25 красавiка 2024, Чацвер, 17:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскія вайскоўцы заглушылі расейскі беспілотнік «Арлан-10», які перасек лінію размежавання

11
Украінскія вайскоўцы заглушылі расейскі беспілотнік «Арлан-10», які перасек лінію размежавання

Што адбываецца ў зоне АТА?

Баевікі расейска-акупацыйных войскаў прадаўжаюць дзёрзка парушаць рэжым спынення агню і абстрэльваць украінскія пазіцыі на Данбасе. Напярэдадні абаронцы Украіны зафіксавалі дзесяць варожых абстрэлаў, у тым ліку дзевяць прыцэльных. А таксама адзін пралёт беспілотніка з перасячэннем лініі размежавання, паведамляе zn.ua.

Непадалёк ад Харчавіка акупанты білі з забароненых Менскімі дамовамі 82-мм мінамётаў, станковых процітанкавых і ручных супрацьтанкавых гранатамётаў. У прыгарадзе Пясок і Шырокіна - са стралковай зброі, а непадалёк Аўдзееўкі і Каменкі - з гранатамётаў розных сістэм.

Пазіцыі ўкраінскіх абаронцаў у раёне Маёрскага расейскія найміты абстрэльвалі з ручных супрацьтанкавых і падствольных гранатамётаў. А паблізу Залатога-3 адкрывалі агонь з аўтаматычных станковых гранатамётаў, буйнакаліберных кулямётаў і стралковай зброі.

У выніку прыцэльнага варожага абстрэлу са стралковай зброі, смяротнае раненне атрымаў адзін украінскі вайсковец. Яшчэ аднаго байца даставілі ў лякарню з кулявым раненнем, стан параненага сярэдняй ступені цяжкасці. Аб'яднаныя сілы падаўлялі актыўнасць баявікоў у адказ агнём.

«У раёне населеных пунктаў Траецкае, Наўгародскае і Новалуганскае быў зафіксаваны пралёт варожага БПЛА «Арлан-10» (вырабляюцца ў РФ - рэд.) з перасячэннем лініі размежавання. Сродкамі радыёэлектроннай барацьбы БПЛА ворага быў своечасова падаўлены», - распавялі ў штабе ААС.

Прадстаўнікам АБСЕ паведамілі пра факты парушэння рэжыму спынення агню расейскімі наймітамі. На раніцу 11 красавіка варожыя абстрэлы на Данбасе не фіксуюцца. Аб'яднаныя сілы кантралююць сітуацыю на ўсходзе краіны і выконваюць рэжым спынення агню.

8 красавіка федэральная канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін абмеркавалі абвастрэнне на Данбасе. Мэркель усклала адказнасць за яго на Крэмль і заклікала Пуціна да дээскалацыі сітуацыі на ўсходзе Украіны.

На думку прадстаўніка ўкраінскай дэлегацыі ў ТКГ Аляксея Арэстовіча, новае абвастрэнне выкліканае трыма прычынамі: вучэннямі NATO, новай халоднай вайной паміж ЗША і Расеяй, а таксама жаданнем Крамля дамагчыся саступак на нармандскім саміце.

У Офісе прэзідэнта Украіны не выключаюць далейшую актывізацыю баявых дзеянняў на Данбасе. Так, намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта РФ Дзмітрый Козак адкрыта пагражаў «пачаткам канца Украіны» ў выпадку спробы сілавога вызвалення часткі Данецкай і Луганскай абласцей.

Аднак ва УСУ не плануюць вызваляць часова акупаваныя тэрыторыі сілай, прыярытэтным з'яўляецца палітыка-дыпламатычны шлях дэакупацыі.

Сітуацыя на ўсходзе Украіны пагоршылася ў канцы мінулага месяца. 26 сакавіка баевікі прыцэльна абстралялі пазіцыі УСУ пад Шумамі ў Данецкай вобласці, чацвёра ўкраінскіх вайскоўцаў загінулі, яшчэ двое атрымалі раненні. Акупанты стралялі сапёрам у спіну, правакуючы агонь па вадапомпавай станцыі, якая забяспечвае вадой жыхароў часова акупаваных і падкантрольных Украіне тэрыторый.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках