25 красавiка 2024, Чацвер, 18:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сябры і калегі ўспамінаюць «песняра» Леаніда Барткевіча

2
Сябры і калегі ўспамінаюць «песняра» Леаніда Барткевіча

У свае найлепшыя гады гэта быў унікальны выканаўца.

Знакаміты беларускі музыка, заслужаны артыст Беларусі, некалі саліст гурта «Песняры» Леанід Барткевіч памёр сёння, 13 красавіка 2021, у Менску. Яму быў 71 год. Tut.by сабраў успаміны ягоных калегаў, сяброў і даследнікаў ягонай творчасці.

«Дай Бог, каб пра мяне сказалі хоць бы частку таго, што кажуць пра Леаніда»

Уладзіслаў Місевіч працаваў у «Песнярах» з дня заснавання да 1992 года, а потым стаў адным з заснавальнікаў ансамбля «Беларускія песняры». Ён не хавае, што ў іх стасунках з Леанідам Барткевічам былі супярэчнасці, але гэта ніяк не ўплывае на агульную ацэнку таго, што зрабіў ягоны калега.

– У 1970-я гады Леанід Барткевіч быў без усялякага перабольшання адной з галоўных дзейных асобаў у «Песнярах». У свае найлепшыя гады гэта быў унікальны выканаўца. Без яго ансамбль быў бы зусім іншым і не дасягнуў бы свайго ўзроўню.

Песня «Александрына», якую выканаў Барткевіч, стала казырнай картай, якую ён выцягнуў з калоды пры дапамозе Валодзі Мулявіна. Гэта быў першы шэдэўр у кампазітарскай біяграфіі. Тады склалася ўсё: праца кампазітара, аранжыроўшчыка, спевака. Песня трапіла ў свой час. Тады гэта была бомба. Яна і цяпер карыстаецца поспехам. У некаторых спевакоў былі дзве песні ў біяграфіі, а ў Барткевіча іх мора: «Алеся», «Бярозавы сок» і многія іншыя. І ўсе яны спаборнічалі паміж сабой.

Ужо пасля сыходу Барткевіча з ансамбля быў перыяд, калі Валодзя хапаўся за галаву. Тады ўжо былі Кашапараў, Дайнека, але многія пісалі песні ў разліку на індывідуальнасць Барткевіча. Прычым гэта быў не першы год пасля яго сыходу з ансамбля, а пазней.

Заслуга Валодзі ў тым, што ён знайшоў гэтага чалавека. А мне і ўсім іншым салістам «Песняроў» пашанцавала, што мы працавалі з ім. Ён карыстаўся ўвагай публікі да апошняга моманту. Дай Бог, каб пра мяне сказалі хоць бы частку таго, што кажуць пра Леаніда.

«У яго не было вакальнай адукацыі, але заўсёды спяваў чыста. Як быццам камертон, ніводнай ноты міма»

Музыказнаўца Вольга Брылон вядомая як аўтарка кнігі «Беларуская эстрада. Настальгічны дывертысмент» (выданне выйдзе сёлета), а таксама «Уладзімір Мулявін і Лідзія Кармальская. Недагаворанае...», якія напісаныя разам з Марынай Мулявінай, дачкой «песняра». Пра Барткевіча яна кажа і як аўтарытэтны спецыяліст, і як чалавек, які асабіста знаёмы з многімі прадстаўнікамі «старой» беларускай эстрады.

– Калі паміраюць такія людзі, кажуць, што адыходзіць эпоха. Гучыць банальна, але гэта сапраўды так. З самага першага складу «Песняроў» засталіся толькі двое – Уладзіслаў Місевіч і Леанід Тышко. Але практычна адразу пасля іх у калектыве з'явіўся і Леанід Барткевіч. Мулявін узяў яго ў 1970-м, адразу пасля ўсесаюзнага конкурсу, на якім ансамбль стаў пераможцам. Уладзімір Георгіевіч разумеў, што «Песнярам» патрэбны вакалісты, а адзін ён як саліст не выдужыць (тады яшчэ ніхто не спяваў, акрамя Мулявіна).

Барткевіч прыйшоў у калектыў і літаральна праз пару дзён праспяваў «Александрыну» – культавую кампазіцыю, якую выконвалі, круцілі, перапісвалі і перапявалі ў самых розных кутках Савецкага Саюза. А ён жа праспяваў яшчэ і такія вялікія песні, як «Вераніка», «Алеся», «Мой родны кут», «Бярозавы сок» і «Беларусь», быў выканаўцам галоўных партый у такіх буйных праектах «Песняроў», як «Гусляр» і «Песня аб долі». Барткевіч быў фронтмэнам «Песняроў», іхнім тварам (разам з Мулявіным). Калі казаць па-жаночаму, гэта быў самы галоўны прыгажун ансамбля. У яго заўсёды была маса прыхільніцаў.

Уся прыгажосць, пяшчота, лірыка «Песняроў», за што іх любілі і любяць, звязаная з голасам Леаніда Барткевіча. Сам Мулявін у інтэрв'ю 1994 года называў Барткевіча адным з самых яркіх выканаўцаў ансамбля. Тады ён сказаў, што Лёша (усе ў калектыве называлі яго так, не Леанідам) – гэта знакаміты оперны спявак Лемешаў, толькі на эстрадзе.

Імя Барткевіча будзе заўсёды асацыявацца з самымі яркімі старонкамі ў гісторыі ансамбля, з ягоным «залатым векам», з выступам у Канах і гастролямі ў ЗША, калі газета The Washington Post выйшла з загалоўкам «Расейскае ўварванне на заходнім рок-фронце». У самых яркіх песнях ансамбля заўсёды гучаў ягоны голас.

У чым яшчэ феномен гэтага спевака? У яго не было вакальнай адукацыі, але заўсёды спяваў чыста. Як быццам камертон, ніводнай ноты міма, нават намёку на фальшывую інтанацыю. Як Мулявін знайшоў такі голас? Фантастыка нейкая. Гэтую чысціню, гэтую лірычнасць (Барткевіч быў незраўнаным у лірычных партыях) ён пранёс праз усю гісторыю калектыву.

У памяці народнай ягоны голас застаўся назаўжды.

«У нашых ансамбляў была канкурэнцыя, але мы не былі канкурэнтамі»

У 1998 годзе Валер Скаражонак на запрашэнне Уладзіміра Мулявіна стаў вакалістам ансамбля «Песняры», потым быў дырэктарам гэтага калектыву, пазней – ізноў вакалістам.

– Сёння мяне проста ашаламілі навіной, што яго не стала. Я пазнаёміўся з Лёнем у 1999 годзе. Тады ён прыехаў з Амерыкі, каб узмацніць наш новы склад, які набраў Уладзімір Георгіевіч Мулявін. З ЗША ён прыехаў на час. Але калі ўбачыў, што публіка яго не забылася і да гэтага часу любіць, пастанавіў туды не вяртацца, канчаткова вярнуўся ў Беларусь і зноў стаў працаваць у «Песнярах». Гэта многага каштуе.

У 2003-м, пасля смерці Мулявіна, Барткевіч сышоў з ансамбля і стварыў свой калектыў. Пытаемся Скаражонка, ці сталі яны канкурэнтамі.

– Лёню хацелася стварыць свой ансамбль, але я яго за гэта не асуджаю і разбірацца ў гэтым я не хачу. У нас [у нашых ансамбляў] была канкурэнцыя, але мы не былі канкурэнтамі. Усё роўна сустракаліся на фестывалях, размаўлялі, пераапраналіся ў адной грымёрцы і заўсёды былі ў добрых стасунках.

Паводле словаў Валерыя, прычынай смерці Барткевіча быў цукровы дыябет.

– Яму трэба было звяртаць большую ўвагу на здароўе, ён бы яшчэ пажыў і цешыў бы нас на сцэне. Гэта быў вельмі жыццярадасны чалавек. Я знаходжуся за 200 км ад Менска, але збіраюся прыехаць і праводзіць яго ў апошні шлях.

«У нас былі планы, але цяпер усё абарвалася»

Вадзім Касенка прыйшоў у «Песняры» ў 1998-м. Пасля смерці Мулявіна працаваў у «Песнярах пад кіраўніцтвам Леаніда Барткевіча», потым у «Песнярах пад кіраўніцтвам Ігара Свечкіна», потым – ізноў у Барткевіча.

– Леаніда Леанідавіча я ведаў з 1989 года. Потым ён на дзесяць гадоў з'ехаў у ЗША, пасля чаго мы разам працавалі ў «Песнярах» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна. Пасля ягонай смерці прадоўжылі працаваць з Леанідам Леанідавічам. Гэта быў выдатны, па-сапраўднаму заслужаны артыст, голас якога ведала некалькі пакаленняў. Самыя вядомыя песні, дзякуючы якім «Песняры» сталі вядомымі, – «Бярозавы сок», «Александрына» і іншыя – выконваў менавіта Барткевіч, гэта быў ягоны голас.

Нядаўна мы ездзілі з калектывам на гастролі ў Маскву і Санкт-Пецярбург. Нягледзячы на кавід, людзі прымалі нас з вялікім задавальненнем, засумавалі. У нас былі планы, але цяпер усё абарвалася.

Пытаемся, якім кіраўніком быў Барткевіч: лібералам або ў добрым сэнсе слова дыктатарам.

– Не лібералам і не дыктатарам. Проста ён карэктаваў некаторыя рэчы, вярстаў праграмы, падбіраў песні. Музыкі ў нас выдатныя, адмысловых указанняў у яго не было.

Вадзім Касенка пацвердзіў словы Валерыя Скаражонка, што прычынай смерці стаў дыябет.

– Ансамбль, створаны Леанідам Барткевічам, будзе працаваць далей.

Дата і месца развітання з «песняром» будуць вядомыя пазней.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках