28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму вада ў Беларусі становіцца ўсё даражэйшай

9
Чаму вада ў Беларусі становіцца ўсё даражэйшай

Чаму вада ў Беларусі становіцца ўсё даражэйшай

Паводле звестак ААН, ад дэфіцыту пітной вады пакутуе больш за 40% насельніцтва Зямлі, і, паводле прагнозаў, гэты лік будзе расці. Так, эксперты прагназуюць, што да 2050 г. прыкладна 5,7 млрд чалавек могуць сутыкнуцца з нястачай пітной вады. У апошнія гады ў розных рэгіёнах планеты блізу 3,6 млрд чалавек мелі перабоі ў доступе да вады як мінімум адзін месяц за год, гаворыцца ў дакладзе «The World Water Development Report» пра стан водных рэсурсаў.

Наколькі гэтая праблема актуальная для Беларусі, якую называюць краінай рэк, азёраў і шматлікіх падземных крыніцаў? Як фармуецца кошт пітной бутыляванай вады? Ці патрэбныя нашай краіне альтэрнатыўныя ідэі? Разбіраўся «АиФ».

Вада на душу насельніцтва

Беларусь, паводле звестак Праграмы развіцця Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (ПРААН), уваходзіць у першую дваццатку краінаў у забяспечанасці доступу насельніцтва да чыстай вады.

«Якасць падземных водаў адпавядае санітарным правілам і нормам Рэспублікі Беларусь, – расказалі ў Нацыянальным агенцтве інвестыцый і прыватызацыі. – Выключэнне складаюць падвышанае ўтрыманне жалеза, марганцу, часам барыю, азоту амонію і аксіду крэмнію, нізкая канцэнтрацыя фтору, а таксама адхіленне ад нарматываў у паказніках арганалептычных уласцівасцяў. Гэтыя неадпаведнасці тлумачацца асаблівасцямі прыродных гідрагеалагічных умоваў тэрыторыі краіны».

Тэзіс, што падземныя воды – наш нацыянальны набытак, пацвярджаецца наступнымі звесткамі: у Беларусі выяўлена больш за 650 радовішчаў прэсных і мінеральных водаў. У цэлым наяўных запасаў хопіць надоўга. Праўда, пакуль не ўсе беларусы маюць магчымасць набіраць з-пад крана артэзіянскую ваду. На прызнанне чытачоў, абяцанні пераводу шэрагу раёнаў Менска на падземныя крыніцы водазабеспячэння яны чулі яшчэ да нулявых і гэтак далей.

Паводле апошніх звестак, якія нядаўна прывёў генеральны дырэктар ДВА «Белводаканал» Алег Конан, поўны перавод Менска на падземныя крыніцы водазабеспячэння павінен адбыцца да 2025 года. Сёння частка спажыўцоў у Менску атрымлівае ваду з паверхневых крыніцаў. «Пасля поўнага пераводу на падземныя крыніцы вада, якая спажываецца горадам, будзе больш якаснай у арганалептычных характарыстыках, – адзначыў Алег Конан. – З гэтай мэтай запланаванае будаўніцтва новых водазабораў і артэзіянскіх свідравінаў, закальцоўка сістэмы з новымі аб'ектамі». А пакуль, як дзеляцца нашы чытачы, хтосьці паставіў ачышчальныя фільтры, хтосьці ездзіць па ваду на крыніцы, а хтосьці набывае бутыляваную ваду.

Як фармуецца кошт?

Кошт літровай бутэлькі пітной вады некаторых брэндаў ужо набліжаецца да кошту літра паліва! Як гэта тлумачыцца?

– Кошт пітной бутыляванай вады фармуецца зыходзячы з шматлікіх чыннікаў, – расказаў уладальнік кампаніі «Абронікс», якая займаецца вытворчасцю бутыляванай вады «Слаўная», Аляксандр Усянок. – Гэта мноства выдаткаў, звязаных са здабычай вады, ачысткай, вытворчасцю, лагістыкай, маркетынгам, сертыфікацыяй і г. д. Напрыклад, калі мы вязем фуру вады ў Менск з вёскі Асавец Любанскага раёна, дзе яна здабываецца і вырабляецца, – а гэта блізу 190 км, – для таго каб выгрузіць яе на наш склад, яна адразу даражэе на 10%. Самае выдатковае і складанае – гэта лагістыка. Мы нават не можам наладзіць экспарт у тую ж Расею, таму што ў кошт вады трэба будзе ўкласці кошт перавозкі, а гэта плюс 30–35%. Так, ваду хочуць набываць у краінах СНД, але, як толькі разумеюць, што яе кошт павялічыцца на 30 і больш адсоткаў, гэтае жаданне адразу знікае.

Нафта, калі параўноўваць, альбо цячэ па пракладзеных трубаправодах, альбо яе перавозяць чыгункай, што несупастаўна ў выдатках з перавозкай па аўтадарогах. Таму тона нафты на сусветным рынку каштуе менш, чым тона вады з вядомых экалагічна чыстых крыніцаў.

Водны бізнэс вельмі складаны і грашаёмкі. Калі я прыняў пастанову ім заняцца, мяне матывавала тое, што вада, якую мы здабываем, мае прыродны збалансаваны склад і пры яе вытворчасці не трэба выдаткоўваць на глыбокую ачыстку і выкарыстанне дадаткаў. Набываючы ў 2011-м прадпрыемства-банкрут, я хацеў вывесці яго на патрэбны ўзровень, і для гэтага давялося зрабіць сур'ёзныя ўкладанні. Прабіць сваю свідравіну і завесці трубу проста ў цэх абышлося прыкладна на 30 тыс. даляраў. Усталяваць новае сучаснае абсталяванне водападрыхтоўкі (яно ўключае ў сябе станцыю абезжалезвання, абеззаражання, памякчэння, фільтрацыі, без якіх прадукт разліваць у бутэлькі нельга) – яшчэ прыкладна 35 тыс. даляраў. Тару ад 0,33 л да 10 л мы вырабляем самі: для выдзімання бутэлек усталявалі абсталяванне коштам блізу 100 тыс. даляраў. Цяпер сыравіна для тары расце ў кошце не днямі, а гадзінамі, што адлюстроўваецца на кошце і самай упакоўкі, і вады.

Па тэрыторыі краіны працякаюць сем буйных рэк даўжынёй больш за 500 км: Заходняя Дзвіна, Нёман, Вілія, Днепр, Бярэзіна, Сож і Прыпяць, шэсць з іх (за выключэннем Бярэзіны) з'яўляюцца трансгранічнымі. Усяго ў Беларусі 20,8 тыс. рэк рознай велічыні агульнай даўжынёй 90,6 тыс. км. На тэрыторыі Беларусі знаходзяцца блізу 10,8 тыс. азёраў.

Таксама было ўстаноўленае абсталяванне для разліву – гэта каштавала прыблізна 250 тыс. даляраў. Каб забяспечваць бесперабойны выпуск усіх відаў прадукцыі, неабходна падтрымліваць наяўнасць матэрыялаў для выдзімання бутэлек, а таксама корак, этыкетку і г. д. Гэта таксама патрабуе істотных выдаткаў.

– Які сабекошт літровай бутэлькі пітной вады і за які кошт яе набываюць пакупнікі?

– Заводскі сабекошт – блізу 25 капеек. А ў краме яна каштуе прыкладна ад рубля. На гэта ўплываюць многія чыннікі, якія я ўжо пералічваў, а таксама надбаўка гандлёвых сетак. У заходнееўрапейскіх краінах бутэляваная вада каштуе разы ў два даражэй, хоць здабыча і разліў у нас і ў іх не моцна адрозніваюцца. Яны такім чынам закладваюць у кошт плюс да ўсяго высокія заробкі сваім супрацоўнікам.

Дырэктар Цэнтра экалагічных ідэяў Яўген Лабанаў звярнуў увагу на тое, што ў гарадах Беларусі відавочна не хапае альтэрнатыўных крыніцаў вады:

– Мы выступаем за спрашчэнне доступу да небутыляванай вады, што, апроч іншага, дапаможа ў развязанні праблемы вялікага спажывання аднаразовай пластыкавай упакоўкі. У гарадскіх жыхароў павінна быць магчымасць не толькі набыць ваду ў краме, але і набраць яе ў шматразовую тару – дзе платна, дзе бясплатна. У краінах Скандынавіі, напрыклад, можна піць ваду з-пад крана, і ў рэстаранах, кавярнях не трэба набываць ваду ў бутэльцы – яе проста бясплатна нальюць. А ў савецкі час, памятаеце, было шмат пітных фантанчыкаў? Гэтага цяпер не стае, і гэта павінна стаць часткай гарадской палітыкі, над чым мы сёння працуем.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках