25 красавiка 2024, Чацвер, 18:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выбух на «Кастрычніцкай»: 10 фактаў і высноў аб тэракце ў метро

13
Выбух на «Кастрычніцкай»: 10 фактаў і высноў аб тэракце ў метро

Пытанні, якія праз 10 гадоў застаюцца без адказу.

11 красавіка 2011-га а 17.56 у Менску на станцыі метро «Кастрычніцкая» прагрымеў выбух. На месцы загінулі 11 чалавек, усяго ў выніку ахвярамі тэракту сталі 15 чалавек. Колькасць пацярпелых склала больш за 400 чалавек, піша «Салідарнасць».

Паводле звестак следства, самаробная бомба знаходзілася ў спартыўнай сумцы, пакінутай на пероне станцыі. Яе магутнасць у тратылавым эквіваленце - ад 5 да 7 кг.

Канавалаў і Кавалёў

Вінаватымі ў тэракце ў метро былі прызнаныя ўраджэнцы Віцебска токар Дзмітрый Канавалаў і электраманцёр Уладзіслаў Кавалёў.

Таксама Канавалава прызналі вінаватым у выбуху на Дзень Незалежнасці ў Менску ў 2008-га, выбуху ў Віцебску ў верасні 2005-га. Кавалёва прызналі суўдзельнікам ва ўчыненні тэракту ў метро і неданясенні на Канавалава.

Абодва ў выніку былі прысуджаныя да вышэйшай меры пакарання і расстраляныя ў сакавіку 2012-га.

Раскол у грамадстве

У снежні 2011-га, пасля вынясення прысуду Канавалаву і Кавалёву, Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў было праведзенае сацапытанне, вынікі якога сведчылі пра раскол у беларускім грамадстве ў пытанні вінаватасці асуджаных.

Згодна з вынікамі апытання, 43,4% рэспандэнтаў палічылі фігурантаў працэсу невінаватымі, 37% апытаных вераць у іх вінаватасць, 19,6% не змаглі адказаць.

Прычыны недаверу

Скепсіс значнай часткі грамадства можна растлумачыць як канкрэтнымі дзеяннямі ўладаў падчас следства і суда, так і агульным стаўленнем да метадаў працы сілавых структур.

Паводле справы аб выбухах у Віцебску ў 2005-м праходзілі браты Віталь і Юры Мурашка, якіх Аляксандр Лукашэнка назваў «ахламонамі, якія ўзарвалі імітацыйную прыладу». Мяркуючы з ягоных слоў, следчыя здолелі знайсці падыход да затрыманых: «Яны думалі, што іх не знойдуць. Іх хутка вылічылі, знайшлі, і яны ўжо распавялі, дзе бралі порах і як хацелі папужаць людзей».

Пазней братоў давялося адпусціць, а ў 2011-м адказнасць за выбухі легла на Канавалава.

У 2006-м затрымалі маладафронтаўца Паўла Красоўскага, якога неўзабаве таксама давялося адпусціць.

У 2009-м у СІЗА трапіў мастак з Маладзечна Дзмітрый Сухецкі, які няўдала зварыў лак, пазбавіўшыся пальцаў і стаўшы падазраваным у справе аб выбуху ў Менску ў 2008-м.

Пасля выбуху 3 ліпеня працэдуру дактыласкапіі прайшлі больш за два мільёны чалавек. І ўсё дарэмна, бо Дзмітрый Канавалаў, мяркуючы з афіцыйнай версіі, змог яе пазбегнуць у 2008-м. Таксама былі затрыманыя дзясяткі апазіцыйных актывістаў, бізнэсоўцы.

Што тычыцца справы 11 красавіка, то пытанні ў многіх беларусаў выклікаў шэраг момантаў: хуткі суд і прысуд, як і прывядзенне яго ў выкананне; знішчэнне довадаў; адмова Кавалёва ад паказанняў, атрыманых у яго падчас следства — нібыта праз ціск на яго; сумнеў у здольнасці Канавалава сабраць выбуховую прыладу, як і адсутнасць для гэтага аптымальных умоў. І шмат што іншае.

Быў матыў у Канавалава

У абвінаваўчым прысудзе прагучала: Дзмітрый Канавалаў учыніў злачынства з мэтай «дэстабілізацыі абстаноўкі і застрашвання насельніцтва».

Гэтую фармулёўку і сам Канавалаў неаднаразова паўтараў на допытах падчас папярэдняга расследавання. Пры гэтым ён выразна так і не растлумачыў, чым менавіта было выкліканае жаданне «дэстабілізаваць абстаноўку» пры дапамозе тэрору.

Дарэчы, крытыкі афіцыйнай версіі паказвалі на адно цікавае супадзенне: на наступны дзень пасля тэракту тагачасны кіраўнік КДБ Вадзім Зайцаў агучыў тры версіі, першая з якіх гучала як «дэстабілізацыя абстаноўкі ў Беларусі».

Кантэкст

Выбух у метро прагрымеў на фоне агульнай няпростай сітуацыі ў краіне. Нарастаючы фінансавы крызіс, працэсы над удзельнікамі пратэстаў 19 снежня 2010-га, першыя акцыі «Стоп-бензін», пагроза санкцый з боку Захаду.

Альтэрнатыўныя версіі

Самыя папулярныя з іх можна падзяліць на дзве ўмоўныя групы. У першым выпадку гаворка ідзе пра спробу ўладаў такім чынам адцягнуць увагу насельніцтва ад комплексу праблем эканамічнага і палітычнага характару, згаданых вышэй.

У другім выпадку праціўнікі ўладаў падазраюць разборкі ў вышэйшых эшалонах улады.

Кніга Груздзіловіча

Карэспандэнт Радыё Свабода Алег Груздзіловіч рэгулярна асвячаў працэс з залы суда. Пазней на аснове ўласных назіранняў і аналізу судовых матэрыялаў ён напісаў кнігу «Хто падарваў менскае метро?»

- Адказ на гэтае пытанне атрымаўся сам сабой, не спецыяльна, бо ўзнікала ўсё больш і больш звестак, калі кніга ўжо пісалася. Я ставіў сябе на месца прысяжнага ў судзе, які слухае довады следства, а пасля яго пакідаюць, і ён павінен даць адказ, вінаваты падсудны ці не. Калі я ўсё ўзважыў, то атрымалася, што Канавалаў у тэракце вінаваты, а Кавалёў не вінаваты, але ён мог ведаць пра тое, што здарыцца, - казаў падчас прэзентацыі кнігі яе аўтар.

Нягледзячы на такія высновы, пракуратура вынесла Груздзіловічу папярэджанне за «распаўсюджванне недакладнай інфармацыі».

Людміла Кавалёва

Людміла Кавалёва, маці расстралянага паводле справы аб тэрарызме Уладзіслава Кавалёва, да апошняга змагалася за жыццё сына. І прадаўжае бараніць ягонае імя дагэтуль. Яна перакананая, што ні яе сын, ні Канавалаў недатычныя да трагедыі ў метро.

У 2012-м беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Людмілу Кавалёву праваабаронцам года. Яна стала тварам кампаніі за скасаванне смяротнага пакарання ў Беларусі.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках