19 красавiка 2024, Пятніца, 2:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Не бойцеся пераменаў!

4
Эканаміст: Не бойцеся пераменаў!
ФОТА: BYMEDIA

Без эканамічных рэформаў мы не зможам жыць у свабоднай і паспяховай краіне.

«27 гадоў таму беларусы зрабілі гістарычную памылку - абралі чалавека, які паабяцаў вяртанне ў СССР. З тых часоў мы чуем ад яго: «Я сваю краіну за цывілізаваным светам не павяду», - кажа эканаміст Алесь Аляхновіч. Каб яшчэ выразней разумець, як і куды коціцца эканоміка Беларусі, Алесь напісаў паказальны тэкст пра тое, што адбываецца з заробкамі, пенсіямі і працоўнымі месцамі ў нашай краіне. Так ён чарговым разам хацеў нагадаць, чаму так важныя перамены і рэформы, піша kyky.org.

- Цікава, як доўга яшчэ беларуская дзяржаўная прапаганда будзе пытацца: «Хочаце, каб было як ва Украіне?», - і хваліцца нібыта сацыяльна арыентаванай беларускай эканомікі? Украінская эканоміка, нават нягледзячы на вайну, на ўсе заганы алігархіі і іншыя праблемы, у апошнія гады развіваецца, а ў нас стагнацыя працягваецца ўжо дзесяць гадоў. За гэты час Беларусь ужо стала краінай з найменшым мінімальным заробкам у Еўропе.

Пенсіі

Можа, прынамсі, пенсіянеры ў Беларусі добра жывуць? Улічваючы апошняе павышэнне пенсій у Беларусі, з лютага 2021 года сярэдняя сума пенсіі па ўзросце складае 513 рублёў, гэта 197 даляраў (па курсе ў лютым), тады як у Польшчы 681 даляр (у снежні 2020 года, па снежаньскім курсе), амаль утрая з паловай разы больш. Аналагічна і з мінімальнай пенсіяй. З лютага 2021-га пенсіянер у Беларусі атрымлівае мінімум 274 рублі (разам з даплатамі), гэта 105 даляраў, а ў Польшчы 323 даляры. І такіх там няшмат - усяго 5% ад пенсіянераў.

Можна яшчэ параўнаць суму стыпендый, дапамогі па беспрацоўі і іншыя сацыяльныя выплаты і даходы. Але гэта не зменіць агульнага фону, Беларусь вельмі моцна адстае па даходах ад Польшчы і становіцца адной з самых бедных краін Еўропы.

Працоўныя месцы

Прапаганда палохае беларусаў, што рэформы прывядуць да беспрацоўя і ліквідацыі дзяржпрадпрыемстваў. Гэта падман! Наадварот, без эканамічных рэформаў Беларусь чакае дэградацыя. Паглядзіце, што адбываецца з нашымі прамысловымі гігантамі:

У 2006-м на «Магілёўхімвалакно» працавала 11 233 чалавекі, а ў 2019-м усяго 5 684 - скарачэнне на 49% за 13 гадоў.

У 2010-м на МАЗе працавала 23 787 чалавек, а ў 2020-м усяго 13 759 - скарачэнне на 42% за дзесяць гадоў.

У 2010-м на МАПІД працавала 8 563 чалавекі, а ў 2020-м усяго 5 431 - скарачэнне на 37% за дзесяць гадоў.

У 2008-м на «Белшыне» працуюць 14 065 чалавек, а ў 2019-м усяго 8 967 - скарачэнне на 36% за 11 гадоў.

У 2009-м на ММЗ працавала 6 644 чалавек, а ў 2020-м усяго 4 231 - скарачэнне на 36% за 11 гадоў.

У 2014-м на Гомельскім заводзе ліцця і нармалей працавала 4 422 чалавекі, а ў 2020-м усяго 2 994 - скарачэнне на 32% за шэсць гадоў.

У 2010-м на «Інтэграле» працавала 6 142 чалавек, а ў 2019-м усяго 4 843 - скарачэнне на 21% за дзевяць гадоў.

У 2015-м на МЗКЦ працавала 5 281 чалавек, а ў 2020-м усяго 4 234 - скарачэнне на 20% за пяць гадоў.

У 2010-м на «Нафтане» працавала 12 362 чалавек, а ў 2019-м усяго 10 034 - скарачэнне на 19% за дзевяць гадоў.

У 2014-м на МТЗ працуе 18 840 чалавек, а ў 2019-м усяго 15 753 - скарачэнне на 16% за пяць гадоў.

У 2010-м на «Беларуськаліі» працуе 18 444 чалавекі, а ў 2019-м усяго 16 527 - скарачэнне на 10% за дзевяць гадоў.

У 2012-м на БМЗ працавала 11 674 чалавекі, а ў 2020-м усяго 10 725 - скарачэнне на 8% за восем гадоў.

Гэта толькі некалькі прыкладаў разбурэння беларускіх буйных дзяржпрадпрыемстваў пры цяперашняй уладзе. Хоць нашы заводы мелі магчымасць наладзіць добрае супрацоўніцтва з прамысловымі лідарамі як з Захаду, так і з Усходу. Але для сённяшняга ўрада важней трымаць прадпрыемствы і іх калектывы пад кантролем, чым даць ім магчымасць развівацца.

Ёсць, вядома, і станоўчыя прыклады, калі на асобных буйных дзяржпрадпрыемствах колькасць занятых за апошнія гады павялічылася, напрыклад, Мазырскі НПЗ, «Гродна Азот», «Магілёўліфтмаш». Але агулам сітуацыя на дзяржпрадпрыемствах вельмі сумная.

Паводле разлікаў даследчага цэнтра ІПМ, за восем гадоў з 2012 да 2020 года сярэдняспісачная колькасць работнікаў на камерцыйных прадпрыемствах з любой доляй дзяржавы скарацілася на 477 тысяч чалавек (-28%) да 1,24 мільёна. Занятасць у бюджэтнай сферы таксама скарацілася, але менш - на 40 тысяч чалавек (-3%) да 1,11 мільёна.

А вось на прыватных прадпрыемствах колькасць работнікаў вырасла на 220 тысяч. (+ 13%) да 1,95 мільёна чалавек. Дзяржава ўжо даўно перастала быць «наймальнікам апошняй інстанцыі» і надалей не ў стане падтрымліваць высокую занятасць у дзяржсектары.

Без эканамічных рэформаў мы не зможам жыць у свабоднай і паспяховай краіне, якой людзі будуць ганарыцца, і перастануць масава з'язджаць за мяжу, каб там рэалізаваць свой патэнцыял. Таму не бойцеся перамен. Без іх у нас не будзе будучыні, а будзе дэградацыя, якую «ўлады» фальшыва называюць стабільнасцю».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках