23 красавiка 2024, aўторак, 21:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анжаліка Агурбаш: Лукашэнка ўжо патануў, пра якія песні можа ісці гаворка?

22
Анжаліка Агурбаш: Лукашэнка ўжо патануў, пра якія песні можа ісці гаворка?
АНЖАЛІКА АГУРБАШ

Спявачка жорстка раскрытыкавала тых, хто едзе на «Славянскі базар» падтрымліваць тэрарыстаў.

«Славянскі базар» далей страчвае ўдзельнікаў. Практычна кожны дзень артысты паведамляюць пра сваю адмову ва ўдзеле на фестывалі. Рэдакцыя «Бусла» звязалася з беларускай спявачкай Анжалікай Агурбаш і дазналася ейнае меркаванне аб сітуацыі, якая склалася.

«Адны артысты маюць разуменне, сумленне і годнасць, а іншыя не. У сітуацыі, якая адбываецца цяпер у Беларусі, а менавіта заканадаўчы дэфолт, абсалютнае беззаконне, штодня калечацца лёсы людзей, кожны вызначае сам, ехаць і падтрымліваць крывавы рэжым ці не. Цяпер усё набыло не такія фарбы, як нам хацелася б. Кажуць, што музыка і творчасць па-за палітыкай. Вядома, творчасць павінна быць па-за палітыкай, але тут справа ідзе ўжо не пра палітыку, а пра агрэсію, накіраваную ў бок свайго народа, і пра рэпрэсіі. Таму гэта зусім іншая гісторыя. Цяпер уся Еўропа і ўвесь цывілізаваны свет адмаўляюцца падтрымліваць Лукашэнку і ягны рэжым. Мы бачылі гэта на прыкладзе пераносу Чэмпіянату свету ў хакеі, нават Еўравізія не прыняло прадстаўніка ад рэжыму Лукашэнкі. Я думаю, што гэта абсалютна правільна, бо мы творчыя людзі - галубы міру, мы павінны несці правільную энэргію, правільнае святло, і мы павінны быць заўсёды на баку справядлівасці, дабра і міру, што б ні адбывалася. Я думаю, што тыя артысты, якія сёння не паедуць на «Славянскі базар» аўтаматычна пераходзяць на бок міру. Я нікога не асуджаю, кожны сам выбірае для сябе творчы шлях. Тут не трэба нікога асуджаць, у кожнага сваё разуменне. Таму кожнаму сваё. Я на баку тых артыстаў, якія падтрымліваюць людзей, я за мір, за справядлівасць, за рэальную творчасць. Хто думае, што няма нічога асаблівага ў тым, каб падтрымліваць тэрарыстаў, хай едзе і падтрымлівае, - адзначыла Анжаліка Агурбаш.

- У мяне баліць кожная клетка за кожнага, хто пацярпеў у рэпрэсіўнай машыне. Цалкам магчыма, што людзі, якія не адчуваюць болю беларускага народа, беларускіх людзей, якія трапілі ў найцяжэйшы стан, можа, не бачаць у гэтым нічога асаблівага. Але я думаю, што кожны разважны чалавек, кожны дарослы чалавек, які можа думаць і адчуваць, не дадумаецца ехаць на канцэрты, якія ладзіць рэжым Лукашэнкі».

На думку спявачкі, у сітуацыі, якая склалася ў краіне, гаварыць пра канцэрты - поўны абсурд: «Цяпер у Беларусі адна задача - спыніць рэпрэсіі і спыніць генацыд народа, спыніць тэрор і агрэсію. Цяпер не да песень і не да «Славянскага базару». Як пра гэта можна гаварыць і разважаць? У нас кожны дзень калечацца лёсы і здароўе людзей, Лукашэнка ўжо патануў у горы і слязах народа, пра якія песні можа ісці гаворка».

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках