29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Süddeutsche Zeitung: Захад можа зрабіць пяць рэчаў, каб прадухіліць новую вайну супраць Украіны

12
Süddeutsche Zeitung: Захад можа зрабіць пяць рэчаў, каб прадухіліць новую вайну супраць Украіны

Крэмль павінен зразумець, што цана ўварвання будзе высокай.

Пакуль Расея прадаўжае сцягваць войскі да межаў Украіны, урады на Захадзе дагэтуль спрабуюць зразумець яе намеры. Крэмль спрабуе запалохаць Кіеў ці сапраўды рыхтуе вялікую атаку? Уладзімір Пуцін, цалкам магчыма, гэта і сам яшчэ не вызначыў.

«Вельмі важна, каб мы дапамаглі яму ўзважыць усе варыянты, каб ён цалкам разумеў патэнцыйную цану і не пачаў вайну, бо ўсвядоміў наступствы», - піша на старонках Süddeutsche Zeitung былы амбасадар ЗША Ва Украіне Стывен Пайфер (пераклад-unian.net).

За апошнія два тыдні Расея павялічыла сваю вайсковую прысутнасць у Крыме, які яна незаконна анэксавала, а таксама ўздоўж усходняй украінскай мяжы.

Урад ЗША заявіў, што гэта найбольшая канцэнтрацыя расейскіх войскаў у рэгіёне з 2014 года. Прычым, расейскія караблі з Каспійскага і Балтыйскага мораў накіроўваюцца ў Чорнае мора. Такім чынам, расейская марская прысутнасць каля ўкраінскага ўзбярэжжа таксама ўзмоцніцца. Рыторыка ў Маскве таксама дасягнула новай тэмпературы. Напрыклад, галоўны прапагандыст Дзмітрый Кісялёў сказаў, што Расея «ў кроку ад вайны» і заклікаў да «дэнацыфікацыі» Украіны.

Масква маўчыць, гэта не супакойвае

Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў часта паўтарае, што Расея «ніколі не пагражала нікому». Але Масква дагэтуль не дала пераканаўчыя тлумачэнні, чаму яна сцягвае войскі да Украіны. 6 красавіка міністр абароны Сяргей Шайгу абвясціў аб падрыхтоўцы да вайсковых вучэнняў. І менавіта таму адбываецца мабілізацыя сіл, падобная на падрыхтоўку да вайны.

7 красавіка ўкраінская дэлегацыя ў АБСЕ выкарыстала палажэнні «Венскага дакумента аб захадах у пабудове даверу», каб папрасіць Расею растлумачыць свае паводзіны. Масква праігнаравала запыт і байкатавала сустрэчу 10 красавіка, прысвечаную праблеме. Такія паводзіны нікога не супакойваюць.

Пайфер мяркуе, што, хутчэй за ўсё, Расея бразгае зброяй, каб націснуць на прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага і ягоны ўрад у Кіеве, а таксама выпрабаваць Захад. Але гэта таксама можа быць і падрыхтоўка ваеннага ўдару. На думку былога амерыканскага дыпламата, сігналы, якія цяпер пасылаюць заходнія ўрады, могуць паўплываць на пастанову Пуціна.

Мэркель размаўляе з Пуціным, іншым таксама варта

Працэс дастаўкі важных дыпламатычных паведамленняў ужо пачаўся. Канцлерка Ангела Мэркель размаўляла з прэзідэнтам Расеі 8 красавіка, патрабуючы «развярнуць расейскія войскі, каб спыніць эскалацыю сітуацыі». 13 красавіка прэзідэнт ЗША Джо Байдэн пагаварыў з Пуціным. А міністры замежных спраў краін G7 зрабілі заяву, у якой заклікалі Расею «спыніць правакацыі і неадкладна скараціць напружанне».

Пайфер пералічвае крокі, якія Берліну варта распачаць у рамках данясення ў Крэмль важных пазіцый Захаду. Па-першае, гэта добра, што Мэркель тэлефануе Пуціну. Але іншыя лідары дзяржаў і ўрадаў гэтага пакуль не зрабілі. Канцлерка Нямеччыны павінна пераканаць сваіх калегаў, такіх як прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і прэм'ер-міністр Італіі Марыё Драгі, пагаварыць з Пуціным і данесці да яго такія ж выразныя пасланні.

Па-другое, Мэркель трэба патэлефанаваць Зяленскаму і папрасіць іншых лідараў зрабіць тое ж самае, каб выказаць падтрымку незалежнасці Украіны, яе суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці. Такія званкі могуць супакоіць нервы ў Кіеве і адначасова паслаць выразны сігнал Маскве.

Патрэбныя палёты над войскамі Расеі

Нямеччына дагэтуль не надала Украіне ніякай сур'ёзнай вайсковай дапамогі. І ніхто не чакае, што яна гэта зробіць. ЗША і некаторыя іншыя краіны NATO, аднак, могуць адправіць дадатковую вайсковую дапамогу, у тым ліку абарончае ўзбраенне.

Таму трэці пункт - Берлін павінен прадэманстраваць сваю падтрымку ці хаця б разуменне такога ўзбраення Украіны, асабліва ўлічваючы высокую канцэнтрацыю расейскіх войскаў ля ўкраінскіх межаў. Краіны NATO не пойдуць ваяваць з Расеяй за Украіну. Але яны могуць даць украінцам сродкі для самаабароны.

Па-чацвёртае, ЗША і Вялікая Брытанія павінны правесці выведвальныя палёты над Украінай і Чорным морам у найбліжэйшыя дні, каб атрымаць найлепшае разуменне сітуацыі і падаць сігнал, што яны за ўсім сочаць. Нямеччына павінна прапанаваць правесці назіральны палёт, паводле дамовы аб адкрытым небе. Яна можа зрабіць гэта разам з іншымі краінамі-ўдзельніцамі пагаднення. Палёт трэба правесці над Беларуссю, Расеяй і ўздоўж мяжы Украіны. Масква дакладна будзе супраць, але сам запыт на назіральны палёт ужо прадэманструе цікавасць Берліна да падзей.

Тэма «Паўночнага струменю - 2»

Пяты пункт, напэўна, самы важны. Берлін павінен расказаць Маскве пра санкцыі, якія будуць уведзеныя ў выпадку расейскай атакі супраць Украіны. «Паўночны струмень - 2» і так пад пагрозай альбо праз унутраны палітычны ціск у Нямеччыне, нацэлены спыніць будаўніцтва газаправода, альбо пад ціскам Кангрэсу. Апошні патрабуе, каб Белы дом караў кампаніі, якія маюць дачыненне да будаўніцтва «трубы» незалежна ад краіны паходжання.

Цягам апошніх 7 гадоў Нямеччына гуляла ключавую ролю ў ЕЗ у працэсе распрацоўкі санкцый супраць Расеі. Цяпер яна можа папрацаваць разам з іншымі краінамі-ўдзельніцамі Звязу, а таксама з Вашынгтонам, каб скласці спіс разумных санкцый, якія могуць ударыць па расейскай суверэннай пазыцы, буйных дзяржаўных кампаніях і людзях з блізкага атачэння Пуціна. Гэтыя захады будуць імгненна ўведзеныя, калі расейскае войска пойдзе ў наступ супраць Украіны.

На думку Пайфера, гэты спіс пакаранняў трэба перадаць расейскаму боку ў прыватным парадку. Гэта дапаможа не дапусціць новую агрэсію. Калі Масква толькі грыміць зброяй, тады ўсе гэтыя захады будуць непатрэбныя. Але нават так, яны ўсё адно не перашкодзяць.

Але калі Крэмль сапраўды сур'ёзна настроены ісці на вайну, гэтыя захады могуць паўплываць на яго разлікі. Дзейнічаць трэба неадкладна. Калі Расея пачне вайну супраць Украіны ў найбліжэйшыя тыдні, яна тым самым зацягне Еўропу ў найгоршы крызіс за многія дзясяцігоддзі. Нямеччына і яе заходнія партнёры тады пашкадуюць, што не зрабілі больш, каб не дапусціць гэтага.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках