25 красавiка 2024, Чацвер, 19:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Працаўнік «Гродна Азота»: Акупацыйны страйк прывядзе да перамогі

4
Працаўнік «Гродна Азота»: Акупацыйны страйк прывядзе да перамогі
фота: Радыё Свабода

У чым сіла працоўных?

Адной з самых магутных падзей беларускай рэвалюцыі стаў страйк на «Гродна Азоце». Працаўнік хімічнага прадпрыемства распавёў сайту Charter97.org пра тое, як усё пачыналася.

- Старт быў дадзены 12 жніўня, калі пасля трох дзён вар'яцтва на вуліцах Горадні працаўнікі, інжынеры і частка кіроўнага складу прыйшлі да будынка, дзе знаходзіцца офіс Беларускага незалежнага прафзвязу.

Людзі шукалі адказы, чаму так усё адбываецца, чаму завод маўчыць. Туды ж прыехаў і былы дырэктар прадпрыемства. Людзі паставілі яго ў нявыкрутку, сказаўшы што ідуць на шэсце, а калі хоць адзін з іх будзе затрыманы, заўтра ўся гэта колькасць людзей не выйдзе на працу.

Натуральна, тады ж і ўзнікла першае пытанне пра страйк, у нас і пачаліся першыя размовы, як гэта зрабіць і паднялося пытанне аб стварэнні страйкавага камітэта. У той дзень «Гродна Азот» аб'яднаў увесь горад. Да нашага шэсця далучыліся дзяўчаты, якія праводзілі акцыю салідарнасці, потым да нас далучыліся ўсе ўдзельнікі акцыі пратэсту, калона была велізарнай.

- На ваш погляд, якія чыннікі сталі прычынай таго, што не атрымалася перамагчы яшчэ ў жніўні?

- Людзі проста не ведаюць гісторыі, не былі падрыхтаваныя. Калі б кожны з іх паглядзеў фільм пра «Плошча 2006», «Звычайны прэзідэнт», яны б ведалі, супраць якой пачвары ідуць з кветкамі. Пратэстоўцам дазволілі пару дзён памахаць сцягамі, скупіць усе кветкі ў горадзе - і яны супакоіліся, перанёсшы ўсю актыўнасць у двары, а цяпер і зусім у лес. Безумоўна, тыя, хто далей партызаніць - героі, але сапраўдная моц заўсёды адчуваецца на галоўных плошчах і вуліцах гарадоў.

- Ці многія працаўнікі завода сышлі ў страйк?

- Хтосьці сышоў у страйк, хтосьці проста звольніўся. Сыходзяць людзі, якія маюць больш высокі інтэлект, я не хачу цяпер пакрыўдзіць тых, хто застаўся на заводзе, бо атрымліваецца, што і я не вельмі разумны. Завод страціў работнікаў з больш чым 20-гадовым стажам. Зараз з тых, хто застаўся, аб страйку працягвае задумвацца менавіта гэты пласт рабочых - вышэйшыя разрады апаратчыкаў, інжынерна-тэхнічныя работнікі. Ёсць зараз пэўная колькасць чалавек, гатовых сысці ва ўсеагульны страйк, а калі не - яны проста самі звольняцца.

- Як выглядае сітуацыя на прадпрыемстве сёння?

- Людзі, якія сышлі ў страйк, не ўдзельнічаюць у актыўным жыцці завода. «Мятла» (так працаўнікі прадпрыемства называюць новага дырэктара Ігара Ляшэнку - заўв. Charter97.org) кожны тыдзень наведвае цэхі са сваёй прапагандысцкай прамовай, а начальнікі цэхаў паспяхова паведамляюць, што дзякуючы страйку сышлі незадаволеныя і ствараюць уражанне, што на заводзе ўсё ціха і спакойна , але гэта далёка не так.

На рабочы клас зробленая вялікая стаўка і таму да іх патрабаванні такія, але гэта тычыцца ўсіх. IT-кампаніі маглі страйкаваць, іх ніхто ў той дзень дубінкамі не гнаў на працу, таксама і крамы, і іншыя прадпрыемствы.

Калі казаць канкрэтна пра «Гродна Азот», то вы павінны разумець, што гэта вузкаспецыялізаванае прадпрыемства, аналагаў у Беларусі проста няма. Так, ёсць падобная спецыфіка на «Нафтане» і заводзе ў Мазыры, але калі ўзяць і перавесці аператара з такога прадпрыемства, то немагчыма адразу ўвесці яго ў курс справы. Год - гэта мінімум, з умовай, што ў чалавека ёсць галава на плячах.

У гэтым сіла рабочых, падмяніць іх проста няма каму, але ў гэтага медаля ёсць і адваротны бок: менавіта дзякуючы таму, што гэта вузкаспецыялізаваная прафесія, знайсці іншую працу прафесіяналу, які аддаў заводу больш за 10-15 гадоў, вельмі цяжка. Таму людзі баяцца страціць тое малое, што ў іх ёсць. Але тут ужо справа ў псіхалогіі, моцны чалавек заўсёды зможа справіцца з сітуацыяй, таму зычу ўсім быць моцнымі!

- Якія формы страйку могуць ударыць па рэжыме?

- Патрэбны польскі варыянт, да якога трэба зацята рыхтавацца. Акупацыйны страйк паставіў у нявыкрутку ўзурпатараў, а затым прывёў да перамогі. Гэты варыянт сюжэту не павінен мець ні пэўнай даты, ні агалоскі, ні нават лідараў, а рабочыя ў цэхах павінны дамовіцца паміж сабой

Прычын для страйку ўвогуле можа быць шмат, да прыкладу - малыя заробкі, рэзкае пагаршэнне ўмоў працы, але гэта дакладна не павінен быць проста дзень абведзены маркерам у календары.

Страйк не трэба абвяшчаць - гэта з'ява, а не загадзя падрыхтаваны сцэнар. Узяць, да прыкладу, менскі малаказавод: ні абвяшчэнняў, ні руплівай падрыхтоўкі, а проста грамадзянская салідарнасць, якая здзівіла ўсе прадпрыемствы краіны.

26 кастрычніка - дзень, калі была абвешчаны нацыянальны страйк, уся краіна чакала хто-ж пачне першым. І так здарылася, што праз раннія змены ўсё пачалося першым менавіта на «Азоце».

Мне здаецца, можна разглядаць шмат формаў страйку, але калі б у гарачым жніўні на кожнай плошчы беларускіх гарадоў людзі паставілі б намёты і патрабавалі толькі аднаго - адстаўкі Лукашэнкі, шанцаў было б больш.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках