19 красавiка 2024, Пятніца, 1:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Звольніўся дырэктар гарадзенскага «Хімвалакна»

6
Звольніўся дырэктар гарадзенскага «Хімвалакна»
ВІТАЛЬ РУДЗІНСКАС
ФОТА: GAZETA.AZOT.BY

Менавіта на гэтым прадпрыемстве праходзіла сустрэча працоўных з прадстаўнікамі мясцовай улады падчас пратэстаў.

Намеснік гендырэктара ААТ «Гродна Азот» – дырэктар філіяла «Завод Хімвалакно» Віталь Рудзінскас пакінуў свой пост. Гэта адбылося 4 красавіка. Цяпер абавязкі дырэктара завода выконвае галоўны інжынер. Пра гэта газеце «Вячэрні Гродна» расказалі на прадпрыемстве.

Віталю Рудзінскасу – 50 гадоў. На гарадзенскае прадпрыемства «Хімвалакно» ён прыйшоў у 1993 годзе пасля вучобы ў Саратаве. Працаваў спачатку аператарам, потым кіраўніком змены прадзільнага цэха, кіраўніком участка, некалькі гадоў кіраваў ткацкім цэхам, быў кіраўніком аб'яднанага круцільна-ткацкага цэха. Нейкі час працаваў у Маскве, а потым вярнуўся ў Гародню – і ў 2010-м узначаліў кіраванне тэхнічнага развіцця ААТ «Гродна Хімвалакно». У 2015 годзе стаў намеснікам генеральнага дырэктара ААТ «Гродна Азот» і дырэктарам філіяла «Завод Хімвалакно».

Чуткі пра тое, што Рудзінскас сыходзіць з пасады дырэктара «Хімвалакна», у Гародні хадзілі ў пачатку лютага гэтага года. Тады паведамлялася, што ён напісаў заяву аб сыходзе на ўласнае жаданне, а апошнім днём ягонай працы стане 11 лютага.

Аднак тады інфармацыя не пацвердзілася.

Як расказалі ў прыёмнай дырэктара завода, апошнім днём працы Рудзінкаса было 4 красавіка. На пытанне, з якой прычыны Віталь Ёнасавіч сышоў з прадпрыемства, там адказалі:

– Можа, знайшоў новае месца працы, можа, яшчэ што.

На гэты момант абавязкі дырэктара «Хімвалакна» выконвае галоўны інжынер прадпрыемства Мікалай Літвін. На дырэктарскай аператыўнай ААТ «Гродна Азот» 13 красавіка Літвін падзяліўся планамі развіцця завода на гэты год:

– Філіял сёлета плануе павялічваць аб'ёмы вытворчасці і працаваць у кірунку павышэння заробку пры ўмовах захавання цяперашняй кан'юнктуры на рынку, камплектацыі персаналам і наяўнасці сыравіны на сабекошт. Прадпрыемствам будзе прадоўжаная праца аптымізацыі вытворчасці, – паведамляе карпаратыўнае выданне «Гродзенскі Хімік».

Дарэчы, адразу пасля выбараў і наступных за імі затрыманняў і хвалі гвалту, 13 жніўня, менавіта на «Хімвалакне» праходзіла сустрэча працоўных з прадстаўнікамі мясцовай улады, міліцыі і з кіраўніцтвам «Гродна Азота».

Працоўныя патрабавалі сумленнага падліку галасоў і спынення затрыманняў людзей.

Супакойваць працоўных тады прыязджалі былы кіраўнік выканкама Гародні Мечыслаў Гой і кіраўнік УУС Гарадзеншчыны Вадзім Сіняўскі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках