19 красавiка 2024, Пятніца, 20:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Нямеччыне крытык «Паўночнага струменю-2» павядзе «зялёных» на выбары

У Нямеччыне крытык «Паўночнага струменю-2» павядзе «зялёных» на выбары
АНАЛЕНА БЕРБАК
ФОТА: GRUENE-BUNDESTAG.DE

Аналена Бербак выступае за санкцыі ЕЗ супраць Расеі.

Інтрыгі больш няма. На выбары ў бундэстаг ў верасні партыю «Унія-90»/«зялёныя» павядзе сустаршыня Аналена Бербак (Annalena Baerbock), пра што было абвешчана ў панядзелак, 19 красавіка. Менавіта яна цяпер мае нядрэнныя шанцы стаць новай канцлеркай Нямеччыны. Са звестак апытанняў, партыя стабільна трымае другое месца і ўсяго на 3-5 адсоткыя пункты адстае ад лідаркі, кіроўнага кансерватыўнага блока ХДУ/ХСУ. Канкурэнтам Бербак на вылучэнне, а, значыць, у перспектыве і на пасаду канцлера, быў Робэрт Хабэк (Robert Habeck), разам з якім яна з 2018 года ўзначальвае партыю. «Зялёныя» вылучаюць свайго кандыдата ў канцлеры ўпершыню за сваю 40-гадовую гісторыю, піша «Нямецкая хваля».

Што трэба ведаць пра нямецкіх «зялёных» і іх лідараў

Бербак і Хабэк уважаюцца за прадстаўнікоў «рэалас» - так у Нямеччыне называюць крыло ў партыі «зялёных», прадстаўнікі якога выступаюць за сярэднюю, «рэальную» экалагічную палітыку ўнутры дзейнай сістэмы. У гэтым іх галоўнае адрозненне ад "фундзіс" - экалагічных фундаменталістаў і супраціўнікаў удзелу ва ўрадзе. Супрацьстаянне гэтых двух плыняў было асабліва прыкметным у 1980-я гады ў Заходняй Нямеччыне, дзе ўзнікла партыя «зялёных», і стала слабець пасля іх аб'яднання з ўсходненямецкім праваабарончым рухам «Унія-90». Цяпер «зялёныя» прадстаўленыя амаль ва ўсіх зямельных парламентах, а ў Бадэн-Вюртэмбэргу на поўдні Нямеччыны іх прадстаўнік шмат гадоў узначальвае ўрад.

Самым паспяховым з «реалас» на федэральным узроўні дагэтуль быў Ёшка Фішэр (Joschka Fischer), які ўзначальваў з 1998 да 2005 гады МЗС ФРГ ва ўрадзе сацыял-дэмакратаў і «зялёных» на чале з Герхардам Шродэрам (Gerhard Schröder). Пасля 16 гадоў апазіцыі зараз у «зялёных» ёсць шанец не толькі зноў увайсці ў склад новага федэральнага ўрада ў ролі малодшага партнёра, але і ўпершыню ўзначаліць яго. Аглядальнікі звязваюць гэта ў значнай ступені з асобамі сустаршыняў, Бербак і Хабэка. За час іх кіраўніцтва рэйтынг партыі вырас у два з паловай разы - з 8,9 працэнта на выбарах у бундэстаг ў 2017 годзе да 22-23 адсоткаў у красавіку 2021 года. «Зялёныя»" фактычна сталі галоўнай левацэнтрысцкай партыяй Нямеччыны, адсунуўшы на другое месца СДП.

Абодва лідара партыі харызматычныя і пазбягаюць радыкальных заяў, адштурхнуўшы частку выбарцаў на мінулых выбарах. Абодва лічыліся патэнцыяльнымі прэтэндэнтамі на пасаду канцлера, хоць у больш дасведчанага 51-гадовага Хабэка, які ўзначальвае міністэрства экалогіі ў зямлі Шлезвіг-Гальштэйн на поўначы ФРГ, рэйтынг доўгі час быў вышэй, чым у 40-гадовай Бербак, якая з'яўляецца дэпутаткай бундэстага, але ў органах улады не працавала. Да сярэдзіны красавіка Бербак змагла амаль дагнаць Хабека ва ўзроўні падтрымкі. Некаторыя аглядальнікі мяркуюць, што не апошнюю ролю адыграла тое, што Бербак - жанчына, а барацьба за правы жанчын і гендэрная роўнасць - адна з цэнтральных тэм «зялёных». Аргументам на яе карысць называлі і тое, што, паколькі большасць партый вылучылі ў канцлеры мужчын, «зялёным» не засталося іншага выбару.

Спартоўка і экспэртка ў міжнароднай палітыцы

Аналена Бербак нарадзілася ў 1980 годзе і вырасла ў вёсцы недалёка ад Гановера, сталіцы Ніжняй Саксоніі. Бацька - інжынер, маці - выхавальніца. У юнацтве яна прафесійна займалася спортам і тройчы заваёўвала бронзу на нацыянальных першынствах у скачках на батуце. У 16-гадовым узросце Бербак у рамках школьнага абмену год пражыла ў ЗША, а універсітэцкую адукацыю атрымала ў Гамбургу, дзе вывучала паліталогію і грамадскае права. Акрамя таго, яна атрымала дыплом магістра міжнароднага права ў Лонданскай школе эканомікі. У пачатку кар'еры Бербак некаторы час працавала пазаштатным супрацоўнікам гановэрскай газеты, а пазней ўзначальвала ў Брусэлі офіс дэпутата Еўрапарламента, якая, сярод іншага, займалася стасункамі з былымі савецкімі рэспублікамі: Украінай, Малдовай і Беларуссю.

Уступіўшы ў партыю ў 2005 годзе, Бербак займалася еўрапейскай палітыкай, затым узначаліла зямельнае аддзяленне «зялёных» у Брандэнбургу, дзе яна жыве разам з мужам і двума дочкамі. З 2013 года Бербак - дэпутатка бундэстага. Яна курыруе палітыку, звязаную са зменамі клімату, а таксама пытанні ўсходніх земля ў Нямеччыны. Акрамя гэтага палітык - чалец камітэтаў у эканоміцы і энэргетыцы і ў справах Еўразвязу.

«Каралева ток-шоў» і супраціўніца «Паўночнага струменю – 2»

Спачатку малавядомая Бербак хутка стала тварам «зялёных», часта з'яўляючыся і эмацыйна выступаючы на тэлевізіі. З-за частаты з'яўлення ў некаторыя СМІ называлі яе «каралевай ток-шоў».

Барацьба са зменай клімату для яе - адная з цэнтральных тэм. Вядома, што Бербак выступае за паскарэнне тэмпаў адмовы ад вугальнай энэргетыкі, што запланаваны ў ФРГ на 2038 год, і за ўвядзенне абмежавання хуткасці на ўсіх нямецкіх аўтабанах (130 км/г).

У замежнай палітыцы ў Бербак рэпутацыя жорсткага крытыка дзеянняў Расеі ва Украіне. Яна таксама выступае супраць заканчэння будаўніцтва газаправода «Паўночны струмень – 2». «Гэты газаправод процідзейнічае геастратэгічным інтарэсам еўрапейцаў, ён выразна накіраваны супраць Украіны, супярэчыць еўрапейскім мэтам абароны клімату і ўсім санкцыям ЕЗ супраць Расеі, і таму гэта абсалютна фатальны праект», - сказала Бербак у лютым 2021 года ў інтэрв'ю тэлеканалу ARD. За год да гэтага на палях Мюнхенскай канферэнцыі ў бяспецы Бербак у інтэрв'ю DW выказалася за захаванне санкцый супраць Расеі праз Украіну. «Санкцыі могуць быць паслаблены толькі тады, калі будуць зрухі ў мірным працэсе», - сказала тады Бербак.

Не самы папулярны палітык

Веданне і разуменне замежнай палітыкі могуць спатрэбіцца Бербак, нават калі яна стане не канцлеркай, а міністрам замежных спраў, як у свой час Ёшка Фішэр. Фішэр, які ў юнацтве ўдзельнічаў у вулічных сутыкненнях з паліцыяй, на пасадзе міністра доўга заставаўся самым папулярным нямецкім палітыкам. У топ-10 самых папулярных нямецкіх палітыкаў на сярэдзіну красавіка Бербак - у сярэдзіне спісу.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках