23 красавiка 2024, aўторак, 14:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хельсінкская камісія ЗША: Неабходна зрабіць усё для стрымлівання рэжыму Пуціна

2
Хельсінкская камісія ЗША: Неабходна зрабіць усё для стрымлівання рэжыму Пуціна

Сенатары віталі смелыя дзеянні прэзідэнта Джо Байдэна ў адказ на дзеянні РФ.

Сенатары Бэн Кардзін, старшыня Хельсінкскай камісіі Кангрэсу ЗША, і Роджэр Уікер, які таксама ўваходзіць у склад камісіі, пракаментавалі ўказ прэзідэнта Джо Байдэна пра супрацьдзеянне зламысным дзеянням Расеі і наступныя санкцыі, уведзеныя Міністэрствам фінансаў ЗША. Пра гэта гаворыцца ў заяве, апублікаванай прэс-службай Хельсінкскай камісіі ў пятніцу, паведамляе «Голас Амерыкі».

Сенатар Кардзін вітаў «смелыя дзеянні прэзідэнта Байдэна ў адказ на расейскія кібератакі, умяшальніцтва ў выбары, акупацыю Крыма, вайну на ўсходзе Украіны, а таксама агульныя парушэнні правоў чалавека і... карупцыю».

«Прэзідэнту варта і далей адкрыта гаварыць з Расеяй пра наступствы яе дзеянняў. Нам трэба будзе прытрымлівацца гэтага курсу і прадаўжаць выкарыстоўваць Закон Магніцкага і выканальную ўладу для далейшага стрымлівання гэтага небяспечнага рэжыму», – заявіў Кардзін.

У той самы час сенатар Уікер мяркуе, што апошні пакет санкцый у дачыненні да Расеі «пакідае жадаць лепшага». На ягоную думку, «учорашнія санкцыі сталі апошнім з серыі крокаў... якія патрабуюць мінімальных выдаткаў і будуць мець мінімальны эфект».

«Чым даўжэй мы чакаем, каб Масква адчула рэальныя наступствы за свае зламысныя дзеянні, тым даўжэй расейскі народ будзе пакутаваць ад жорсткага аўтарытарнага рэжыму Пуціна», – заявіў Уікер.

Новы пакет санкцый стаў адказам Злучаных Штатаў на нядаўнія зламысныя дзеянні Масквы, сярод іншага кампанію кібершпіянажу, накіраваную супраць праграмнага забеспячэння SolarWinds, умяшанне Расеі ў прэзідэнцкія выбары ў ЗША, а таксама нядаўняе засяроджванне расейскіх войскаў ля межаў Украіны і ў акупаваным Крыме.

Пад дзеянне санкцый падпалі больш як 30 расейскіх структураў. Акрамя таго, Злучаныя Штаты абвясцілі пра высылку з краіны як мінімум 10 грамадзянаў Расеі, у асноўным супрацоўнікаў расейскага дыпламатычнага корпуса, якія маюць дачыненне да спецслужбаў.

У чацвер прэзідэнт Джо Байдэн таксама падпісаў указ, які дазваляе ўраду ЗША ўводзіць санкцыі ў дачыненні да любога сектара расейскай эканомікі.

З чэрвеня будзе ўведзены ў дзеянне ўказ, які забараняе амерыканскім фінансавым інстытутам набываць аблігацыі ў рублях і іншых валютах, выпушчаныя Банкам Расеі, Фондам нацыянальнага дабрабыту (ФНБ) або Мінфінам Расеі пасля 14 чэрвеня 2021 года. Гэтыя абмежаванні тычацца толькі рынку першасных аблігацый.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках