25 красавiка 2024, Чацвер, 0:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гары Паганяйла: Заходнія краіны могуць узмацніць санкцыйны ціск, у тым ліку і адключыць Беларусь ад SWIFT

13
Гары Паганяйла: Заходнія краіны могуць узмацніць санкцыйны ціск, у тым ліку і адключыць Беларусь ад SWIFT
ГАРЫ ПАГАНЯЙЛА

Сусветная супольнасць шукае розныя рычагі і спосабы ціску на рэжым.

Злучаныя Штаты Амерыкі анансавалі вяртанне санкцый супраць шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. Сайт Charter97.org пагутарыў са старшынёй юрыдычнай камісіі РП ГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» Гары Паганяйла пра сітуацыю з санкцыямі супраць рэжыму Лукашэнкі.

- Наколькі гэта адчувальны ўдар па рэжыму?

- Любыя эканамічныя санкцыі падрываюць і самі прадпрыемствы, і агулам дзяржаву, таму што яна жыве за кошт падаткаў. Гэта адаб'ецца на дабрабыце, тым больш, што будуць закранутыя вядучыя прадпрыемствы, перш за ўсё нафтахімічнай і хімічнай галіны.

- Шматлікія кампаніі адмаўляюцца працаваць з прадпрыемствамі, якія знаходзяцца пад эканамічнымі санкцыямі, добры прыклад - «Паўночная плынь-2». Ці будзе такая ж тэндэнцыя з беларускімі прадпрыемствамі?

- Так, Міністэрства фінансаў Злучаных Штатаў Амерыкі будзе адсочваць сітуацыю па саміх санкцыях, па іх прывядзенню ў жыццё і сачыць за тым, каб іншыя кампаніі не ўступалі ў гаспадарчыя кантакты з такога роду прадпрыемствамі. Гэта таксама робіцца ў імя таго, каб нанесці як мага большую шкоду падсанкцыіным прадпрыемствам, зрабіць абмежаванні больш эфектыўнымі.

Выканаўчы орган ЗША зацікаўлены, каб усе, хто супрацоўнічае з такімі прадпрыемствамі ў якасці контрагентаў, сыходзілі ад дамоў, не ішлі ні інвестарамі, ні ў якасці пастаўшчыкоў або пакупнікоў прадукцыі. Такім чынам, санкцыі становяцца вельмі сур'ёзнай зброяй у руках урадаў, якія ўжываюць эканамічныя інструменты ў сваёй палітыцы, як форму ціску за антыдэмакратычныя дзеянні ці іншыя факты парушэння правоў чалавека.

Наогул, у статутах усіх бізнэсаў на захадзе прапісаныя правілы, каб іх контрагенты паважалі правы і свабоды чалавека. Бізнэс і правы чалавека там ідуць не паралельна, а, што называецца, нага ў нагу. Там ужо даўно ёсць формула: тыя, хто не выконвае правы чалавека - не могуць эфектыўна кіраваць ні прадпрыемствамі, ні эканомікай.

Паглядзіце на тую ж Швецыю, дзе даўно развітая ўсведамленне адзінства правоў чалавека і бізнэсу. Квітнеючая краіна з найбольш спрыяльнай для людзей формай жыцця, перш за ўсё сацыяльнай, эканамічнай і палітычнай. Таму гэтыя правілы заведзены даўным-даўно, яны вядомыя нашаму ўраду і з гэтым трэба лічыцца.

Гэтыя прынцыпы нацэлены на неабходнасць захавання правоў чалавека, у першую чаргу - работнікаў. У выпадку парушэння заходнія фірмы могуць абмежаваць пастаўку абсталявання, кампанентаў тэхналагічнай вытворчасці, закупку прадуктаў, фінансаванне прадпрыемстваў, якія парушаюць правы чалавека. Гэтыя аспекты вельмі важныя.

Так, прадуманы адпаведныя эканамічныя санкцыі. У свой час ЗША прыпынілі абмежавальныя меры супраць тых прадпрыемстваў, якія сёння трапілі ў спіс. Пачнуць яны дзейнічаць у канцы красавіка. Але мы павінны разумець, што па «Акту аб дэмакратыі» могуць быць задзейнічаны і іншыя прадпрыемствы, а, магчыма, і санкцыі сектаральнага характару. Такім чынам, беларускаму ўраду варта 10 тысяч разоў падумаць, перш чым працягваць такую палітыку.

Адбываюцца грубыя парушэнні правоў чалавека, у тым ліку гвалт супраць грамадзян за іх удзел у пратэстах, за іншадумства ў любых яго формах і праявах. Вядома, цывілізаваная сусветная супольнасць, урады заходняй дэмакратыі будуць рэагаваць на такія дзеянні з боку беларускіх уладаў. У тым ліку і шляхам прымянення эканамічных санкцый, якія балюча б'юць па руках, хто б ні аспрэчваў гэты факт. Як бачыце, да краіны ўжо ўжываюцца і дыпламатычныя санкцыі, і эканамічныя, і асабістага характару, калі нашы асобныя чыноўнікі становяцца не ўязнымі ў некаторыя краіны. Сусветная супольнасць шукае розныя рычагі і спосабы для таго, каб прымусіць урад дзейнічаць у адпаведнасці з дэмакратычнымі правіламі паводзін, перш за ўсё прынцыпамі вяршэнства права, забеспячэння правоў чалавека, права на справядлівы суд.

- Чаму сёння важна, каб міжнародная супольнасць уводзіла эканамічныя абмежаванні, якія закраналі б даходы рэжыму Лукашэнкі?

- Зразумела, што ў нас эканоміка пабудаваная на старых савецкіх традыцыях, буйныя прадпрыемствы ва ўласнасці дзяржавы, кіруюцца ўрадавымі прызначэнцамі і, як паказвае практыка, многія з іх зладзеяватыя. Уся эканамічная палітыка сканцэнтравана у руках Лукашэнкі, які жыве ў мінулым. З іншага боку, мы бачым і гэта ўжо даказана, што апошнія гады народ бяднее, а Лукашэнка выбудоўвае дарагія палацы, выкарыстоўвае дарагія матэрыялы, то бок раскашуе, не лічачыся ні з чым. Такое не дазволена для такога роду эканомікі, як у Беларусі, якая не самая багатая. У беднай краіне мець залатыя ёршыкі як у Пуціна - гэта проста нонсэнс.

Я не эканаміст, але магу сказаць дакладна, што калі паліцыянты атрымліваюць больш за настаўнікаў, то гэта гаворыць пра тое, што такая дзяржава паліцэйская. Дык вось, у нас даўно пабудаваная паліцэйская дзяржава. Па рэшткавым прынцыпе закладваюцца выдаткі на медыцыну, культуру, адукацыю, на іншыя сацыяльна важныя для людзей рэчы.

Чыноўнікі, асабліва сярэдняга і высокага рангу, атрымліваюць вялізныя жалаванні ад дзяржавы не за стараннасць і значныя поспехі сваёй працы, а за праяву лаяльнасці да свайго гаспадара, выкананне яго указанняў, за паслухмянасць. Мала таго, яны выкарыстоўваюць свае месцы і пасады для таго, каб раскрадаць краіну. Потым выбудоўваюць сабе катэджы за мільён ці паўтара мільёна даляраў, на якія не маглі б сабраць і за 20 гадоў сваёй службы, набываюць дарагія аўтамабілі, адпраўляюць сваіх дзяцей на навучанне за мяжу, набываюць там маёмасць, адным словам - жывуць на шырокую нагу.

Такога роду прыклады кажуць, што ў гэтай дзяржаве размеркаванне тых дабротаў, якія заробленыя працоўнымі рукамі, адбываецца зусім няправільна і недэмакратычна. Усё гэта ў большасці сыходзіць на карысць чынавенства і паліцэйскага апарата.

- Якія яшчэ эканамічныя санкцыі трэба ўводзіць, каб паралізаваць рэжым Лукашэнкі? Якім быў бы эфект ад адключэння яго ад міжнароднай аплатнай сістэмы SWIFT і іншых жорсткіх захадаў?

- Калі беларускія ўлады не зразумеюць, чаго ад іх дамагаюцца заходнія краіны, а наадварот, будуць далей закручваць гайкі, то, вядома, заходнія краіны могуць узмацніць санкцыйны ціск. Гэта датычыцца і такіх сектаральных мер, як адключэнне ад SWIFT.

Мы жывём у свеце, дзе падзел працы ідзе паўсюдна, і гандаль не можа жыць без таго, каб не аплачваць закупленае ці не атрымліваць за прададзенае. Гэта ўсё робіцца як праз нацыянальныя банкі краіны, так і праз міжнародныя. У асноўным аплата ідзе за кошт замежнай валюты, гэта значыць у далярах і еўра. Адключэнне ад SWIFT, дзе выкарыстоўваюць даляравыя раты, а не нашы рублёвыя, можа пацягнуць вельмі сур'ёзныя наступствы для нашай банкаўскай сістэмы. Гэта акажа негатыўны ўплыў на эканоміку ўсіх галін.

Вядома, гэта вельмі сур'ёзны ўдар. Я не выключаю, што можна выжыць і ў такіх умовах. Апусціць, так бы мовіць, «жалезную заслону» і жыць сваёй сялянскай гаспадаркай, карміцца, нешта рабіць, але гэта дарога ў каменны век.

Багатая рэсурсамі Расея і так марнее, затрымаўшыся ў сваім эканамічным развіцці толькі таму, што да яе ўжытыя сур'ёзныя эканамічныя санкцыі. Нармальна развівацца яна не можа. Сведчанне таму - тая ж «Паўночная плынь-2». Таму я сумняваюся, што беларускі рэжым зможа выжыць у такіх умовах.

Возьмем для прыкладу сітуацыю з Беларускай АЭС. Нават такія дробныя крокі, як, напрыклад, адключэнне або адмова ад куплі электрычнасці ў нашай АЭС, вядуць да сур'ёзных наступстваў. Калі ўнутры краіны не будзе закупляцца электраэнэргія, то рэзка ўзрастаюць эканамічныя патрэбы для паказальнай працы станцыі. У такім выпадку будуць з'яўляцца лішкі атамнай энэргіі і падзець іх няма куды, а гэта блізу 20%, калі не болей. Гэта выльецца ў падаражэнне электраэнэргіі, не кажучы пра іншыя выдаткі - і ахова, і закупка ядзернага паліва, і пахаванне ядзерных адкідаў, якое само па сабе вельмі дарагое. Тым самым прывядзе да дарагоўлі і ляжа на плечы грамадзян. Улады будуць адбіраць лішак з нашай з вамі кішэні.

Зразумела, што азначанае вышэй не на карысць эканомікі, а толькі пагаршае сітуацыю і робіць яе нерэнтабельнай, малаэфектыўнай. Мы бачым, як прадпрыемствы, якія сядзяць у даўгах як у шаўках, не могуць ужо выплачваць заробак, таму што ў іх вычарпаліся абаротныя сродкі. Такім чынам, улады стварылі глыбокую пазыковую эканамічную яму, у якую дзяржава абрынецца і дапамагаць не будзе каму. І Расея не ўратуе, яна сама туды таксама падае.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках