фінансавання інвестыцыйнага праекта «Мадэрнізацыя дзейнай лініі для вырабу паліраванага шкла і арганізацыі яго прамысловай перапрацоўкі».

Мадэрнізацыя цяжка адбілася на фінансавым стане прадпрыемствы. Некалькі гадоў запар «Гомельшкло» было адным з найбольш стратных акцыянерных таварыстваў Гомельскай вобласці. Сітуацыя пачала выпраўляцца з 2017 года, калі прадпрыемства ўпершыню пасля мадэрнізацыі выйшла на рэнтабельную дзейнасць. Летась прадпрыемства ўвогуле ўвайшло ў топ-5 самых прыбытковых акцыянерных таварыстваў Гомельскай вобласці.

Здавалася, што ўсё нармалізавалася, але тут прыйшла пандэмія. «Гомельшкло» раптоўна ператварылася з аднаго з самых прыбытковых у адно з самых стратных прадпрыемстваў рэгіёну. Налічаныя адсоткі за крэдыты перавысілі прыбытак, атрыманы ад бягучай дзейнасці. У выніку страты да падаткаабкладання склалі амаль 9 млн BYN.

Сітуацыю яшчэ больш пагоршыла змена адкладзеных падатковых абавязанняў. Гаворка ідзе аб падатках мінулых гадоў, ад выплаты якіх прадпрыемства раней было пазбаўленае. У выніку чыстыя страты за 2020 год склалі 37,9 млн BYN.

Велічэзныя страты далей пагаршаюць фінансавае становішча прадпрыемства. Агульная сума запазычанасці «Гомельшкла» за год вырасла з 500 да 800 млн BYN. Гэта значыць, што далей сумы, якія выплачваюцца ў выглядзе адсоткаў за крэдыты, яшчэ больш вырастуць. А значыць, праблемы мінулых гадоў надалей будуць нарастаць як снежны камяк.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках