19 красавiка 2024, Пятніца, 5:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Забаставалы шахцёр: Вы самі ведаеце, каго трэба мяняць

1
Забаставалы шахцёр: Вы самі ведаеце, каго трэба мяняць

Дзеянні ўладаў ставяць «Беларуськалій» на калені.

На днях «Еўрарадыё» апублікавала дакумент, з якога атрымалася даведацца, колькі грошай у хакейнае «Дынама-Менск» за шэсць нядаўніх гадоў (з 2014-га да 2019-га) уклаў генеральны спонсар клуба «Беларуськалій». Лікі ўражваюць – 75 млн даляраў. А з улікам таго, што яшчэ ў 2008-м калійнікі ўбухалі ў клуб 17 млн даляраў, агульны памер укладанняў ужо відавочна перавысіў 100 мільёнаў. На заробкі гульцоў «Дынама» за дзевяць гадоў выдаткавала 83 млн даляраў. Вось толькі адпаведнай аддачы клуб не атрымаў, піша «Трыбуна».

Забаставалы шахцёр Аляксандр Курбан мяркуе, што ўсе дзеянні ўладаў ставяць прадпрыемства на калені.

Пра ўкладзеныя ў «Дынама-Менск» грошы «Для мяне гэтыя лікі – не сюрпрыз. Я нават падумаў, што за гэтыя гады, напэўна, мала выцягнулі грошай з “Беларуськалія”. Натуральна, я падтрымліваю імкненне развіваць у краіне спорт, павінны быць моцныя хакейныя клубы, але, ведаеце, як [былы] супрацоўнік аб'яднання, магу сказаць шчыра, што я і многія мае калегі не адразу нават даведаліся, што “Беларуськалій” з'яўляецца генеральным спонсарам “Дынама-Менск”. Калі ж гэта стала вядома, мы ў кіраўніцтва наўпрост спыталі, чаму для нас, шахцёраў, не арганізоўваюцца паездкі на матчы, чаму не ездзяць іншыя працаўнікі прадпрыемства. Адказу мы не атрымалі. Пры гэтым “Беларуськалій” прадаўжаў укладваць грошы ў “Дынама”.

Шмат гэта ці мала – амаль 100 млн даляраў? Шчыра кажучы, для мяне гэта касмічная сума, але датычна хакею і “Дынама”, я не магу сказаць, наколькі гэта значныя ўкладанні – не ведаю, у колькі абыходзіцца ўтрыманне прафесійнага клуба. І тут раптам адно скажу дакладна: няправільна, калі гэта ўсё кладзецца на дзяржпрадпрыемства. Прафесійны хакейны клуб, які выступае на вялікай міжнароднай арэне, як, у нашым выпадку, КХЛ – усё гэта ў першую чаргу бізнэс-праект. І я ўпэўнены, што бізнэс-праектамі, іх утрыманнем і развіццём павінны займацца прыватныя рукі. Паўтаруся, нельга гэта кідаць на плечы дзяржпрадпрыемстваў, працоўных калектываў і дзяржбюджэту. Але ў нас усё менавіта так, і клуб у выніку стаў цацкай аднаго чалавека.

Плюс, наколькі ведаю, раней кіраўнікамі “Дынама” былі людзі з КДБ, з сілавых структураў. Цяпер генеральным дырэктарам з'яўляецца былы кіраўнік МУС Ігар Шуневіч? Ну вось, пра што мы і гаворым. Сілавыя метады кіравання ўсюды і вакол, а ў такім выпадку ні адна спартовая каманда не згуляе толкам, не даможацца выніку.

Як на мяне, грошы, якія вылучае на “Дынама” “Беларуськалій”, маглі б пайсці на паляпшэнне гарадской інфраструктуры, на развіццё спартовых школаў у Салігорску. Не бачу сэнсу плаціць вялікія грошы замежным хакеістам, калі можна гадаваць пакаленне будучых спартовых зорак у Беларусі. А тое даходзіць да таго, што ў дзіцячых школах бацькі самі вымушаныя даваць грошы, каб юныя спартоўцы ездзілі на спаборніцтвы, у некаторых школах бацькі даюць частку сродкаў для набыцця амуніцыі і абсталявання. Хіба гэта нармальна? Хай дзяржпрадпрыемствы ўкладаюць грошы не ў прыватныя праекты, а ў такія вось дзіцячыя школы, і тады праз 5-7 гадоў у нас вырасце пакаленне пераможцаў. Але “Беларуськалій” і іншыя спонсары фінансуюць “Дынама-Менск”, пры гэтым ніякага выніку няма».

Пра фінансаванне праектаў за межамі Салігорска: «Калі грошы ўкладваюцца ў сферу адукацыі, культуры, спорту, то, думаю, гэта правільна, і нічога дрэннага ў такім становішчы рэчаў не бачу. Пры гэтым галоўнае, каб вылучаныя рэсурсы размяркоўваліся мэтанакіравана, даходзілі да патрэбных адрасоў. Трэба выхоўваць нашых дзяцей на чалавечых каштоўнасцях, і калі для гэтага патрэбныя нейкія грошы “Беларуськалія”, нават за межамі Салігорска, нічога не маю супраць. Паўтаруся, я толькі за, каб краіна жыла насычаным спартовым і культурным жыццём. Пытанне толькі ў пісьменнасці выкарыстання сродкаў. І, вядома, трэба глядзець у будучыню».

Пра адпаведнасць працы шахцёраў і іх заробкаў: «Калі паглядзець на тое, колькі зарабляюць супрацоўнікі горнай прамысловасці ў іншых краінах, то ў Беларусі праца шахцёра недаацэненая і не аплачваецца ў той ступені, у якой заслугоўвае. Але калі мы паглядзім на агульны стан справаў у нашай краіне, на сярэднія заробкі, то шмат хто, вядома, скажа, што шахцёры атрымліваюць добрыя грошы. Не буду хаваць, у мяне заробак быў 1000 даляраў. На беларускія меркі гэта добрыя грошы. Але вось мой калега ў Нямеччыне атрымлівае 5,5 тысячаў еўраў, у Канадзе людзі маёй спецыяльнасці зарабляюць блізу сямі тысячаў даляраў. Ды нават у афрыканскіх шахтах людзям плацяць больш.

Раней прафесія шахцёра ў нас была прэстыжнай, у 1990-я людзі мелі нядрэнныя фінансы. Але цяпер краіна збяднела, сталі бяднейшыя і супрацоўнікі нашай сферы».

Пра ўкладанне грошай у развіццё вытворчасці, інфраструктуры і ўмовы працы: «Тут увогуле справы ідуць далёка не найлепшым чынам. Даўжыня жыцця ў шахцёраў і так невялікая – 60-65 гадоў у сярэднім, а калі яшчэ на гэта ўплываюць умовы працы, то ўвогуле становіцца страшна. “Беларуськалій” вылучае грошы на нейкія праекты, і пры гэтым на вытворчасці банальна не хапае сродкаў на індывідуальныя сродкі абароны. Няма спраўнага абсталявання, інструментаў. Калі я яшчэ працаваў там, сутыкаўся з дэфіцытам спецадзення. Улады даюць распараджэнне “Беларуськалію” вылучыць сродкі на тое і на тое, але бюджэт прадпрыемства не гумовы. У выніку даводзіцца эканоміць. На чым? На інфраструктуры і, адпаведна, здароўі супрацоўнікаў.

Я ўвогуле скажу, што ў гэтым плане з кожным годам на прадпрыемстве становіцца ўсё горш і горш. А дэкрэты вы самі ведаеце каго проста ставяць “Беларуськалій” на калені. Адзін дэкрэт пра імпартазамяшчэнне забівае ўсе. Гэта значыць, прадпрыемства не можа набыць камплектавальнікі за мяжой, таму што трэба ставіць наша, якое, прабачце мне, адпрацуе дзве гадзіны. А каштуе часам гэтае абсталяванне больш, чым замежнае. Але ў нас жа імпартазамяшчэнне... Выбачайце, пра якую выгаду можна казаць, калі набываецца беларускае абсталяванне, якое ў разы даражэйшае за нямецкага, потым яно працуе два тыдні, ламаецца і адпраўляецца на капітальны рамонт, які, у сваю чаргу, каштуе грошай большых, чым само абсталяванне? Пра што мы тады гаворым? Пра якую рэнтабельнасць? Затое набылі сваё... Усё трэба мяняць у краіне. Самае галоўнае, вы самі ведаеце каго трэба мяняць».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках