25 красавiка 2024, Чацвер, 19:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апублікаваныя дэкларацыі дзяржчыноўнікаў РФ: Колькі «зарабілі» Пуцін і Мішусцін?

9
Апублікаваныя дэкларацыі дзяржчыноўнікаў РФ: Колькі «зарабілі» Пуцін і Мішусцін?
ФОТА: МАКСІМ СТУЛАЎ / ВЕДАМАСЦІ

Паводле дакументаў, у Пуціна тры аўтамабілі (два ГАЗ М21 і «Ніва») і аўтамабільны прычэп «Скіф».

Прэзідэнт Расеі Пуцін і прэм'ер-міністр Міхаіл Мішусцін апублікавалі дэкларацыі аб сваіх прыбытках за 2020 год. У год пандэміі Мішусцін, паводле дакументаў, зарабіў 19,8 млн расейскіх рублёў (260 тысячаў даляраў), а Пуцін – амаль 10 млн расейскіх рублёў (130 тысячаў даляраў), паведамляе ВВС.

Высокапастаўленыя дзяржслужбоўцы ў Расеі абавязаныя даваць справаздачу аб прыбытках, выдатках і маёмасці штогод да 1 красавіка. Пасля праверкі дэкларацый гэтыя звесткі павінны быць апублікаваныя цягам 14 дзён.

У 2020 годзе ўказам Пуціна тэрміны справаздачы былі перанесеныя на жнівень праз пандэмію каранавірусу.

Колькі зарабіў Пуцін?

Уладзімір Пуцін у 2020 годзе зарабіў 9,99 млн руб – гэта крыху больш, чым у 2019 годзе. Пазалетась Пуцін зарабіў крыху больш за 9,7 млн рублёў (133 тыс. даляраў). Тады прыбыткі прэзідэнта трохі выраслі ў параўнанні з 2018 годам, калі ён зарабіў крыху больш за 8,6 млн руб.

Пуцін сёлета па-ранейшаму задэклараваў кватэры плошчай 77 і 153,7 кв. метраў, гараж плошчай 18 кв. метраў, а таксама гаражнае месца. У Пуціна тры аўтамабілі (два ГАЗ М21 і "Ніва") і аўтамабільны прычэп "Скіф".

У студзені 2021 года выйшаў фільм-расследаванне Аляксея Навальнага "Палац для Пуціна", які расказвае пра комплекс на чарнаморскім узбярэжжы недалёка ад Геленджыка, які належыць, як сцвярджае Фонд барацьбы з карупцыяй (ФБК, прызнаны мінюстам Расеі арганізацыяй, якая выконвае функцыі замежнага агента), Пуціну і фінансаваны людзьмі з ягонага атачэння.

Паводле звестак ФБК, акрамя шыкоўнага будынка, на закрытай тэрыторыі плошчай 68 га размешчаны крыты каток, царква, аранжарэя на 2,5 тысячы квадратных метраў, 80-метровы мост і амфітэатр, а для выхаду да мора прарыты спецыяльны тунэль, у канцы якога ёсць дэгустацыйны пакой – як і належыць, з выглядам на мора.

У самім "палацы", як сцвярджалася ў фільме ФБК, ёсць некалькі саўнаў і хамам, басейн, цырульня, "пакой для бруду", аквадыскатэка, зімовы сад і музычная гасцёўня, а сярод прадметаў мэблі – канапа за 3 млн і кававы столік за 4,3 млн рублёў.

Фільм актыўна глядзелі ў сеціве, і Пуціну давялося рэагаваць: ён заявіў, што ні адзін з аб'ектаў, якія фігуруюць у расследаванні ФБК, не належыць і ніколі не належаў яму або ягонай сям'і. Сам фільм прэзідэнт назваў кампіляцыяй і мантажом.

Афіцыйна будынак і надзел, дзе размешчаны "палац", належыць ТАА "Комплекс", якім у сваю чаргу валодае АТ "Біном". Інфармацыя пра ягоных уладальнікаў не апублікаваная.

Апошнія адкрытыя звесткі пра ўласніка гэтай юрыдычнай асобы – за 2015 год. Паводле звестак СПАРК, ім тады быў Аляксандр Панамарэнка, суўладальнік і старшыня рады дырэктараў АТ "Міжнародны аэрапорт Шарамеццева". У 2011 годзе ён казаў, што набыў будынак у Мікалая Шамалава, суўладальніка банка "Расея", якога ўважаюць за набліжанага да Уладзіміра Пуціна.

Пасля выхаду фільма ФБК яшчэ адзін сябар Уладзіміра Пуціна бізнэсмэн Аркадзь Ратэнберг заявіў у інтэрв'ю Mash, што некалькі гадоў таму набыў комплекс для развіцця гатэльнага бізнэсу.

Тым не менш пра комплекс было вядома з 2010 года, калі прадпрымальнік Сяргей Калеснікаў напісаў ліст Дзмітрыю Мядзведзеву, які тады займаў пасаду прэзідэнта Расеі. Калеснікаў у ім расказаў пра будаўніцтва палаца ў інтарэсах Уладзіміра Пуціна. Публічна Пуцін ні разу не пацвярджаў, што комплекс неяк звязаны з ім.

Колькі зарабіў прэм'ер Мішусцін?

У 2020 годзе Мішусцін зарабіў 19,8 млн рублёў, а ягоная жонка – амаль 63,9 мільёнаў рублёў. Пазалетась, у 2019 годзе прыбыткі прэм'ер-міністра Расеі складалі 18 млн рублёў (247 тыс. даляраў), а ягонай жонкі – амаль 55 мільёнаў рублёў (755 тысячаў даляраў).

Прыбыткі Мішусціна ў 2019-м былі прыкладна на ўзроўні 2018 года, калі ён быў яшчэ кіраўніком ФНС. Тады ён зарабіў амаль 19 млн рублёў, а з нерухомасці за Мішусціным была толькі кватэра плошчай 141,6 кв. м.

За 2019 год акрамя той кватэры Мішусцін задэклараваў зямельны надзел і жылы дом плошчай 861,2 кв. м, які знаходзіцца ў яго ў карыстанні. Гэты надзел ёсць і ў дэкларацыі за 2020 год.

Раней выданне "Праект" і ФБК расказалі, што няпоўнагадовым дзецям Мішусціна належыць дом такой самай плошчы ў пасёлку Ніколіна Гара на Рублёўскай шашы. Да 2017 года Мішусцін паказваў гэты дом у сваіх дэкларацыях як уласнасць дзяцей. Пасля таго як адзін з сыноў стаў поўнагадовым, дом і надзел пад ім з дэкларацыі зніклі.

"Праект" і ФБК меркавалі, што дом застаўся ва ўласнасці выраслага сына, пра прыбыткі і ўласнасць якога Мішусцін больш не павінен паведамляць. Але цяпер, як паведамілі "Праект" і ФБК, гэтай нерухомасцю афіцыйна валодае Расейская Федэрацыя.

Сястра Мішусціна валодае нерухомасцю на 1 млрд рублёў. У Расрэестры гэта ўтоена

Бі-бі-сі раней высветліла, што родная сястра Мішусціна Наталля Сценіна валодае элітнай нерухомасцю на 1 млрд рублёў, у тым ліку кватэрай у Хамоўніках і рэзідэнцыяй у Істынскім раёне побач са спеваком Стасам Міхайлавым. Пры гэтым адзіны вядомы бізнэс сваячкі новага прэм'ера – закрыты стратны рэстаран у Маскве.

Сам прэм'ер інфармацыю аб прыбытках сваёй сям'і не каментаваў, аднак у лютым кіраўніўчая партнёрка інвесткампаніі UFG (Мішусцін працаваў там у 2008–2010 гг.) Паліна Герасяменка ў лісце РБК патлумачыла, што ягоны прыбытак у UFG фармаваўся не толькі з заробку, але і з бонусаў ад удалых угодаў.

Як пісаў "Коммерсант", пасля пераходу на дзяржслужбу ў 2010 годзе Мішусцін перадаў свае актывы жонцы, якая пачала атрымліваць з іх дывідэнды, а пасля выгадна прадала.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках