Іран надумаў узбагачаць уран да рэкорднага ўзроўню
3- 14.04.2021, 12:21
- 2,302
Выведзеныя са строю цэнтрыфугі будуць замененыя на больш сучасныя.
Прэзідэнт Ірана Хасан Рухані ў сераду, 14 красавіка, назваў пастанову аб узбагачэнні урану да 60 адсоткаў пасля «акта сабатажу на ядзерным цэнтры ў Нетэнзе адказам на зло», звязаўшы здарэнне ў Нетэнзе з перамовамі аб міжнароднай атамнай угодзе з Тэгеранам, што праходзіць у Вене, паведамляе dw.com.
«Вы хацелі пакінуць нас з пустымі рукамі падчас перамоў, але нашы рукі поўныя працай. 60-адсоткавае ўзбагачэнне - адказ на ваша зло. Мы адрэжам абедзве вашы рукі: адну - з дапамогай (больш магутных. - заўвага рэд.) цэнтрыфуг IR-6, а другую - шасцюдзесяццю адсоткамі», - сказаў Рухані на пасяджэнні ўрада ў Тэгеране. Ён паведаміў, што цэнтрыфугі першага пакалення IR-1, пашкоджаныя ў выніку выбуху, будуць заменены на сучасныя IR-6, здольныя ўзбагачаць уран значна хутчэй.
Пагроза эскалацыі канфлікту
Напярэдадні Іран у адказ на напад на ядзерны цэнтр у Нетэнзе абвясціў аб намеры ўзбагачаць уран да самага высокага да гэтага часу ўзроўню - да 60 адсоткаў. У нападзе ў Нетэнзе Іран падазрае Ізраіль, які не каментуе здарэнне.
На думку экспэртаў, пастанова Ірана павялічыць узбагачэнне ўрану можа ўзмацніць закулісную вайну паміж Ізраілем і Іранам, бо прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху паабяцаў не дапусціць ператварэння Ірана ў ядзерную дзяржаву. Ізраіль ужо двойчы наносіў прэвентыўныя ўдары па блізкаўсходніх краінах, каб спыніць іх атамныя праграмы.